«ЯКАЯ ЗІМА ВАМ НАЙБОЛЬШ ДАСПАДОБЫ?»

Общество

Тэма надвор’я традыцыйна цікавіць усіх. Прагноз слухаюць па радыё, глядзяць па тэлебачанні, чытаюць на сайтах і ў газетах… І, вядома ж, абмяркоўваюць пры сустрэчах, у лістах, тэлефанаваннях… Сёлетняя зіма таксама прымушае шмат гаварыць пра сябе — то з-за бясснежнасці Новага года, то з-за дваццаціградусных маразоў… Вада пад нагамі, моцныя вятры і зноў адліга… Усё гэта было ўжо… І будзе яшчэ. А вось цікава, што б хацелі бачыць вакол сябе ў зімовыя месяцы нашы чытачы?

Сённяшняе пытанне «раёнкі» — «ЯКАЯ ЗІМА ВАМ НАЙБОЛЬШ ДАСПАДОБЫ?»

 

Алеся СЕНЦЮРОВА, эканаміст і справавод філіяла «АграБокс-Заатэх» СП «Унібокс»:

— У дзяцінстве мне ўзімку падабаўся моцны мароз. І — хутчэй, хутчэй на вуліцу! З горак пакатацца, па возеры замерзлым… Любата! Але зараз ужо такога надвор’я не хочацца. Няхай лепей будзе сярэдні марозік. І каб абавязкова ляжаў снег! Я сама — са Случчыны. Муж атрымаў сюды размеркаванне, я прыехала разам з ім. Калі мы былі яшчэ студэнтамі, дык узімку абавязкова хадзілі на каток. Але гэтай зімой тут, у вёсцы, у нас — ніякіх забаў… Да маразоў прывычныя. Таму тыя вялікія градусы, што былі некалькі тыдняў, не напужалі. Але, па шчырасці, я больш люблю вясну, калі прырода ажывае, птушкі спяваюць. Тады і настрой добры…

 

Галіна ЦІМАФЕЕВА, спецыяліст аперацыйна-касавага аддзела ЦБУ №627 філіяла №500 Мінскага

ўпраўлення ААТ «АСБ Беларусбанк», г.Чэрвень:

— Без завеяў і замецяў, калі мароз не больш за 10-15 градусаў. Вельмі люблю, калі зверху падае снег — такі спакойны, сухі, пушысты… І калі на дрэвах шэрань, асабліва ўранку — гэта так прыгожа! Тады і прагуляцца прыемна. Хаця гэта толькі па дарозе на працу і з працы, а так на прагулкі, па шчырасці, часу не хапае. А вось такая слата, якая панавала ў гэтую зіму да сярэдзіны студзеня, зусім не падабаецца! Што ж датычыцца маразоў моцных, дык вытрымаць можна, толькі б  не было ветру. На жаль, і такое надвор’е нас сёлета напаткала. Зрэшты, я ўпэўнена, што прыгожая і камфортная зіма ў нас яшчэ наперадзе! Толькі хочацца спадзявацца, што без моцных завірух…

 

Лідзія НАХАМЧЫК, прадавец:

— Канешне, падабаецца больш не сцюдзёная, а мяккая. Хаця, вядома, перазімуем — і з такой, і з такой. А па вялікім рахунку, якая ёсць, такая і добра! Прыроду ж не памяняеш і пад свае жаданні не падстроіш… Памятаю, якія зімы былі ў нашым дзяцінстве. Сумёты — роўна з дахамі хатаў! Гэта было так цікава… І падабалася, і прывыкалі. А зараз — зусім не тое… Частка гэтай зімы добрая была, цёплая. А вось пасля мароз як прыціснуў… Ды на працы дужа некамфортна пачувалася, дык і пакупнікоў меней прыходзіла… Але што ёсць штодзень, тое і добра. Я стараюся ні на што не скардзіцца, нават у думках…

 

Вольга САЛДАЦЕНКА, намеснік дырэктара Турэцкага д/с-БШ па выхаваўчай рабоце:

— Люблю зіму зімную, зіму снежную. Каб сняжынкі павольна падалі, каб вакол было казачна прыгожа, дрэвы і кусты стаялі ў шэрані. Сёлетняя зіма паказала ўжо свой характар. Але ўсё б нічога, толькі на Новы год усё ж хацелася снегу. Так больш звыкла і прыемна, да душы… Нягледзячы на тое, што гэтая зіма пачалася позна, дужа не хочацца, каб яна позна і скончылася. Няхай лепей у пару, каб вясновыя месяцы былі менавіта вясновымі, а не саступалі хаця б на некаторы час месца зімовым… Узімку мы звычайна стараемся сям’ёю хаця б адзін-два разы за сезон выехаць у Мінск, каб на вялікіх лядовых пляцоўках пакатацца на каньках. Але сёлета яшчэ не былі. А самыя яркія зімовыя ўспаміны з дзяцінства — гэта як тата катаў нас на санках, у якія… быў запрэжаны наш вялізны сабака!

 

Распытвала і занатоўвала Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *