Мілы сэрцу родны мой куточак

Общество

Вы чуеце? Гэта яна гамоніць — мая вёсачка, мой родны куточак. Гамоніць з ветрам, шэпча з лісцем… А то як запяе на ўсе галасы! Можна толькі душою, сэрцам адчуць яе подых.

Яна жывая! Яшчэ жывая… Сэрца сціскае боль. Боль за лёс маёй маленькай Радзімы. Прыгледзьцеся: яна нібыта старая, хворая кабета згорбілася заімшэлымі хатамі. Прыгожыя косы палеткаў збіліся ў калматае пустазелле, а твар яе пакрыўся маршчынамі пазарастаных сцежак. Як жыць? Дзе знайсці выратаванне, адкуль запрашаць лекараў?

Пачакайце… А я, а мы?!. Думаеце: «Позна, час надышоў, узрост, так бы мовіць…» Ды не. Узрост тут ні пры чым. Проста ў якісьці момант яна страціла моц. Але ж паглядзіце на яе: як яна прыбіраецца, калі на лета прыязджаюць яе дзеці, унукі, праўнукі. Вочы пачынаюць блішчаць ранішняй расою, косы прасціраюцца духмянымі травамі… І подых яе становіцца такі гучны, быццам кожны з жыхароў грае на музычным інструменце…

Узімку доўгія блішчастыя ледзяшы не мараць зваліцца на галаву са шматпавярховай вышыні, а проста падміргваюць і зіхацяць у сонечных прамянях.  На лужах, як і ў дзяцінстве, лёд патупаны нагамі, а не коламі аўтамабіляў. І горка для слізгання не чакае навамодных «ватрушак». Яна прымае, з чым прыйдзеш.

А ўвесну чысцюткія ручаі запрашаюць пусціць свой караблік дзяцінства. Два  старыя квітнеючыя сады  ап’яняюць сваім водарам. І бэз, які бы зноў ператварае нас у гарэзлівых школьнікаў.

Лета — гэта клопаты і адпачынак, дожджык і вясёлка ў небе,  жывы будзільнік пеўня і калыханка цвыркуна… Букеты з палявых кветак і выспеўшыя яблыкі на стале, разнастайнасць спраў і рознакаляровасць быцця… Усё такое жывое і непаўторнае…

Восень. Яна не проста залатая. Яна спелая, духмяная, грыбная. І шчодра дорыць пачастункі  сваім жыхарам і тым, хто завітае ў госці.

З замілаваннем хаджу па вуліцах вёскі, якія вабяць сваёй прыгажосцю. Старыя сядзібы нагадваюць дзяцінства, прыбраныя на «новы лад» двары радуюць вока разнастайнасцю ўбрання. А адноўленыя гараджанамі «хаткі» даюць спадзяванне на тое, што вёска будзе жыць.

Жыць, хоць і не на поўную моц. Але галоўнае — жыць! І гэта значыць,  што яна не згіне і не застанецца толькі ў нашай памяці, а будзе існаваць на сучасных картах. А мы, яе нашчадкі, заўсёды зможам прытуліцца да яе галавою, абняць вачыма і, укленчыўшы, адчуць яе водар — водар сваёй маленькай Радзімы…

Людміла ГРОЗНАЯ,

в. Горкаўская Слабада

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *