«Усе родам з дзяцінства, а я — родам з вайны»

Общество

Такую назву мае патрыятычны праект навуковага супрацоўніка Чэрвеньскага краязнаўчага  музея Станіславы Чаславаўны Баркоўскай, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі  ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Арыентаваны ён на дзяцей малодшага ўзросту. Як зазначыла Станіслава Чаславаўна, хутка мінае час, усё меней ветэранаў  у жывых і апошнямі  сведкамі   жудаснай  вайны застаюцца тагачасныя дзеці. Зразумела, многія з іх мала што могуць узгадаць, але нават тое, што засталося ў памяці, выклікае пякельны боль. “Вайна ўвайшла ў іх жыццё пакутлівым кашмарам, а ў душы — незагойнай ранай, якая не перастае смылець. Вайна, убачаная дзіцячымі вачыма, — страшней  страшнога. Няхай пра гэта ведае наша  юнае пакаленне, каб,  стаўшы дарослымі, берагло мір, здабыты такою дарагой цаною — мільёнамі жыццяў”, — заўважыла Станіслава Чаславаўна Баркоўская.

Замест дзяцінства

— вайна

Напоўнены фактамі і ўспамінамі сведкаў, свой узрушаны расповед пра дзяцей вайны Станіслава Чаславаўна падмацоўвае паказам слайдаў. Напачатку яна выкарыстоўвае самыя яркія старонкі кнігі Святланы Алексіевіч ”Сведкі вайны”.  Напрыклад, успаміны Васі Харэўскага, якому ў ваеннае ліхалецце было  4 гады, а зараз ён архітэктар:

“Я чалавек без дзяцінства, замест дзяцінства ў мяне была вайна.

Калі пачалася вайна мне было чатыры гады. Мне ніхто не верыць, што я помню вайну, нават мама не верыла. Калі пасля вайны пачалі ўспамінаць, мама казала: «Ты не мог гэтага помніць, ты быў маленькі».

А я помню, я сам помню…

Помню, як рвуцца бомбы, а я ўчапіўшыся за старэйшага брата, крычу: «Жыць хачу! Жыць хачу!».

Помню, як мама нам з братам аддала дзве апошнія бульбіны, а сама толькі глядзела на нас. Я хацеў ёй пакінуць маленькі кусочак… І не змог. Брат таксама не змог. Нам было сорамна, вельмі сорамна, але…”

 

Помніцца, як карнікі падпалілі вёску

Станіслава Чаславаўна зрабіла пачэсную справу, сабраўшы сведчанні дзяцей вайны Чэрвеньшчыны. Сярод іх ёсць і ўспамін колішняй настаўніцы трэцяй школы Ніны Пятроўны Шмідавай з Чэрвеня. На пачатак вайны ёй было ўсяго пяць гадоў. Сям’я жыла пад Радашковічамі.

Вось што ўзгадвае Ніна Пятроўна: “Помню пачатак вайны. Маці загадала нам з братам прывесці карову з пашы. Было гэта ў гадзін 10 раніцы. Брат вёў карову за вяроўку, а я ішла збоку. Нечакана над галовамі загулі самалёты. Мы з цікавасцю пачалі разглядаць іх. І тут брат нечакана закрычаў на мяне: «Лажыся». Я нічога не разумела, але крык брата прымусіў мяне выканаць каманду.

…Помню як карнікі падпалілі вёску з двух канцоў. Наша хата была пасярэдзіне. Мы, схапіўшы такія-сякія пажыткі, кінуліся да лесу. Па нас стралялі фашысты. Прыпыніліся перавесці дух. Брат папрасіў у мамы папіць вады. Мама наліла яму ў алюміневы кубак. І тут здарылася нешта неверагоднае. Раптам на дне кубка нешта звякнула. Паглядзелі…, а там куля. Цудам брат застаўся жывы.

…Помню канец вайны. Жылі ў акопах. Іх маскіравалі зялёнымі галінкамі. Маці кожную раніцу прымушала нас ламаць свежыя галінкі. Аднойчы мы пачулі з акопа мужчынскі голас «Победа».

 

Сагналі на калгасны двор і кінулі

ў калодзеж

Станіслава Чаславаўна расказвае юным слухачам пра спаленыя вёскі і такі вядомы жахлівы факт, які меў месца на Чэрвеньшчыне падчас правядзення гітлераўцамі карнай аперацыі “Франц” у студзені 1943 года. Тады ў вёсцы Ляды знайшоўся здраднік, які выдаў фашыстам партызанскія сем’і.  Іх сагналі на калгасны двор, раздзелі і кінулі у ледзяную ваду калодзежа, а зверху палівалі аўтаматнай чаргой. Загінула  37 чалавек, сярод іх былі і дзеці. У той студні апынуліся і родныя жыхара Лядоў Мікалая Іванавіча Нехая. Мікалай Іванавіч — таленавіты народны майстар. На месцы трагедыі ён пабудаваў царкву, прыгожа аформіў у ёй  іканастас. А яшчэ побач узнавіў калодзеж і аздобіў яго разьбяным помнікам. Каб кожны жадаючы мог памаліцца і ўскласці кветкі.

Расповед Станіславы Чаславаўны Баркоўскай, нягледзячы на шматлікасць фактаў і ўспамінаў, не напружвае дзяцей і добра запамінаецца. Дапамагае гэтаму падзел усёй інфармацыі на канкрэтныя тэмы: дзеці бацькоў-падпольшчыкаў, дзеці-вязні канцлагераў, дзеці ваенаслужачых…

 

У чатыры гады прыносіў  лекі

з аптэкі

Напрыклад, у раздзеле пра дзяцей падпольшчыкаў расказвае пра чатырохгадовага Валеру Жыгімонта. Яго тата быў ваенным камандзірам. Перад вайной з мамай Валера гасцяваў у родных у вёсцы Рудня, але калі пачалася фашысцкая акупацыя,  тут заставацца было небяспечна. І параіўшыся з роднымі, мама Валеры — Аляксандра Крылова — пераехала ў Чэрвень разам з сястрой мужа — дзяўчынкай-падлеткам. Маці ўладкавалася на працу ў аптэку, а дзяўчынка даглядала Валеру. Аляксандра Крылова падтрымлівала сувязь з партызанамі, дапамагала ім лекамі, перавязачным матэрыялам. Самае непасрэднае дачыненне да гэтага мелі і дзеці. Яны  хадзілі па абеды ў гарадскую сталовую, а потым неслі кацялкі з ежай у аптэку.  Маці накладвала ў апарожненыя кацялкі таблеткі, мікстуру, бінты — і Валера разам з малалетняй цёткай неслі ўсё дамоў, хавалі ў зроблены тайнік.

Пазней фашысты схапілі Аляксандру Крылову і забілі  ў чэрвені 1944 года, а 2 ліпеня горад быў вызвалены. Загінуў і бацька Валеры. Сірату гадавалі бацькавы родныя. Зараз Валера жыве ў Мінску, наведваецца ў Рудню. Ён мала што памятае, а вось упамінаў цёці — багата. Сшытак, у якім яна занатавала свае ўспаміны, захоўваецца ў Чэрвеньскім краязнаўчым музеі.

 

Зведаў жахі Азарыцкага канцлагера

Вязнем канцлагера быў  беларускі пісьменнік Эдуард Ярашэвіч. У дзяцінстве Эдуард жыў з сям’ёй у Смілавічах. Бацька пайшоў на фронт, а маці, бабулю і яго  з братам у сакавіку 1944 года фашысты прывезлі ў Азарыцкі  канцлагер. Там, сярод балота, абнесенага калючым дротам, пад адкрытым небам дзень і  ноч знаходзіліся жанчыны, дзеці. Акупанты прыгналі туды групу тыфозных людзей, ад якіх зараза пераходзіла на здаровых. Карнікі мелі намер выпусціць хворых насустрач Чырвонай Арміі і такім чынам знішчыць наступаючыя войскі. У лагеры  галодныя, халодныя і хворыя  людзі паміралі на вачах. Фашысты не дазвалялі разводзіць  вогнішча. Але маці Эдзіка рызыкнула зрабіць гэта. Ёй трэба было падтрымаць дзяцей, сагрэць хворую маці. З сабой прадбачлівая жанчына захапіла запалкі, кацялок і крыху мукі. Пад елачкамі, каб  вартаўнікі з вышак не заўважылі, развяла агонь. А каб дымок рассейваўся, загадала дзецям разганяць яго яловымі галінкамі. Удалося прыгатаваць варыва і падсілкавацца. А ў хуткасці прыйшло выратаванне — вязняў вызваліла Чырвоная Армія.

Але выпрабаванні для Эдуарда Ярашэвіча пасля канцлагера не скончыліся.  Сталася так, што пасля заканчэння Смілавіцкай школы, пасля  выпускнога балю, ён пакупаўся ў рацэ, прысеў на бераг і яго разбіў параліч — не змог хадзіць.  Эдуард быў моцны духам чалавек і не здаваўся. Веды здабываў пастаяннай, настойлівай самаадукацыяй. Завочна закончыў Маскоўскі літаратурны інстытут і стаў пісьменнікам. Пра жахі  Азарыцкага канцлагера ён распавёў у кнізе  «Пражыць дзень”. На жаль,  гэты вельмі адкрыты да людзей чалавек рана пайшоў з жыцця.

 

Незвычайныя эпізоды з ваеннага ліхалецця

Цікавы факт узгадвае Баркоўская пра смілаўчаніна Эдзіка Гаравога, жыццё якому ў час вайны выратаваў 73-гадовы дзед. Голад вымусіў васьмігадовага Эдзіка скарыстаць сітуацыю і выкрасці белы хлеб ад коней, якім кармілі іх фашысты.  Яго злавілі, пакаралі, але адпусцілі.  А ў адместку смелы хлопчык перарэзаў збрую коней — і абоз не змог рухацца. Паліцаі здагадаліся, хто зрабіў шкоду, але не адшукалі хлопца. Дзед паспеў крыкнуць, каб  унук схаваўся ў тайніку, аднак сам уцячы не паспеў. Яго забралі ў Магілеў, дапытвалі, здзекваліся, але выпусцілі. Дзед пехатою вярнуўся ў Смілавічы і праз колькі дзён памёр.

У раздзеле “Дзеці ваенаслужачых” выкарыстаны такі незвычайны  факт. Стасік Стрэшнеў быў сынам ваенаслужачага. Бацька яго служыў у Брэсце. Калі пачалася вайна, маму Стасіка забіла пры бамбёжцы. Трохгадовы хлопчык застаўся адзін. Бацька пасадзіў яго на танк  і з Брэста прывёз на Чэрвеньшчыну — у Градно да родных.

Ёсць у музеі ўспаміны Марыі Антонаўны Бяжан, якая жыла ў Майзарова. Яны аўтарам занатаваны ў літаратурным жанры “апавяданне”, маюць назвы, многія з іх друкаваліся ў Чэрвеньскай раённай газеце. Чытаць іх лёгка і цікава, бо напісаны сакавітай беларускай мовай, нават з гумарам.

 

Прапанова

для вучняў

Напрыканцы сустрэчы з юнымі наведвальнікамі музея Станіслава Чаславаўна Баркоўская  заўсёды цікавіцца ў  іх, якія  пачуцці выклікае расповед пра дзяцей вайны… Тым разам, калі рабіўся гэты фотаздымак, у музей завіталі вучні чацвёртага класа другой школы Чэрвеня. Іх класны кіраўнік Ірына Віктараўна Невяроўская прапанавала дзецям распытаць  людзей старэйшага ўзросту, сваіх бабуль і дзядуляў, суседзяў пра тое, што яны памятаюць з ваеннага ліхалецця і запісаць у сшытак. Ідэю вучні падтрымалі. Светачка Дзяркач расказала, што яе бабулі ў 1941 годзе было шэсць гадоў. Бабуля памерла, але мама  распавядала пра некаторыя эпізоды з вайны, якія былі ў жыцці родных.

Маша Барнавіцкая  расказала, што ў яе ёсць дзядуля, які нарадзіўся ў 1942 годзе, але пра вайну ён нічога не гаварыў. Цяпер Маша абавязкова пагутарыць з ім на гэтую тэму.

І ў Аліны Скуратовіч, іншых вучняў таксама ўзнікла жаданне распытаць, даведацца пра тое, як жылі раней дзеці і што захавалася ў памяці пра вайну.

Па ўсяму відаць: пачутае ў музеі іх вельмі ўсхвалявала.

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *