І ЗНОЎ У ЧАЦВЁРТАЙ «ЗАВЕЯ», І КЛІМОВІЧ ТАКІ МАЛАДЫ…

Общество

Міжрэгіянальны фестываль інтэлектуальных гульняў «Ігуменская завея» ў шаснаццаты раз сабраў юных эрудытаў ва ўтульнай актавай зале чацвёртай гарадской школы.

Сёлета ўдзел у ім бралі 30 школьных каманд: сем — з Чэрвеня,  4 — з Жодзіна, тры — з Крупак, па дзве — з Беразіно, Мар’інай Горкі і Смалявічаў, па адной — са Смілавічаў, Заполля, Лагойска, Фаніпаля, Дзяржынска, Стоўбцаў, Плешчаніц, Мінска, Баранавічаў і падмаскоўнага горада Юбілейны — пабраціма Чэрвеня.

Падчас адкрыцця фестывалю поспехаў эрудытам пажадалі намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Ала Шахоцька і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ларыса Асановіч. Відэапрывітанне ўдзельнікам турніру перадаў наш знакаміты зямляк — касманаўт Алег Навіцкі.

Традыцыйнай размінкай для каманд стала аўтарская гульня кіраўніка раённага інтэлектуальнага  клуба «Ігумен» Ірыны Вабішчэвіч «Ігуменскія соты». Яе змяніла «Мяцеліца» ад вядомага беларускага эрудыта Леаніда Клімовіча, які, як заўсёды, на высокім эмацыйным градусе «ўласнаручна» вёў гульнявую частку турніру.

Кульмінацыяй фестывалю стаў інтэлектуальны марафон з трыццацці шасці пытанняў гульні «Што? Дзе? Калі?». Яго выйграла каманда «Фенікс» з Фаніпаля. Яна ж заняла першыя месцы ў «Ігуменскіх сотах» і «Мяцеліцы», стаўшы абсалютнай пераможцай фестывалю па найменшай суме занятых ва ўсіх гульнях месцаў і, адпаведна, уладальніцай галоўнага прыза — савы.

Сярод чэрвеньскіх каманд у асобных гульнях фестывалю вызначыліся «Свет пазітыву» з гімназіі («Ігуменскія соты», 3-е месца сярод юніёраў), зборная гімназіі і СШ №4 «45 lines» («Ігуменскія соты і «Што? Дзе? Калі?», 1-я месцы сярод ювеналаў), «Тузікі» з СШ №4 («Мяцеліца», 2-е месца сярод юніёраў) і «The Best» з гімназіі («Што? Дзе? Калі?», 3-е месца сярод ювеналаў). Яны атрымалі прызы ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і Чэрвеньскага вытворча-харчовага завода.

Акрамя таго, лепшая ювенальская каманда фестывалю «45 lines» узнагароджана драўлянай савой, спецыяльнымі прызамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённага інтэлектуальнага клуба «Ігумен». Ёй жа ўручаны пераходны прыз аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама «Лепшай камандзе знатакоў Чэрвеньскага раёна» — крыштальная сава.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

 

На здымках:

Актавая зала СШ №4: «у цеснаце, ды не ў крыўдзе»;

Ларыса Асановіч уручае Леаніду Клімовічу вазу з яго партрэтам;

музычнае прывітанне ад каманды з горада Юбілейны;

каманда «Свет пазітыву» думае над «Ігуменскімі сотамі»;

каманда «Фенікс» — абсалютная пераможца фестывалю;

каманда «45 lines» і дзве яе савы.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *