Пад яе чулым жаночым кіраўніцтвам вырашаюцца вытворчыя і грамадскія задачы

Общество

З нагоды юбілею дырэктара эксперыментальнай базы “Натальеўск”, кандыдата ў дэпутаты раённага Савета дэпутатаў Алены Эдуардаўны МАХНАЧ

З біяграфіі

Алена Эдуардаўна Махнач родам з Віцебшчыны. Па прыкладу сваёй маці, якая ў свой час атрымала спецыяльнасць агранома,

вырашыла звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай. Таму пасля паспяховага заканчэння Коханаўскай сярэдняй школы Талачынскага раёна паступіла

ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію.

Працоўную дзейнасць пачынала  ў  Бярэзінскім раёне, а з 1988 года шчыруе на Чэрвеньшчыне.  Дзесяць гадоў была ў “Натальеўску”  галоўным аграномам.  На пасадзе дырэктара эксперыментальнай базы “Натальеўск” — з красавіка 1998 года.

 

Ганаровыя адзнакі

Багаты практычны вопыт, кампетэнтнасць у пытаннях эканомікі, працоўнага і гаспадарчага заканадаўства,  уменне аператыўна прымаць рашэнні, накіроўваць і кантраляваць работу падначаленых, творчы падыход да справы спрыяюць Алене Эдуардаўне ў дасягненні намечанага. Як граматны кіраўнік, яна неаднаразова выходзіла пераможцай у раённым і абласным спаборніцтвах. Адзначана  шматлікімі Ганаровымі граматамі абласнога і раённага выканкама, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. У 2011 годзе атрымала арыгінальны сюрпрыз: якраз на 8 Сакавіка ёй, адной з 17 кіраўнікоў-жанчын сталічнай вобласці, быў уручаны імянны сертыфікат Мінскага абласнога выканаўчага камітэта на атрыманне трактара МТЗ. А сёлета Алена Эдуардаўна ўзнагароджана медалём “За заслуги в развитии семеноводства”.

Захапленні

Алена Эдуардаўна не заседжваецца ў кабінеце. Яна ўвесь час з людзьмі — на ферме, у мехмайстэрні, на полі… Па-сутнасці, выхадных у кіраўніка сельскай гаспадаркі не бывае. І ўсё ж пасля вырашэння  вытворчых пытанняў стараецца прыпыніцца на хвілінку, каб палюбавацца блакітным небам ці  зелянінай лесу, дружнымі ўсходамі на палетках ці наліўным коласам залатой збажыны… Прырода яе захапляе, дае супакой і сілы. А яшчэ — любіць чытаць. Асабліва   пра знакамітых людзей, пра гісторыю Бацькаўшчыны, вандроўкі. Алена Эдуардаўна і сама, калі выпадае такая мажлівасць, з задавальненнем падарожнічае. Пабывала ў Ізраілі, Францыі, Чэхіі, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Польшчы… І не толькі ў турыстычных мэтах, а каб паглядзець як  наладжана вытворчасць у іншых краінах, штосьці пераняць.

Яе арыенцір у рабоце — сучасныя тэхналогіі

Уменне Алены Эдуардаўны арганізаваць вытворчасць і працаваць з людзьмі — прыклад нават для многіх кіраўнікоў-мужчын. Таму сведчаць факты. Сярод 42 гаспадарак, якія ўваходзяць у рэспубліканскае аб’яднанне «Белнасенне», «Натальеўск» — сярод лепшых у Беларусі. Эксперыментальная база — адна з асноўных у рэспубліцы па вытворчасці элітнага насення. У мінулым годзе  яна рэалізавала сама болей  насення ў разліку на 1 га пасяўных плошчаў і заняла першае месца ў вобласці. У раёне — сярод лідэраў па ўраджайнасці зерневых культур і бульбы, па надоях малака, па нарыхтоўцы кармоў і прывагах  жывёлы. Па ўсіх напрамках работы гаспадарка выконвае даведзеныя дзяржавай прагнозныя паказчыкі.

 

Вытворчасць малака і мяса, вырошчванне бульбы і зернебабовых — вось, па словах Алены Эдуардаўны, тыя асноўныя накірункі, на якіх базіруецца эканамічнае становішча гаспадаркі. Вопытны і мудры кіраўнік, яна арыентуе свой дружны і працавіты калектыў на сучасныя тэхналогіі, на іх эфектыўнае выкарыстанне.  Новая энерганасычаная тэхніка, мадэрнізацыя ў жывёлагадоўлі і  іншае  даюць добры плён. Наведваючы эксперыментальную базу “Натальеўск”, глава ўрада Міхаіл Мясніковіч высока ацаніў тутэйшыя дасягненні.

Грамадскія абавязкі

Для Алены Эдуардаўны характэрна актыўная жыццёвая пазіцыя. Яна  з’яўляецца дэпутатам Мінскага абласного Савета, депутатам Чэрвеньскага раённага, Калодзежскага сельскага Саветаў дэпутатаў. Была пераможцай прэстыжнага рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года” ў намінацыі “За ўклад у адраджэнне вёскі”, з’яўляецца членам прэзідыума арганізацыі сельскіх жанчын «Сяльчанка», уваходзіць у склад  Беларускага  саюза жанчын.

Гасціннасць

Шчырая душой, гасцінная, добразычлівая — усё гэта пра Алену Эдуардаўну. Таму  любяць наведваць эксперыментальную базу і беларускія чыноўнікі, і  замежныя госці — паглядзець,  і  спецыялісты з рэспублікі  ды суседніх краін — пераняць вопыт. Нягледзячы на вялікую занятасць, кожнаму знаходзіць хвілінку. Калі трэба — падкажа, дапаможа, падзеліцца ўласнымі набыткамі.

 

Любімыя нашчадкі

Напэўна, не кожная жанчына хацела б  працаваць на такой адказнай пасадзе, як Алена Эдуардаўна. Але яе жыццёваму поспеху можна па-добраму пазайздросціць. Спаўна рэалізавала сябе ў прафесійнай справе, у мацярынстве, зведала сапраўднае вялікае каханне… Годна вырасціла двух дачок — Наталлю і Вераніку. Цяпер радуецца чатыром падрастаючым унукам — Мікалаю, Івану, Яўгену, Сцяпану.  І ў гэтым знаходзіць уласнае жаночае шчасце. З роднымі звязвае свае спадзяванні і надзеі на будучыню. Яе любві, энергіі і энтузіязму хопіць на ўсіх.

Фотанарыс Эмы МІКУЛЬСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *