Новы пуць

Общество

(Працяг)

БАБУЛЯ ЯДВІГА

Візіт у яшчэ адну жылую хату пачаўся… з абуджэння гаспадыні. Нягледзячы на высокую гучнасць тэлевізара, Ядвіга Францаўна Мурашка… прыснула. Зрэшты, як высветлілася, прычыну на тое мела сур’ёзную: напярэдадні доўга кацілася каза. Ды і пасля ўзніклі праблемы. Перахвалявалася…

Зрэшты, хваляванне, відаць, у Ядвігі Францаўны Мурашкі ў крыві. Пра што б ні бралася апавядаць, яно прысутнічае.

— Я ўперад цэлую б кніжку напісала, як немцы тут стаялі, — кажа. — Хаця мне тады было ўсяго сем гадоў. Магла б… А цяпер ужо многае забылася… Былі ў Валадуце немцы. Тут во, дзе мая хата, іншая стаяла, Шуканы жылі. Дык, памятаю, немцы палілі ў печы штыкет, бо дроў не было. А вось жа хата не згарэла… Мы, дзеці, па вуліцы бегалі — і не баяліся спачатку. Яны нешта — гер-гер! — самі сабе. Адзін дык па-руску сказаў: «У мяне такая ж дачка…»

А тут во была пуня. І ў адзін дзень сагналі ўсіх — з Усходу, з Пуці, з Саламянкі — і хацелі запаліць. Чакалі, як хто стрэліць з лесу. Як тое Дубаўручча спалілі… Але партызаны не стралялі. Лес тады быў вялікі. Гэта зараз павыразалі, дык стаў такі, як хмызняк. А то былі хвоі тоўстыя… Ля пуні бензін стаяў, кулямёт… Памятаю, як цяпер!

— І што было далей?

— Прыехала нейкая машына, два матацыклы чорныя. У фрыцаў рукавы пазакасаныя… Гэта на згон вясны было, улетку. Пагергалі-пагергалі… І ўсіх нас адправілі ў Забашавічы. Немец прыйшоў: «Альт, альт!» А ў мамы на назе рожа. Яна кажа: «Ой, паночку мой! Мне ж ножачка баліць. Я з дзеўкамі застануся…» А дзеўкі — гэта я і Галя, барысаўская мая, памерла ўжо. Яшчэ ў сям’і два хлопцы былі, памерлі. А ён кажа: «Матка, пух-пух!» Давялося ісці…

— Дык нікога тады не забілі, хаты не спалілі?!

— Не. У Забашавічы загналі.

Мужчын выбралі — на Германію, і дзевак старэйшых. Маёй сястры было пятнаццаць гадоў. Матка ў анучы яе закруціла, сама прысела зверху… Адратавала. А так многіх валадуцкіх забралі. А нас, астатніх, адпусцілі. Во як пашанцавала… А мой жа чалавек з Дубаўручча ўцёк, басанож…

— Калі палілі?!

— Так. Расказваў, што калі падпалілі, ён, хлопчык, каля акна стаяў, плакаў. А дзед такі быў… Мо, стараста ці хто? Акно разбіў, яго за каўнер — і выкінуў. Ён у бярвенні ўкаціўся… А тады прыбег да бабы ў Раванічы. Так і застаўся жывы. Во як нагараваліся. Цяпер добра жыць, але здароўя няма…

Прыгадваючы сваё даўнейшае маленства і дзяцінства, Ядвіга Францаўна распавяла, што скончыла толькі валадуцкую «акадэмію» — чатыры класы. Рабіла на паляводстве. Мо, большая пенсія атрымалася б, калі б пайшла на свінарнік. Але штосьці свіней баялася. Затое муж рабіў слесарам менавіта на свінаферме. Выгадавалі траіх дзяцей. Зараз у бабулі Ядвігі — сем унукаў і сем праўнукаў.

— Во якая я багатая! — з гонарам заўважае.

У хаце звяртае на сябе ўвагу швейная машынка.

— У мяне і ручная, і нажная ёсць, — тлумачыць гаспадыня. — Гэтую хлопец прывёз з Мінска, бо яны сабе новую купілі. А нашто яна мне?! Я не разумею, як нагой націскаць. Шыю, што трэба, на ручной. Вышываць і вязаць таксама ўмею. Гэта зараз ужо нічога не раблю. А некалісь… Святла не было, на комінку — лучына… Прыйду з працы і пры ёй вышываю. А цяпер нічога і не трэба. Свацця прыйдзе з Дамавіцка: «Ой, я б тут не жыла. Я ж баюся на канцы вёскі…» Ды каму я тут трэба?!

— А жывёлы дзікія не прыходзяць?!

— Бачыла аднаго разу — лось стаяў непадалёк. Але, мусіць, упалявалі яго тады… І дзікі ё. Летась так бульбу вырылі ў мяне…

— Ядвіга Францаўна, а да вас сацыяльны работнік прыходзіць?

— Наташа? Ходзіць. Гэта мая пляменніца — дачка стрыечнай сястры з Раванічаў. Дроў, вады прынясе, пагаворыць са мною… Мне трэба было выпісаць газ, дык я ёй званіла. Тэлефон вунь ляжыць мабільны…

— А вы праваслаўная ці каталічка?

— Дык не ведаю. Матка была шляхцянка, а бацька — мужык… Мусіць, я — напалову…

 

Далейшую размову прыпыняем, бо бабуля Ядвіга відавочна турбуецца аб казлянятах. Даўно ж збіралася іх праведаць, ужо і світку надзела. Але прысела на хвілінку, дык сон і ўзяў сваё…

* * *

Вось, прынамсі, і ўся вандроўка па двух колішніх асобных паселішчах, а цяпер — адным цэлым Новым Пуці. На жаль, не ўдалося застаць дома яшчэ адну сёлетнюю юбілярку — Ганну Мікалаеўну Мінчэня, якая жыве ў той самай спрэчнай хаце, што ці то да Валадуты, ці то да Новага Пуці адносіцца… Дзіўнага выгляду доўгая хата, ля якой — паўразбураны склеп з чырвонай цэглы, што нагадала мне аб панскім бровары. Адсюль добра бачны гэты даўні будынак, які сапраўды заварожвае сваім старажытным выглядам. Але гэта — ужо зусім іншая гісторыя…

Святлана АДАМОВІЧ   (тэкст і фота)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *