Старшынёй Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў зноў абрана Валянціна Тарасік

Общество

У мінулую  пятніцу адбылася  першая сесія раённага Савета дэпутатаў 27-га склікання. У адпаведнасці з артыкулам 16 Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» і на падставе артыкула 40  Выбарчага кодэксу Рэспублікі  Беларусь яе адкрыў  і вёў да абрання старшыні раённага Савета дэпутатаў  старшыня тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Віталій Іванавіч Труш.

У рабоце сесіі прымалі ўдзел 25 з 31 абраных дэпутатаў Чэрвеньскага раённага Савета 27-га склікання і запрошаныя: начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага аблвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Бачыла, старшыня Чэрвеньскага  раённага выканаўчага камітэта Іван Пятровіч Муха, адказныя работнікі райвыканкама. Віталь Труш праінфармаваў удзельнікаў сесіі аб выніках выбараў  дэпутатаў  мясцовых  Саветаў  дэпутатаў. Ён адзначыў, што выбары ў раёне праведзены паспяхова. Абраны дэпутат у Мінскі абласны Савет дэпутатаў, у раённы,  восем сельскіх і Смілавіцкі пасялковы Савет дэпутатаў. Было зарэгістравана  39 кандыдатаў у дэпутаты: у васьмі акругах — па 2, у астатніх — па аднаму. Ад працоўных калектываў кандыдатамі ў дэпутаты былі вылучаны 23 чалавекі, палітычнымі партыямі — 1, грамадзянамі шляхам збору подпісаў — 4, шляхам збору подпісаў і працоўнымі калектывамі — 15. 17  зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты мелі вопыт дэпутацкай работы ў райсавеце 26-га склікання. Удзел у выбарах прынялі 92,07 працэнтаў выбаршчыкаў ад агульнай колькасці — 24983 чалавекі.

Новавыбраных дэпутатаў павіншавалі Віталь Іванавіч Труш, Іван Пятровіч Муха, Аляксандр Аляксандравіч Бачыла. У сваіх прамовах яны  адзначылі  асаблівую ролю дэпутатаў, пажадалі заўсёды дастойна прадстаўляць і адстойваць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў, быць актыўнымі памагатымі выканаўчай ўладзе  ў ажыццяўленні прагнозных паказчыкаў,  паляпшэнні ўзроўню жыцця ў раёне.

На пасаду старшыні раённага Савета дэпутатаў была прапанавана зноў кандыдатура  Валянціны Браніславаўны Тарасік, дэпутата Партызанскай выбарчай акругі №9. Як зазначыў Іван Пятровіч Муха,  яна набыла пэўны вопыт на гэтай пасадзе і  сваёй актыўнай дзейнасцю ўносіць дастойны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна. Яе кандыдатуру падтрымалі, сказалі цёплыя словы ў яе адрас  старшыня Кліноцкага сельвыканкама Васіль Аляксандравіч Сурага — дэпутат Кліноцкай выбарчай акругі №29; член бюро  раённай арганізацыі КПБ,  член прэзідыума раённага Савета ветэранаў, пенсіянер Анатоль Аляксеевіч Кулік — дэпутат Вялікагануцкай выбарчай акругі №22; намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ГЛХУ «Чэрвеньскі лясгас» Жанна Георгіеўна Чарнавец — дэпутат Валявацкай выбарчай акругі №27.

Тайным галасаваннем аднагалосна старшынёй Чэрвеньскага раённага  Савета дэпутатаў 27-га склікання была зноў абрана Валянціна Браніславаўна Тарасік. Падзякаваўшы  за аказаны давер, яна запэўніла, што і далей будзе працаваць  на карысць раёна і яго жыхароў.

Застаўся нязменным і яе намеснік. Ім абралі дэпутата Барыкінскай выбарчай акругі  №8 Івана Іванавіча Іванцова, галоўнага спецыяліста службы бяспекі  Цэнтра банкаўскіх  паслуг №627 філіяла №500 Мінскага ўпраўлення ААТ  «АСБ Беларусбанк».

Створаны чатыры пастаянныя камісіі раённага Савета дэпутатаў, зацверджаны іх склад, абраны іх старшыні і сакратары.

Мандатную камісію па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання, законнасці, захавання правоў і свабод грамадзян будзе ўзначальваць дэпутат  Вялікагануцкай выбарчай акругі №22 Анатоль Аляксеевіч Кулік; пастаянную камісію  па пытаннях бюджэту, фінансава-крэдытнай сістэмы, эканомікі і сферы вытворчасці — дэпутат  Мінскай выбарчай акругі №1 Святлана Дзмітрыеўна Тапырык; пастаянную камісію па аграрных пытаннях, харчаванню і сацыяльнаму развіццю — дэпутат Натальеўскай выбарчай акругі №18 Алена Эдуардаўна Махнач; пастаянную камісію па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароне грамадзян — дэпутат Запольскай выбарчай акругі №30 Ларыса Валянцінаўна Асановіч.

На сесіі быў выбраны прэзідыум Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў 27-га склікання.  У яго склад увайшлі: старшыня раённага Савета дэпутатаў, яго намеснік, старшыні мандатнай і  пастаянных камісій і дэпутат Лядзенскай выбарчай акругі №21, дырэктар  прыватнага прадпрыемства «Нафтабітумны завод» Аляксандр Леанідавіч Храмцоў.

Людміла РАБЕЦКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *