ВЫРАТАВАЛЬНІК — ГЭТА ГУЧЫЦЬ ГОРДА!

Безопасность

З 13 па 18 студзеня ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі г.п.Смілавічы прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання Дня выратавальніка. Дзеці знаёміліся з гэтай прафесіяй спачатку на занятках аб’яднанняў па інтарэсах у ходзе гутаркі з педагогамі, а потым атрыманую інфармацыю ў спалучэнні са сваёй фантазіяй увасаблялі ў вырабах.

Быў аб’яўлены конкурс на лепшую творчую работу. Напачатку падводзіліся вынікі ў кожным аб’яднанні па інтарэсах (удзельнiкаў было восем), а затым, 18 студзеня, кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшоў начальнік каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №2 Чэрвеньскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Антон Віктаравіч Харлан, абвясціла канчатковыя вынікі конкурсу і ўзнагародзіла пераможцаў каштоўнымі прызамі.

Экспазіцыя работ навучэнцаў была прадстаўлена вельмі ярка. Праз творчасць юныя мастакі раскрылі сваё бачанне пытанняў бяспекі, прафесіі выратавальніка-пажарнага, праблемаў пажараў і надзвычайных сітуацый, прафілактыкі пажараў у лясах ды іншых тэмаў.

Адметныя малюнкі і вырабы былі размешчаны ў фае Цэнтра. Прыцягненнем дзяцей да творчасці, новымі тэмамі для рэалізацыі талентаў вырашаецца адначасова і праблема вольнага часу падрастаючага пакалення. Выстава атрымалася багатай і разнастайнай.

Запамінальнай для ўдзельнікаў і гасцей свята стала літаратурна-музычная кампазіцыя «Выратавальнік — гэта гучыць горда!», падрыхтаваная педагогамі і выхаванцамі Цэнтра.

Заключным акордам стала выступленне Антона Віктаравіча Харлана перад дзецьмі. Яны даведаліся шмат новага і атрымалі кампетэнтныя адказы на ўсе пытанні. А пытанні былі самыя розныя: як правільна дзейнічаць пры ўзнікненні ўзгарання ў доме, якімі якасцямі характару павінен валодаць сапраўдны выратавальнік, дзе вучаць гэтай прафесіі і многія іншыя.

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ,

дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей

і моладзі г.п.Смілавічы.

Фота Наталлі СТЫДАЛЬ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *