Ібрагім барысавіч канапацкі — пачынальнік адраджэння гісторыі, культуры, веры беларускіх татар

Общество

Да 65-годдзя з Дня нараджэння  слыннага асветніка, дзеяча беларускай і татарскай культуры

Сярод слынных сыноў зямлі Чэрвеньскай яркай зоркай ззяе імя Ібрагіма Барысавіча Канапацкага, 65-годдзе з Дня нараджэння якога адзначаюць не толькі родныя, сябры, жыхары Смілавічаў, калегі па працы, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны, за мяжой. У гэтым я ўпэўніўся, прымаючы ўдзел у рабоце міжнароднага семінара-дыялога “Вывучэнне культурнай спадчыны татараў Беларусі”. Адбыўся ён у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа НАН Беларусі. Семінар прысвячаўся памяці Ібрагіма  Барысавіча Канапацкага – навукоўца, выдатнага грамадскага дзеяча, намесніка старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання татараў “Зікр уль-Кітаб” (“Памяць і кніга”), кандыдата гістарычных навук, дацэнта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў арганізавалі выставу “Вучоны, грамадскі і рэлігійны дзеяч”, якая адлюстравала навуковыя і грамадскія дасягненні Ібрагіма Барысавіча.  На ёй былі прадстаўлены рукапісы татараў Беларусі канца 17 — пачатку 20 стагоддзяў з фондаў ЦНБ НАН Беларусі, даследванні айчынных і замежных навукоўцаў пра татарскую гісторыю. Асобны аддзел быў прысвечаны працы самога І.Б.Канапацкага  і публікацыям пра яго жыццё і дзейнасць.  Ён аўтар цэлага шэрагу кніг, каля двухсот артыкулаў. Рэдагаваў і выпускаў часопіс, матэрыялы канферэнцый. На выставе я ўбачыў шмат кніг з прысвячальнымі яму надпісамі аўтараў з Літвы, Расіі, Польшчы, Татарстана і іншых дзяржаў.

Адкрыў мерапрыемства доктар гістарычных навук Аляксандр Аляксандравіч Каваленя, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтва НАН Беларусі. Слова было прадастаўлена таксама шматлікім выступоўцам  — гісторыкам, грамадскім дзеячам. З вялікім дакладам выступіў польскі навуковец Артур Канапацкі. Выказалі свае адносіны да Ібрагіма Барысавіча колішнія калегі па працы, сябры, родныя, сваякі. З іх слоў прадстаў ён ва ўсю веліч як чалавек харызматычны, жыццясцвярджальны, з самымі лепшымі рысамі беларускіх татар.

Шмат увагі было звернута на  грамадскую дзейнасць Канапацкага, яго цяжкія крокі па адраджэнню татарскай гісторыі, культуры і веры, адданасць гэтай справе, ініцыятыўнасць і мэтанакіраванасць. Ён з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Беларускага згуртавання татар-мусульман, у стварэнні якога прымаў актыўны ўдзел, членам муфтыята мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь. Карыстаўся вялікім аўтарытэтам не толькі ў татар нашай краіны, але і далёка за яе межамі. І пры гэтым заставаўся сціплым чалавекам. Меў многа сяброў, аднадумцаў, паплечнікаў. Быў чалавекам слова і справы. Да яго заўжды ішлі людзі. Пры яго непасрэдным удзеле пабудаваны мячэці не толькі ў Смілавічах, але і ў іншых населеных пунктах.

Сябры і калегі ўспаміналі пра яго  добры гумар. Пра бацьку са слязьмі распавядала дачка Зарына Ібрагімаўна.

Іван ЯРАШЭВІЧ, г.п.Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *