І МЫ ДАКРАНУЛІСЯ ДА СВЯТЫНІ

Духовность

Днямі мне разам з групай смілаўчан пашчасціла  дакрануцца да хрысціянскіх святынь — Дароў валхвоў нованароджанаму Хрысту, якія амаль тыдзень  знаходзіліся ў царкве Іова Шматпакутніка Дома міласэрнасці ў Мінску. Як вядома, пастаянна яны захоўваюцца ў  манастыры Святога Паўла на Святой Гары Афон у Грэцыі. Кожны год тысячы паломнікаў з усяго свету прыязджаюць у гэты манастыр, каб пакланіцца святыні. І вось упершыню за тысячагадовую гісторыю хрысціянства дзякуючы  Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсея Русі Кірылу рэліквія з”явілася ў Беларусі. А да гэтага да духоўных каштоўнасцяў далучаліся жыхары Масквы і Санкт-Пецярбурга.

Дары валхвоў — адна з нямногіх рэліквій, звязаных з зямным жыццём Збаўцы, якая захавалася да нашых дзён. Яна ўяўляе сабой 28 трохкутных і квадратных залатых пласцін, мастацкі ўпрыгожаных розным арнаментам. Да кожнай з іх на сярэбранай нітцы падвешаны пацеркі з ладана і смірны, якія маюць сімвалічнае значэнне. Як паведамляе Евангеліе ад Матфея,  Хрысту золата было прынесена як Цару, ладан — як Богу, а смірна — як Чалавеку на пахаванне. І вось да гэтай вялікшай рэліквіі бясконцым патокам ішлі і ішлі  паломнікі: старыя, маладыя, з дзецьмі  на руках. Дарэчы, да гэтай святыні ўпершыню ў гісторыі яе захавання маюць магчымасць датыкнуцца і жанчыны, якім на Святую Гару Афон уваход заўсёды забаронены.

Суправаджаў нас, паломнікаў са Смілавіч, і даваў тлумачэнні ўраджэнец в. Карзуны Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, ад чаго ўражанні ад убачанага больш узмацніліся. Вялікі дзякуй яму!

Іван Ярашэвіч,

г.п. Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *