З рэйдамі – па праблемных сем’ях

Общество

У сувязі з тым, што ў зімовы перыяд у краіне пачасціліся сітуацыі, калі падчас няшчасных выпадкаў (на пажарах, вадаёмах і г.д.) гінуць непаўналетнія, на Чэрвеньшчыне прымаюцца дадатковыя меры па папярэджанні траўматызму і гібелі дзяцей.

Так, камісія па справах непаўналетніх райвыканкама разам з усімі зацікаўленымі ведамствамі  ладзіць рэйды па абследаванні жыллёва-бытавых умоў пражывання дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Як паведаміла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Сцяжко, 28 студзеня некалькі рэйдавых груп, куды ўвайшлі старшыні сельскіх і пасялковага выканкамаў, супрацоўнікі Чэрвеньскіх раённага аддзела ўнутраных спраў і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, педагогі, спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Энерганагляду, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі наведалі 73 праблемных сям’і. Апрача іншага, там праводзілі гутаркі, пры неабходнасці раздавалі буклеты. Як адзначалі ўдзельнікі рэйдаў, у многіх сем’ях разумеюць значымасць узнятых пытанняў, выпраўляюць недахопы альбо хаця б пачынаюць задумвацца над тым, як жывуць.

Але, па словах Наталлі Сцяжко, не абышлося без самага строгага рашэння. Так, 31 студзеня на пазачарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама дваіх непаўналетніх дзяцей прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і пастанавілі забраць іх у бацькоў. Хаця з гэтай сям’ёй вялася прафілактычная работа: маці прапаноўвалі дапамогу ў арганізацыі лячэння ад алкагольнай залежнасці, ва ўстановах адукацыі тлумачылі наступствы такіх паводзінаў. Але дарослыя так і не ўсвядомілі неабходнасці стаць на шлях выпраўлення.

А на пачатку лютага ў камісію па справах непаўналетніх паступіў сігнал аб злосным ухіленні ад выканання бацькоўскіх абавязкаў яшчэ ў адной сям’і. Там дзіцяці няма і года, а маці заўважана ва ўжыванні спіртных напояў. І тут малое трэба літаральна ратаваць…

Як зазначыла Наталля Сцяжко, рэйдавыя мерапрыемствы на тэрыторыі Чэрвеньшчыны працягваюцца.

С.МІРНАЯ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *