ІРЫНА ПЯТРОЎНА МАРЦІНОВІЧ, старшыня Смілавіцкага пасялковага Савета:

Общество

“Я радуюся, калі ўдаецца зрабіць штосьці добрае,  дапамагчы людзям…”

Інтэрв’ю з нагоды юбілею

— Ірына Пятроўна! Сёння я ў Вас па просьбе жыхароў пасёлка Смілавічы. Даведаўшыся пра юбілей, яны  прапанавалі распавесці пра Вас у газеце як асобу паважаную, дзелавую, цудоўнага чалавека…

— З задавальненнем адкажу на ўсе Вашы пытанні.

— Пачнём з традыцыйнага: раскажыце, калі ласка, дзе Вы нарадзіліся, хто бацькі.

— Я — з вёскі Суцін Пухавіцкага раёна. Толькі ў Смілавічах даведалася, што з прозвішчам Суцін жыў славуты мастак. Мае бацькі — звычайныя рабочыя былога саўгаса “Залог пяцігодкі”. Выхавалі чатырох дзяцей. Кожны з нас меў свае абавязкі па хатняй гаспадарцы. Без яе тады цяжка было пражыць. Таму добра разумею сённяшнія шматдзетныя сем’і.

— Напэўна, не ставала ў дзяцінстве часу на гульні?

— Не, хапала. Асабліва зімой. Тады хлопчыкі і дзяўчынкі збіраліся на лядку, на горцы. Радасці не было межаў.

— А якія значныя падзеі засталіся ў памяці?

— Уступленне ў піянеры, камсамол. Нас вучылі быць адданымі Радзіме, патрыётамі, чэснымі і справядлівымі. Гэта і сёння з’яўляецца асновай майго светапогляду, вядзе па жыцці.

— Ці была запаветная мара?

— Колькі сябе памятаю, хацела стаць настаўніцай. Мара мая здзейснілася. Прафесія педагога мне падабаецца. Люблю матэматыку. На выбар паўплывалі  любімыя настаўнікі.

— Ведаю Вас як паспяховага, любімага вучнямі педагога, ініцыятыўнага,  генерыруючага арыгінальныя ідэі. А ці дапамагае Вам педагагічны вопыт у цяперашняй рабоце?

— Так. І вельмі часта. Але з дзецьмі працаваць лягчэй, чым з дарослымі. Бывае, што людзям не хапае дабрыні, цярпення, уважлівага стаўлення да іншых…

— А што найбольш цэніце ў чалавеку?

— Прыстойнасць, надзейнасць, адданасць справе. Мне цяжка дараваць двулічча, здрадніцтва, раўнадушша.

— У Вас шмат сяброў?

—  Ёсць нямала. Самыя надзейныя — з дзяцінства, маладосці. Але непасрэдныя сустрэчы з імі зараз нячастыя. Па тэлефоне размаўляю, віншую іх.

— Вы шчаслівая жанчына?

— Так. Побач любімы муж, дочкі. Яны — маё шчасце, мая апора ва ўсіх справах, мая вера, натхненне…

—  Ці помніце свой першы прыём грамадзян на пасадзе старшыні? Чым адрозніваюцца ад яго сённяшнія?

— Вельмі хвалявалася, бо не было вопыту, а хацелася дапамагчы. Сёння ведаю, як гэта рабіць…

— Як успрымаеце крытыку?

— Калі яна гучыць у мой адрас, прыслухоўваюся, перажываю, прымаю да ведама. І стараюся выправіць сітуацыю. Сама па жыцці нікога не крытыкую. Бачыць штосьці адмоўнае — гэта яшчэ не вырашэнне праблемы. Справіцца з ёю бывае не так проста як камусьці хацелася б.

— Што адчуваеце ў канцы працоўнага дня?

— Стомленасць. І радасць, калі ўдалося зрабіць штосьці добрае, дапамагчы людзям, акрэсліць перспектыву. Штодзень падсумоўваю вынікі, намячаю задачы на наступны. У працы старшыні няма аднолькавых дзён, як і аднолькавых людзей.

— Вы ўжо на гэтай пасадзе значны час. Ці прыносіць  праца задавальненне?

— Тое, што я раблю, мне падабаецца, нягледзячы на вялікія складанасці. Найперш тым, што маю магчымасць кожны дзень  мець зносіны з людзьмі, адчуваць іх жыццё. Самае вялікае задавальненне — магчымасць дапамагчы ім. Я — хрысціянка і гэта адпавядае Божым запаветам.

— Што б кардынальна змянілі ў Смілавічах, калі б на рахунку пасялковага Савета з’явіўся мільярд даляраў?

— Патраціла б іх на добраўпарадкаванне. Вуліцу імя Дзяржынскага ператварыла б у прыгожы куточак са скверам, помнікамі, фантанам. Пабудавала б сучасную лазню, спартыўны комплекс, пусціла б маршрутны транспарт. Іншым разам у сне мне бачацца Смілавічы ў выглядзе прыгарадных пасёлкаў горада Таліна. Такіх, дзе здымаўся кінафільм “Семнадцать мгновений весны”. Цэлую вуліцу пабудавала б шматкватэрных дамоў.

— Якія кветкі Вы любіце?

— Самыя розныя. Але ж я нарадзілася ў вёсцы і не магу не намілавацца на валошку ў жыце альбо букетам з яе. Водар непаўторны — не заменяць ніякія парфумы.

— Куды Вы марыце пры магчымасці паехаць?

— Наведаць святое на зямлі месца, дзе нарадзіўся і быў распяты Ісус Хрыстос. На мой погляд, вера ў Бога мацуе грамадства, выкараняе негатыў.

— Ці заўжды правільна разумеюць людзі магчымасці выканкама?

— Некаторыя ўяўляюць, што за іх павінна ўсё зрабіць улада. Таму засяроджваюцца толькі на сваіх патрабаваннях і больш нічога не хочуць ведаць. Гэта мяне засмучае.

— Што адчуваеце, калі ад’язджаеце далёка ад дома?

— Сумую. Хочацца хутчэй вярнуцца. Заўжды параўноўваю прыроду з роднымі краявідамі. Беларусь — вельмі прыгожая.

— Як часта сны Вам сняцца?

— Мусіць, на мае сны ўплывае штодзённая праца, праблемы, іх вырашэнне. Бачу часам у сне, што ў маім распараджэнні цэлы атрад грэйдараў, асфальтаўкладчыкаў, і я асфальтую і грэйдырую дарогі. Пад’язджаюць машыны са скрынкамі электралямпаў, іншага абсталявання для асвятлення вуліц… Што ў каго баліць, тое і сніць.

— Ваш жыццёвы дэвіз.

— Не рабіць людзям дрэннага. І сваіх дачушак гэтаму павучаю. Веру, што дабро дабром вяртаецца. Гэтая навука — ад маці. Стагоддзямі выпрацоўваліся народная педагогіка, традыцыі. Іх нельга забываць. Яны выхоўваюць свядомых, актыўных грамадзян.

— Ці ёсць ў Вас аднадумцы, паплечнікі?

— А як жа! Без іх немагчыма было б вырашаць часовыя і перспектыўныя задачы. Гэта і супрацоўнікі пасялковага Савета, і дэпутаты. Шмат жыхароў пасёлка, якія зацікаўлены ў яго развіцці. А таксама прадпрымальнікі, кіраўнікі дзяржаўных арганізацый. Шчыра ўдзячна ім і спадзяюся на далейшае плённае супрацоўніцтва.

— Дзякуй, Ірына Пятроўна, што знайшлі час адказаць на мае пытанні. Прыміце шчырыя віншаванні з нагоды юбілею. Хочацца мне і самому выказацца.

 

ПАШАНЦАВАЛА СМІЛАВІЧАМ НА СТАРШЫНЮ

Ірыну Пятроўну ведаю яшчэ з часоў ліцэя. Дзесяць гадоў сумесна працавалі ў Смілавіцкай сярэдняй школе №1. Яна — педагог ад Бога. Па-мацярынску адносілася да вучняў. Нястомная працаўніца. Ініцыятар новага, неардынарнага. Разам мы шмат зрабілі на карысць дзяцей і школы. З задавальненнем успамінаю гэты плённы перыяд.

Ірына Пятроўна — чулы таварыш, заўжды заўважыць дрэнны настрой у чалавека, словам і справай дапаможа яму.

Я з’яўляўся дэпутатам пасялковага Савета, а зараз — член выканкама. Мне добра бачна  яе праца. Цвёрда ўпэўнены: пашанцавала смілаўчанам на старшыню.  Ірыну Пятроўну вызначае вялікая адданасць даручанай справе, вырашэнню надзённых патрэб мясцовых жыхароў. Нярэдка прыём іх патрабуе  пэўных ведаў, намаганняў, неадкладных зносін з іншымі службовымі асобамі ў вобласці і раёне. Гэтак было і 14 лютага, калі да яе прыйшла маладая маці з дзіцем са складаным пытаннем.

Дарэчы, акрамя вызначаных дзён прыёму, Ірына Пятроўна ўдзяляе ўвагу наведвальнікам у любы дзень. Смілаўчане ведаюць гэта і ўдзячны.

Шмат старання ўкладвае яна ў вырашэнне перспектыўных праблем, якія будуць станоўча ўплываць на жыццядзейнасць мясцовага насельніцтва. У прыватнасці, распрацаваны генеральны план развіцця Смілавічаў. Ён прайшоў ужо дзяржаўную экспертызу. Зараз знаходзіцца ў стадыі дзяржаўнага зацвярджэння. Ажыццяўленне намечанага дазволіць павялічыць зямельную плошчу пасёлка. А гэта дасць магчымасць актывізаваць жыллёвае будаўніцтва — як індывідуальнае, так і шматкватэрнае.

Смілавічы ўключаны ў дзяржаўную праграму “Чыстая вада”. Будзе пабудаваны вадаправод ад вёскі Карзуны ў Смілавічы. Ужо распрацоўваецца праект, жыхары змогуць падключыцца да гэтай вады.

Нарэшце вырашыцца і каналізацыйная праблема. Праектуюцца новыя сучасныя каналізацыйныя сеткі, якія ахопяць увесь пасёлак. Гэта зноў жа паўплывае на паляпшэнне добраўпарадкавання і жыцця грамадзян.  У перспектыве — пабудова аб’язной дарогі.

Не пішу аб зробленым за гады працы Ірыны Пятроўны старшынёй Смілавіцкага пасялковага Савета. Тутэйшыя жыхары гэта добра ведаюць. Заўважу, што галоўнае ў яе рабоце — праца для людзей на перспектыву.

 

Перад тым, як завітаць да старшыні пасялковага Савета, вось што давялося пачуць.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны

Канстанцін Анісімавіч Патапчык:

— Мы, удзельнікі вайны, заўжды адчуваем увагу Ірыны Пятроўны да сябе. Бачым яе старанне на гэтай пасадзе, сардэчныя адносіны да людзей…

 

Галоўны спецыяліст землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Наталля Сяргееўна Сіманенка:

— Граматны кіраўнік. Першыя мае крокі маладога спецыяліста былі зроблены пры яе непасрэднай падтрымцы. Хочацца пажадаць шчасця, здароўя, поспехаў.

 

Галоўны дзяржаўны падатковы інспектар

Ірына Мікалаеўна Янушкевіч:

— У мяне з Ірынай Пятроўнай дзень нараджэння ў адну дату. А яшчэ — у яе дачкі і майго сына. Прыемна сустракацца па службовых справах з гэтым адказным, цудоўным чалавекам. Заўжды адчуваеш паразуменне. Жадаю заставацца такой жа энергічнай і надалей.

 

Кіраўнік спраў Смілавіцкага сельскага Савета

Валянціна Васільеўна Дзямко:

— Кампетэнтны, адданы справе  кіраўнік. Умее падтрымліваць зносіны з людзьмі, унікнуць у іх надзённыя патрэбы і па-магчымасці дапамагчы.

 

Кіраўнік спраў Смілавіцкага пасялковага Савета Таццяна Васільеўна Аладка:

— Я ўдзячна Ірыне Пятроўне за ўзаемаразуменне і паважаю яе за прафесіяналізм.

 

Старшыня Смілавіцкага сельскага Савета

Валянціна Іванаўна Півавар:

— Юбілей Ваш — цудоўнае свята,

За працу Вам нізкі паклон.

Зычым шчасця, здароўя багата,

Толькі радасных дзён!

 

Галоўны бухгалтар пасялковага

Савета Людміла Канстанцінаўна Шыдлоўская:

— Ірына Пятроўна! Здзяйснення ўсяго, што пажадалі Вам людзі і аб чым марыце самі. Аптымізму, прыгажосці!

 

Іван ЯРАШЭВІЧ, г.п.Смілавічы.

Фота аўтара

 



1 комментарий по теме “ІРЫНА ПЯТРОЎНА МАРЦІНОВІЧ, старшыня Смілавіцкага пасялковага Савета:

  1. С Юбилеем Вас уважаемая Ирина Петровна.Оставайтесь всегда такой доброжелательной,отзывчивой и дай Бог Вам крепкого здоровья и удачи.
    Кохнович А.М.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *