Павіншавалі з шаноўным юбілеем

Общество

Нядаўна адзначыў 90-гадовы юбілей Рыгор Іванавіч ШЫЧКО, жыхар г.п.Смілавічы. Павіншаваць яго прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў і старшыня раённага аб’яднання «Фонд міру» Валянціна ТАРАСІК, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена КАЛТОВІЧ, старшыня раённага Савета ветэранаў Іван Фёдаравіч ЛАДУЦЬКА, старшыня Смілавіцкага пасялковага Савета дэпутатаў Ірына Марціновіч. Разам са шчырымі віншаваннямі ветэран атрымаў і падарункі: грашовую дапамогу ад раённага Савета ветэранаў, электрычны чайнік — ад «Фонду міру».

Рыгор Іванавіч мае шмат узнагарод: медалі «Партызан Айчыннай вайны» I і II ступеняў, «За перамогу над Германіяй», а таксама «Ветэрана працы», з нагоды 100-годдзя нараджэння У.Леніна і іншыя. Рыгор Іванавіч добра сябе пачувае і нават адмовіўся ад дапамогі сацыяльнага работніка. Прыемна і крыху нечакана было заўважыць у хаце гаспадара велатрэнажор і гантэлі. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, Рыгор Іванавіч вядзе актыўны лад жыцця: займаецца фізічнай культурай, любіць шмат хадзіць пешшу.

Такіх юбіляраў на Чэрвеньшчыне няшмат. Сёлета 90-годдзе адзначылі Казімір Ваўжынцавіч ВЯРЖБІЦКІ з в.Ляды, Аляксандр Андрэевіч ШАХОЦЬКА з в.Клінок, Мікалай Агеевіч САМЕЦ з в.Стары Пруд, Мікалай Флоравіч ХАНЕВІЧ з Чэрвеня. Віншуем і жадаем кожнаму з іх моцнага здароўя, даўгалецця і шчасця!

Кацярына ШУМКО. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *