«Што вам падабаецца больш: прымаць гасцей ці самім хадзіць у госці?»

Общество

Практычна ўсе мы, за рэдкім выключэннем, да якога можна прыпісаць хіба што населеныя пункты, дзе жыве па адным чалавеку, знаходзімся сярод людзей. Таму ўсім нам знаёма такое паняцце, як «госці». Пра іх складзена шмат прыказак, прымавак, загадак… Да таго ж, гэты год у Беларусі, як вядома, аб’яўлены Годам гасціннасці. Наколькі ўдала ён пройдзе, даведаемся напрыканцы — у снежні. Як і пра тое, ці паўплываў 2014-ы якімсьці чынам на частату наведвання нашымі чытачамі адзін аднаго… Ну, а пакуль — высвятляем у іх:

«Што вам падабаецца больш: прымаць гасцей ці самім хадзіць у госці?»

Вольга ВЕРЫНА, прадавец крамы «Прамтавары»:

— Раней падабалася самой прымаць гасцей, а цяпер — хадзіць да кагосьці. Бо калі я сядзела дома, дык не было чым асабліва заняцца, вось і чакала гасцей. А калі прымаеш, трэба ж і на стол усяго прыгатаваць, і зрабіць так, каб госці былі задаволеныя… Калі часта, дык, вядома, цяжкавата… А калі ідзеш у госці, дык там адпачываеш, у тым ліку і ад хатніх турботаў. Звычайна мы ходзім у госці да сямейных параў, у якіх ёсць дзеці. А як жа туды ісці з пустымі рукамі?! Абавязкова штосьці купляем. Гэтак жа і да нас прыходзяць. Калі ж госці нечаканыя… Ну, чай, кава ў мяне ёсць заўсёды… Яшчэ сярод напояў, якія магу прапанаваць, — кампот. А вы пытаецеся, бо хочаце прыйсці да мяне ў госці?! Калі ласка!

Наталля КАЛТОВІЧ, бібліятэкар Чэрвеньскай дзіцячай бібліятэкі:

— Мне падабаецца і тое, і тое. Калі прымаю гасцей, дык укладваю ўсю душу. Мне падабаецца, калі госці задаволены. А сустракаешся ж звычайна з добрымі людзьмі… З імі цікава пагутарыць, штосьці абмеркаваць. Але самае галоўнае — мне падабаецца гасцей частаваць. Мая фірмовая страва — гэта шашлыкі. І заўважце, мужчын да працэсу не падпускаю! Гэта — маё! Ну, адзінае, магу калі-нікалі дазволіць пасмажыць. Але ўсё астатняе, у тым ліку і нанізванне на шампуры, раблю толькі сама! У госці таксама хадзіць прыемна, бо там гэтак жа сардэчна сустракаюць, частуюць. Штосьці са страў, якіхсьці кулінарных знаходак гаспадароў бяру на заметку. Увогуле, і гасцей прымаю, і ў госці хаджу часта. Усе святы стараемся адзначаць з сям’ёй, з сябрамі. Ну, дні нараджэння — гэта святое! Тады прыязджае шмат гасцей. А так… Святкуем 23 лютага, 8 сакавіка, Дзень бібліятэк… І нават проста сустракаемся ў выхадныя, каб прыемна адпачыць пасля працоўнага тыдня. Часта прыязджае брат з горада Масты. Вось мае пляменніцы за мяжой, мы з імі маем стасункі толькі па Скайпу. Але я ведаю, што адзначаюць яны святы гэтак жа, як і мы, беларускія традыцыі падтрымліваюць…

Алена ЯКАЎЛЕВА, фармацэўт філіяла аптэкі Чэрвеньскай ЦРБ:

— Цікавае пытанне! Не магу адказаць адназначна… І ў госці люблю хадзіць, і гасцей прымаць. А частата сустрэчаў, у асноўным, залежыць ад наяўнасці вольнага часу. Ведаеце, апошнім часам больш нагод прымаць гасцей: нараджэнне ўнукаў, хрэсьбіны, адведкі… Наконт фірмовых страў — таксама цікавае пытанне. Пра свае адразу і не скажу, здаецца, усё звычайнае. Але, спадзяюся, гасцям падабаецца. Затое магу сказаць, што ў нявесткі фірмовае — салата з ананасам і фаршыраваная курыца. На Масленічным тыдні, які нядаўна закончыўся, на жаль, няма часу, як гэта было даўней у народзе, хадзіць у госці ці прымаць іх… Затое ў заключны дзень, нядзелю, мы абавязкова смажым каўбасу і пячом бліны!

Таццяна ЗАБАЎСКАЯ, супрацоўніца Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя:

— Гасцей прымаць люблю, асабліва блізкіх людзей. Сярод іншага гатую розныя салаты… Але, прызнацца, не люблю складаных страў. Мне падабаецца простае. Дарэчы, зараз ужо і ў госці хаджу, і прымаю гасцей не часта. Мама ў нас старэнькая, таму выхадныя мы з сястрой звычайна праводзім у яе. А там для сябе таксама гатуем простае, не святочнае. Ну, а чым магу здзівіць са страў… Відаць, курыцай фаршыраванай. Вось была ў сваіх сватоў у гасцях. А хачу сказаць, што свацця мая — вельмі гасцінная жанчына, выдатная гаспадыня, такія сталы накрывае… Але сваёй стравай я змагла іх здзівіць.

Распытвала і занатоўвала Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *