Арэхаўка

Общество

(Працяг. Пачатак у № 171-176, 179-180)

ЛЕГЕНДАМІ АВЕЯНАЯ

 У Арэхаўцы ўсяго адна вуліца. Калісьці яна ўяўляла сабою прыгожую алею. На два бакі яе раскашаліся  цнатлівыя бярозкі з невялікімі шэрымі лапінкамі-кішэнькамі па баках і велічныя таполі. На дрэвах гняздзіліся і штовесну абавязкова вярталіся з выраю буслы. Яны сталі тут сваімі, як людзі. Потым дрэвы па старасці спілавалі. Каб не пазбавіцца птушак, якія, паводле народнага сцверджання, прыносяць у дом шчасце, Стась Чопік зладзіў ім гняздо. Прымацаваў да хлява жэрдку, на яе ўсцягнуў барану, паклаў некалькі галінак. Далей ладкавалі гняздо ўжо самі птушкі. З таго часу тут за лета яны па некалькі буслянят гадуюць. А, адлятаючы, разам доўга кружаць над Арэхаўкай, амаль кранаючы крыламі дахі хатаў, голасна курлыкаюць, нібы штосьці прыемнае хочуць сказаць на развітанне. У думках вяскоўцы жадаюць ім шчаслівага шляху і абавязковай навесну сустрэчы.

Праўда тое ці не, але мясцовыя жыхары, спасылаючыся на продкаў, сцвярджаюць, што садзілі гэтыя дрэвы ў той час, калі па загаду імператрыцы Кацярыны пракладвалі ў накірунку Бабруйска дарогу. Таму, маўляў, гэтае месца і называюць “Кацярынінскі бальшак”. У лесе ён і цяпер узаметку, што дае вяскоўцам падставу трымацца свайго. Як, дарэчы, і вось гэтага. Па іх словах, непадалёку Арэхаўкі, на пагорку паміж ракой Балачанкай і могілкамі, некалі былі пахаваны  напалеонаўскія грэнадзёры. У 1812 годзе яны нібыта паляглі тут у баі з рускімі вайскоўцамі.

Як расказвалі Мікалаю Блізнюку старэйшыя людзі, французы магілы глыбока не капалі: клалі забітых амаль што на зямлю і насыпалі зверху. Пазней, калі рабілі ў гэтым месцы дарогу, з-пад бульдозера нечакана пачалі выгортвацца даўнія парэшткі. Іх бачылі ўжо і цяперашнія жыхары Арэхаўкі. Работу на пэўны час спынілі. Але дарога так і пралягла ў пазначаным кірунку. Кажуць, менавіта ад таго ў гэтым месцы час ад часу здараюцца аварыі.

За “Кацярынінскім бальшаком” у лесе на ўзмежку з Пухавіцкім раёнам нагадвае пра колішніх нязваных чужынцаў і месца былой багны, праз якую, нібыта, яны вымушаны былі прабірацца. За ёю далі назву  ўзнікшай вёсачцы — Зафранцузская грэбля.

РАСКАЖЫ, БАЛАЧАНКА

Распавядаючы пра Арэхаўку, нельга не сказаць пра тутэйшую рачулку Балачанку. Некалі ямістая, крынічная, яна вужакай звівалася між кустоў, рупліва нясла на працягу 36 кіламетраў па Чэрвеньскаму і Пухавіцкаму раёнах сваю і суседняй ракі-прытоку Чарняўкі ваду ў хуткаплынную Свіслач. З Балачанкі жыхары Арэхаўкі карміліся рыбай. Кішэлі ў ёй плоткі, язі, шчупакі, уюны, нават сомы вадзіліся. Але цяпер рачулка не вельмі прыкметная. У Арэхаўцы кажуць, што склалася так пасля незразумелага захаплення выпрамленнем рэк, калі Балачанку зрабілі так званым водапрыёмнікам меліярацыйных сістэм. Нешматлікія маладыя жыхары Арэхаўкі і наезджыя гараджане пад ахвоту наведваюцца сюды з вудамі, ды не надта спасцігае іх рыбацкае шчасце.

Пачынаецца Балачанка пад Кобзевічамі. Не так далёка ад Арэхаўкі, за лесам, у промнях лета хадзіў жытнёвымі прасёлкамі над гэтай ракой, неаднойчы  гасцяваў з сябрамі-пісьменнікамі ў вёсцы з аднайменнай назвай Балачанка пясняр зямлі беларускай Якуб Колас. Затым з’яўляліся іх вершы, літаратурныя назіранні.

На беразе прахалоднай Балачанкі Колас працаваў над п’есай “У пушчах Палесся”. Сюды да яго ў ліпені 1938 года прыязджаў Янка Купала, часта наведваўся з вудамі паэт Кастусь Кірыенка, перадаўшы ўлюбёнасць у Балачанку сваім цёплым апісаннем яе ў паэме “Вандроўнае шчасце”. А паэт Мечыслаў Шахновіч верш так і назваў — “Балачанка”. Вось некалькі радкоў з яго:

“Раскажы, раскажы, Балачанка,

Як бывала, жнівеньскім ранкам

Тут з кашолкаю Колас хадзіў,

Як сасонкі яго сустракалі,

Як з празрыстых крыштальных хваляў

Ён бальзам-прахалоду піў…”

Цяпер гэта таксама гучыць як легенда.

(Працяг будзе)

Аляксандр БУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *