Пераходны кубак — зноў у смілаўчан

Спорт

22 раённы турнір па міні-футболу памяці Мікалая Міцкевіча прайшоў у Чэрвеньскім будаўнічым ліцэі.

На першым этапе ў спаборніцтвах удзельнічалі: чэрвеньскія «МНС», «Ветэран», «ПМК-237», «СДЮШАР», «Ліцэй-1» і «Ліцэй-2», а таксама смілавіцкія калектыў аматараў футбола «Смілавічы», «Каледж» і «Смілавічы-Фокер». Яны, падзяліўшыся на дзве групы, разыгралі чатыры пуцёўкі ў фінальную частку турніру. З групы «А» туды выйшлі КАФ «Смілавічы» і «Ліцэй-2», з групы «Б» — «ПМК-237» і «СДЮШАР». На наступны дзень яны прадоўжылі барацьбу за пераходны кубак.

Першы паўфінал паміж футбалістамі «ПМК-237» і «Ліцэя-2» прайшоў у роўнай, вострай барацьбе. Да перапынку каманды забілі па два мячы, а ў другім тайме адзіны гол, аўтарам якога стаў Аляксандр Курыловіч, вырашыў лёс матча на карысць будаўнікоў — 3:2.

У другім паўфінале моладзь са «СДЮШАР» дала сапраўдны бой дзеючым уладальнікам пераходнага кубка турніру — КАФ «Смілавічы». Каманда спартшколы павяла ў ліку пасля гола Паўла Лаўрыка. Смілаўчанам давялося напружыцца, каб змяніць ход сустрэчы. Першы тайм яны выйгралі з мінімальнай перавагай — 2:1, пасля перапынку пайшлі ў адрыў — 4:1. Але, відаць, рана супакоіліся: футбалісты «СДЮШАР» магутна правялі канцоўку матча і ледзь не дасталі саперніка, саступіўшы — 3:4.

Затое «СДЮШАР» узяла сваё у матчы за трэцяе месца, не пакінуўшы шанцаў другой камандзе чэрвеньскага ліцэя — 8:2.

У фінальнай гульні футбалісты «ПМК-237» двойчы вялі ў ліку (1:0 і 2:1). Аднак КАФ «Смілавічы», намаганнямі Вадзіма Апацкага і Андрэя Сушы, якія забілі па два мячы, устанавіў канчатковы вынік сустрэчы — 5:2 і пакінуў у сябе яшчэ на год пераходны кубак.

Каманды-пераможцы і прызёры ўзнагароджаны граматамі і медалямі. Прызамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і спонсараў — прыватных прадпрыемстваў ТМК-«Альфа» і «Электрык-Сервіс», ПМК-237 і Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя — адзначаны лепшы ігракі ў камандах-фіналістах — Ігар Шмідаў («Ліцэй-2»), Аляксей Ганчарык («СДЮШАР»), Дзмітрый Чысты («ПМК-237») і Аляксандр Хасяневіч (КАФ «Смілавічы»), а таксама лепшы ігрок турніру Андрэй Суша і лепшы бамбардзір турніру Вадзім Апацкі (КАФ «Смілавічы»).

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *