Крыж — скарб старажытны

Духовность

У 2006 годзе у Мінску выйшла кніга Алены Карпенка «Абраз літы, старадаўні… Меднае мастацкае ліццё ХІІ-ХХ стагоддзяў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі  Беларусь. Альбом-каталог».  На той момант у збор музея ўваходзіць каля 200 жывапісных абразоў і 395 прадметаў ліцця (крыжы, іконы, складні); большасць паступленняў у музей — гэта  творы, канфіскаваныя на мытнях. І вось у  верасні 2007 года ў музеі адкрылася выстава «Скарбы старажытнага мастацтва. Іконы, кнігі, мастацкае ліццё ХІІ-ХХ стагоддзяў»— сумесны праект Нацыянальнага мастацкага музея і Веткаўскага музея народнай творчасці. Экспанаты, прывезеныя з Веткі,  галоўным чынам адносяцца да стараверскай культуры, якая прыйшла сюды ў канцы XVII  стагоддзя разам з уцекачамі  з  Маскоўшчыны.

Са старажытных часоў медналітая пластыка атрымала шырокае распаўсюджанне на землях Беларусі. Аб гэтым сведчаць знаходкі мясцовых жыхароў, прадметы археалагічных раскопванняў  у Менску, Віцебску, Тураве, Наваградку і іншых старажытных гарадах.  Зямля Чэрвеньшчыны таксама багатая на скарбы. Мой сусед, будаўнік Юры Юр’евіч Ласкутнікаў, капаючы мінулай вясною траншэю пад фундамент дома ў вёсцы Карзуны, знайшоў медны крыж, які вымусіў нас узяцца за вывучэнне гэтага старадаўняга твору мастацтва.  Што ж мы выявілі… Знойдзены крыж — нацельны мужчынскі,  буйнога памеру: маса 8 грамаў, даўжыня (з вушкам) 52 мм, шырыня 24 мм. На пачатку мінулага стагоддзя ён каштаваў тры з паловаю капейкі. Крыж пакрыты пацінай — танюсенькай залацістай плёнкай, што атрымалася шляхам адмысловай апрацоўкі. Такія крыжы, прытым розных памераў, вырабляліся ў ХVIII — пачатку  ХХ стагоддзя стараверскімі медналіцейнымі майстэрнямі. Дзе толькі не было такіх майстэрняў!  Сяло Чэркізава пад Масквой,  Краснае ля Кастрамы, Загар’е ля Ніжняга Ноўгарада і г.д. і  г.д. Безумоўна, была майстэрня і ў Ветцы. Адлівалі ў вялікай колькасці, пудамі. Гравёраў, якія выраблялі  формы, рыхтавалі  ў Маскве.

А цяпер дамо апісанне знаходкі…  Крыж чатырохканцовы. На пярэднім баку рэльефная выява васьміканцовага праваслаўнага Крыжа Галгофы з кап’ём і тросцю з губкай  па баках і Галавой Адама ля асновы. Над Крыжам надпіс па-царкоўнаславянску «ЦРЬ»  «СЛВЫ» — Цар Славы. Над асноўнай перакладзінай (сярэдняй) надпіс «ІС» «ХС» — Ісус Хрыстос, пад ёю «СНЪ» «БЖІЙ» — Сын Божы. Паміж дрэвам Крыжа і дрэўкамі кап’я і тросці размешчаны надпіс «НИКА» — Пераможац. На адваротным баку крыжа — тэкст з псалма 67:  «Да воскреснетъ Богъ, и расточатся врази Его, и да бежатъ от лица Его ненавидящии Его. Яко исчезаетъ дымъ, да исчезнутъ, яко таетъ воскъ от лица огня,  тако да погибнутъ.» Верх крыжа  выкананы ў выглядзе бусіны, на якой  тры вянцы, што сімвалізуюць Святую Тройцу.

Крыжы вырабляюцца і зараз. Напрыклад, ювелірная майстэрня «Онікс», што знаходзіцца ў горадзе Урэнь Ніжагародскай вобласці, вырабляе крыжы дакладна  такіх жа памераў  і з такім самым  малюнкам,  як апіса?ны старадаўні медны, але з серабра 925 пробы па цане 250 расійскіх рублёў за грам вырабу і з золата 585 пробы па 1950 расійскіх рублёў за грам вырабу. Старажытнае майстэрства продкаў не забытае!

Меднае ліццё, як і ліццё з іншых металаў, — частка культурнай спадчыны, што патрабуе пільнага вывучэння  і папулярызацыі.

Уладзімір Дарагуж,

краязнаўца

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *