Юбілеі школьных выпускаў

Общество

Ларыса ШЭЛЕХАВА (ТАРАСІК), выпускніца СШ №2 г.Чэрвеня 1964 года:

“ДЗЯКУЙ ВАМ, ДАРАГІЯ НАСТАЎНІКІ!”

Паважаная рэдакцыя! Пішу вам з нагоды адметнай даты ў жыцці маім і школьных сяброў — 50-годдзя з часу заканчэння вучобы ў СШ №2 г.Чэрвеня.

… Здаецца, зусім нядаўна я трымала слова на лінейцы, прысвечанай апошняму званку. Дагаварыць не змагла — расплакалася. І мае сяброўкі, і нашы мамы, і настаўніцы расхваляваліся. Так, дзяцінства прайшло, а наперадзе — такое няпростае жыццё…

Маёй першай настаўніцай была Бася Давыдаўна Голуб. У другім класе нас вучыла Аляксандра Аляксееўна Лабудзева, потым — Марыя Рыгораўна Бурая… З пятага па сёмы клас класным кіраўніком была Надзея Антонаўна Акімава, а потым да самага заканчэння школы — Раіса Кузьмінічна Гарбацэвіч. Гэтыя дзве настаўніцы выкладалі беларускую мову і літаратуру. Ужо цяпер, з вышыні пражытых гадоў, разумееш, якія яны былі добрыя, чулыя, мудрыя і ўлюбёныя ў родную мову…

Дырэктарам школы на працягу ўсіх маіх гадоў навучання быў Аляксей Дзмітрыевіч Белагорцаў. Высокі, статны, былы ваенны. Выкладаў гісторыю. З захапленнем слухалі мы пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікам якой ён быў. Як і бацька, а то і маці — амаль у кожнага з нас. Патрыятызму хапала, а дырэктар быў для нас прызнаным аўтарытэтам.

Завуч школы Якаў Яўсеевіч Ідзельчык быў вельмі ўважлівым, тактоўным, умелым арганізатарам. Выкладаў рускую мову і літаратуру.

Грунтоўныя веды па фізіцы я атрымала, дзякуючы Уладзіміру Георгіевічу Дарагужу. Не толькі выдатнае веданне свайго прадмета, а і ўменне арганізаваць пазакласны час запомніліся мне на ўсё жыццё. Кожную суботу ў школе ладзілі вечар танцаў. А перад ім Уладзімір Георгіевіч часта ладкаваў літаратурныя ці музычныя віктарыны. З яго лабаранцкай заўсёды гучала музыка — сучасная і класічная. Пласцінак хапала, асабістая фанатэка ва Уладзіміра Дарагужа вялікая. А мяне ён заахвоціў збіраць маркі. Сустракаць світанак з намі, выпускнікамі, пайшоў таксама ён…

Настаўнікам фізічнай падрыхтоўкі працаваў Уладзімір Давыдавіч Злотнікаў. Не памятаю, ці была ў яго сям’я, але ўвесь дзень ён знаходзіўся ў школе: урокі, гурткі па валейболу, баскетболу і г.д. Дарэчы, усе вучні нашага класа займаліся фізпадрыхтоўкай, удзельнічалі ў розных спаборніцтвах на раённым і абласным узроўнях. Разам з Уладзімірам Георгіевічам Дарагужом ён ладкаваў улетку пасля заканчэння 6-8 класаў пешыя паходы па родным краі на 3-7 дзён. Нас вучылі ставіць палаткі, гатаваць ежу на вогнішчы. Пасля 9 і 10 класаў за заробленыя на будоўлі хлебазавода грошы (залівалі бітумам дах) ды іншых работах мы на аўтобусе ездзілі па абласных гарадах Беларусі, а таксама ў Кіеў, Адэсу…

Хімію выкладала ў нас Станіслава Іосіфаўна Елізарава. Дзякуючы ёй я атрымала такія веды па гэтаму прадмету, якія на ўступных экзаменах у медінстытут былі ацэнены камісіяй на «выдатна».

Замежную мову з дзявятага класа вяла Аляксандра Пятроўна Несцяровіч. З гэтай цудоўнай настаўніцай і яе мужам-настаўнікам, Яўгенам Антонавічам Несцяровічам, мне пашчасціла падтрымліваць стасункі яшчэ шмат гадоў — яны вучылі майго сына Яўгена, а потым і ўнука Аляксандра. Дзякуй ім за ўсё! І няхай яны жывуць доўга ў радасці і шчасці.

З 19 выпускнікоў нашага 11 «Б» класа 7 атрымалі медалі — залатыя і сярэбраныя. Амаль усе адзінаццацікласнікі атрымалі вышэйшую адукацыю.

Тыя, хто жыве ў Чэрвені ці часта бывае тут, бачаць, як маладзее і прыгажэе наша школа. А мы старымся… Але разам з гэтым усё ярчэй успаміны пра дзяцінства, школьныя гады — такія цудоўныя і бестурботныя…

Віншую вас, дарагія мае аднакласнікі, з нашым юбілеем! Дзякуй вам, дарагія настаўнікі, — тым, хто жывы. А тым, каго няма з намі, — светлая памяць.

Алена ШАТЭРНІК, в.Жураўкавічы, выпускніца СШ № 1 г.п. Смілавічы 1984 года:

“ЗАСТАВАЙЦЕСЯ, СЯБРЫ МАЕ, У ДУШЫ ЗАЎСЁДЫ МАЛАДЫМІ…”

Ну вось і зноў у нас сёлета — юбілей, зноў збірае нас школа. І ўсё добрае, што было, прыгадваецца так яскрава…

Скончылі мы СШ № 1 г.п. Смілавічы ў 1984 годзе. Зрэшты, тады школа была адна… А выпускных класаў у паралелі мелася тры — «А», «Б» і «В», і ў кожным — чалавек пад трыццаць.

Класным кіраўніком нам прызначылі маладога педагога Святлану Міхайлаўну Мазоўка. Яна ж стала і нашым выкладчыкам фізікі.

Памятаю, як нас сабралі ў актавай зале, і завуч прадставіў яе як выпускніцу нашай школы, якую яна ў свой час скончыла з залатым медалём. Затым мы перайшлі ў вучэбны кабінет і там пачалі знаёміцца. Святлана Міхайлаўна была ўсяго на некалькі гадоў старэйшая за нас. Так мы пачалі навучальны год.

Розныя сітуацыі прыгадваюцца. Аднойчы мы збіраліся ехаць на бульбу, і ў працоўнай вопратцы Святлана Міхайлаўна неяк сярод нас згубілася. Завуч школы, прайшоўшы міма яе, запытаўся: «А дзе ж ваша класная?!» Яна адгукнулася і пачула камплімент: «А я вас за вучаніцу прыняў…»

На сельгасработы мы тады ездзілі ўсім класам і заўсёды з песнямі на адкрытай грузавой машыне.

Час неяк праляцеў… І нават не верыцца, што ўжо выйшлі з гэтага ўзросту, што прайшло ажно трыццаць гадоў!

Любілі мы многія ўрокі, прычым практычна ўсім класам. Напрыклад, урокі рускай літаратуры. Яе выкладала мой класны кіраўнік з чацвёртага па восьмы клас Марыя Прохараўна Шутава.

Любілі настаўніка біялогіі — Мікалая Пахомавіча Зызо. Асабліва падабаліся яго дадатковыя заняткі перад урокамі.  Ён так цікава расказваў… Многія настаўнікі пайшлі з жыцця, а я памятаю іх і да гэтага часу.  Калі мы збіраемся класам, абавязкова іх прыгадваем.

Што датычыцца маіх аднакласнікаў, дык з некаторымі маю стасункі і да гэтага часу. Нягледзячы на тое, што ажно тры дзесяцігоддзі прамінула пасля заканчэння школы! Увогуле, практычна ўсе, каму я тэлефанавала напярэдадні нашага юбілею, з радасцю прынялі ідэю сабрацца ўсім разам. Папярэдняя сустрэча — пяць гадоў таму — атрымалася цікавай.

Хаця наш клас быў зборным — з «А» і «В», — але за два гады, што правучыліся разам, мы аб’ядналіся, зрабіліся адным цэлым. І ў многім — дзякуючы маладой класнай, да якой цягнуліся. Яна надавала нам азарту, але, бывала, і «прапясочвала», калі было за што. Мы стараліся яе не крыўдзіць.

Падчас нашых мінулых юбілеяў выпуску прыгадвалі мы і нашу настаўніцу матэматыкі Ніну Віктараўну Пяткевіч. Яе ўрокі былі самымі любімымі! І не толькі ў мяне, але і ў большасці класа. З задавальненнем наведвалі і матэматычны факультатыў. Чалавек 17 з класа мелі па прадмету «4» і «5». А атрымаць «выдатна» ў Ніны Віктараўны было вельмі і вельмі складана! Апрача адказу асноўнага, трэба было адказаць на дадатковыя пытанні. А наведванне факультатыву ставілася абавязковай умовай для тых, хто хацеў атрымаць «5» за чвэрць.

Калі мы пачалі паступаць у ВНУ, дык дзякуючы ведам, атрыманым ад Ніны Віктараўны, праблем з матэматыкай не было. З задавальненнем прыгадваем урокі і яе саму. Прыемна, што Ніна Віктараўна Пяткевіч і па сёння працуе ў нашай школе, а таксама паспяхова ўдзельнічае ў конкурсе прафесійнага майстэрства «Настаўнік года».

Як я зазначала ўжо, клас наш быў дружным. І праз гады мы пранеслі гэтае пачуццё сяброўства ў душы. Сазвоньваемся, сустракаемся… Я буду рада ўбачыць сваіх аднакласнікаў!

Віншую іх усіх з 30-годдзем выпуску, з юбілеем! Заставайцеся, сябры мае, у душы заўсёды маладымі. Няхай у вас заўсёды стае энергіі на ўсе справы і пачынанні.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *