У КЛУБЕ “ВЕТРАЗЬ”

Общество

На студзеньскае пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь» бібліятэкары запрасілі жыхара в.Натальеўск, доктара сельскагаспадарчых навук Леаніда Шофмана.

На пачатку сустрэчы старшыня клуба Уладзімір Дарагуж распавёў пра вучобу і працу Леаніда Ісакавіча, ураджэнца Віцебшчыны. На мультымедыйнай устаноўцы Уладзімір Георгіевіч прадэманстраваў фотаздымкі з сямейнага альбома Л.Шофмана. А потым сябры клуба абмяркоўвалі апавяданне Леаніда Шофмана «Крумкач чакаў», якое было надрукавана ў дванаццатым нумары часопіса «Нёман» за 2013 год.

Першым размову пачаў аўтар. Ён патлумачыў, чаму стаў пісаць наогул, распавёў пра галоўную ідэю твора і яго герояў. Сваімі меркаваннямі наконт прачытанага падзяліліся Уладзімір Шатэрнік, Зоя Сушкевіч, Уладзімір Дарагуж. Уласныя думкі выказаў і колішні настаўнік беларускай мовы і літаратуры Уладзімір Адамовіч — як чытач, філолаг і самадзейны аўтар.

Прывітальны ліст сям’і Леаніда Шофмана перадалі Яўген і Аляксандра Несцяровічы. Яны дзякавалі аўтару за творы, жадалі здароўя і поспехаў усім сямейнікам.

Напрыканцы гутаркі Леанід Шофман падараваў цэнтральнай бібліятэцы сваю аўтабіяграфічную кнігу «Старонкі жыцця» (з аўтографам), якая выйшла ў выдавецтве «Беларуская навука» ў 2011 годзе.

У рамках пасяджэння адбылася таксама літаратурная гадзіна «Мне лёсам вызначаны гэтакі прымус». Яна была прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка Тодара Лебяды. Пра жыццё і творчасць асобы вельмі грунтоўна распавяла бібліятэкар Алена Адамовіч. На мультымедыйнай устаноўцы дэманстраваліся фотаздымкі, звязаныя з дзейнасцю пісьменніка. Вершы Тодара Лебяды чыталі Лідзія Пыка, Софія Картавусава, Галіна Ніціеўская, Тамара Зіміна, Валянціна Белавусава, Зоя Сушкевіч, Аляксандра Раманькова і Марыя Чаган.

 

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання

і інфармацыі Чэрвеньскай

цэнтральнай раённай бібліятэкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *