АДДЗЯЧЫЛІ КАНЦЭРТАМ

Общество

Цудоўнае свята для працаўнікоў сельскай гаспадаркі і ўсіх вяскоўцаў зладзілі работнікі нашага сельскага Дома культуры. Напачатку мы захапляліся выставай дзіцячага малюнка і адметнымі вырабамі гурткоўцаў клуба, выступленнямі школьнікаў. А затым распачалася ўрачыстасць.

Дырэктар сельскага Дома культуры Вольга Серахан уручыла старшыні СВК «Валевачы» Пятру Малахаву прыгожы каравай. Павіншавалі працаўнікоў сельскай гаспадаркі старшыня прафсаюзнага камітэта сельгаскааператыву Наталля Шыфрына, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віктар Ляснеўскі, вядучыя канцэртнай праграмы Таццяна Богдан і Віктар Маліноўскі.

Узнагароды героям гэтага сельскагаспадарчага года ўручалі старшыня СВК і старшыня прафсаюзнага камітэта. Кожнаму з пераможцаў працоўнага спаборніцтва ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці сельскага Дома культуры дарылі песню. Нам вельмі спадабалася выступленне дуэту ў складзе Таццяны Богдан і Алесі Гаўрыльчык. А Галіна Марціновіч спявала так, што, здавалася, сама Надзея Кадышава да нас завітала! Прыхільна ўспрынялі гледачы і выступленне саліста Васіля Рыжыка…

Больш за дзве гадзіны доўжыліся ўрачыстасць і канцэртная праграма. Ад імя ўсіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі за добрую арганізацыю свята падзякавала дырэктару сельскага Дома культуры Вользе Серахан, мастацкаму кіраўніку Раісе Чупраковай, удзельнікам мастацкай самадзейнасці намеснік старшыні СВК «Валевачы» па ідэалагічнай рабоце Галіна Новік.

Алена ГАЛУБЕЦ, Зінаіда ЗАХАРАВА, Зоя ЛЯГУШ,

в.Валевачы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *