АД АПЕРАТАРА — ДА НАЧАЛЬНІКА

Люди и судьбы

Заўсёды прыемна сустракацца з колішнімі героямі публікацый, даведвацца, што змянілася за пэўны адрэзак часу ў іх асабістым жыцці, на працы… Не менш прыемна знаёміцца і з новымі людзьмі, якія ў будучым таксама стануць героямі публікацый.

Сёння мы распачынаем серыю аповедаў пра жыхароў г.п.Смілавічы, народжаных тут альбо прыезджых, а таксама пра тых, хто, так бы мовіць, становіцца смілаўчанінам толькі падчас працоўнага дня. А па яго заканчэнні вяртаецца дахаты ў іншы куточак Чэрвеньшчыны ці нават па-за межы нашага раёна.

Спадзяёмся, што чытачам «Раённага весніка», гэтак жа, як і нам, журналістам, прыемна будзе сустрэцца на старонках газеты са знаёмымі асобамі і даведацца, чым запоўнены іх будні і святы. А для пачатку зазірнём у светлае і ўтульнае памяшканне — Смілавіцкае аддзяленне паштовай сувязі.

З цяперашнім яго начальнікам Людмілай Яўгенаўнай Ільясевіч мы пазнаёміліся колькі гадоў таму, калі пра яе распавядалі, як пра лепшага аператара сувязі ў Смілавічах. Знаёмая яна чытачам і як гаспадыня прыгожага падворка, дзе ў сезон пануе кветкавая разнастайнасць. Ну, а для гэтай сустрэчы таксама атрымалася добрая нагода. Другога студзеня Людміла Ільясевіч святкавала 25 гадоў працы ў аддзяленні паштовай сувязі г.п.Смілавічы!

Цікава, што на пачатку дарослага жыцця яна і думаць не думала аб прафесіі паштавіка. Скончыла Смілавіцкі тэхнікум па спецыяльнасці «аграномія». На адпрацоўку трапіла ў тагачасны калгас імя Калініна, цэнтр якога знаходзіўся ў Шасціснопах. Праўда, працавала не на палетках, а ў аддзеле кадраў.

І ўсё ж штораз дабірацца на працу і з працы, асабліва ў непагадзь, было, мякка кажучы, некамфортна. Таму калі сваячка, Ірына Ільясевіч, тагачасная супрацоўніца Смілавіцкага аддзялення сувязі, прапанавала перайсці на працу да іх, пагадзілася. Але якім жа цяжкім аказаўся перыяд навучання мудрагелістай прафесіі… Гэта зараз пра той час Людміла Яўгенаўна прыгадвае калі не з усмешкай, дык цалкам спакойна…

— Нічога ў мяне не атрымлівалася, — зазначае. — І плакала, і кідала… Нават хацела вяртацца ў калгас. А ўявіце сабе, што тады ўсё было ўручную! Паперы, журналы розныя запаўняць, рахункі… Ляжалі на стале лічыльнікі, сургучніца стаяла… Да гэтага часу памятаю выпадак. Пасылку апрацоўвала і гарачым сургучам патрапіла на пальцы. Гэта быў жах! Ну так складана ўсё давалася…

Але, як вядома, той, хто вучыцца хоча, у рэшце рэшт, усяму і навучыцца. Так склалася і ў Людмілы Ільясевіч. Прычым яна настолькі разабралася ў асаблівасцях працы, што даволі хутка магла ўжо замяніць любога спецыяліста. Ды і з кар’ерным ростам усё складвалася даволі ўдала.

Напачатку працавала на пасылачнай касе, затым — на пераводнай. І гэта ўжо лічылася своеасаблівым павышэннем. Шмат гадоў рабіла намеснікам начальніка (тады — загадчыка) аддзялення сувязі. А вось начальнікам, зазначае, быць і зусім не імкнулася. Хаця такіх выразна акрэсленых магчымасцяў за 25 гадоў працы было не менш за тры. Ды і зараз, тлумачыць, так склалася, што давялося афіцыйна ўзначаліць калектыў.

Зразумела, што за чвэрць стагоддзя шмат чаго змянілася ў паштарскай працы. На змену ручным лічыльнікам прыйшлі электронныя лічыльныя «машынкі», з’явіліся камп’ютары. Апошнія дапамагала асвоіць адміністрацыя раённага вузла паштовай сувязі, ладзіла курсы. Са шчырай удзячнасцю прыгадвае Людміла Ільясевіч супрацоўніцу РВПС Ніну Аляксандраўну Калтовіч, якая выязджала на месца, паказвала, вучыла… І хаця было складана, але не цяжка.

З цягам часу калектыў аддзялення сувязі г.п.Смілавічы пераехаў у новы будынак. Пасля там зрабілі добры рамонт. І цяпер тут прыгожа, зручна, прасторна, утульна, цёпла, камфортна як супрацоўнікам, так і наведвальнікам. І гэта таксама дадае настрою самой Людміле Яўгенаўне. А ўвогуле, пераадолеўшы ўсе складанасці, яна раз і назаўсёды палюбіла паштарскую справу.

— Я яе так люблю, што цяжкасцяў не адчуваю, — шчыра прызнаецца. — Заўсёды іду сюды з задавальненнем. Нават адпачынак ледзь дома дабываю. Проста мала часу на кветкі, таму і застаюся. А так… Не магу дачакацца, калі выйду! Падабаецца ўсё — і абстаноўка, і самі адметнасці справы, і калектыў…

Як распавяла Людміла Ільясевіч, зараз у аддзяленні сувязі працуюць чатыры паштальёны. Але пастаянных — толькі два, яшчэ два — на падпрацоўцы. Вось і хвалюецца начальнік аддзялення сувязі штодня, каб толькі хто не звольніўся, не захварэў. Бо, маўляў, калі няма паштальёна, тады ў працы — поўны разлад. Трэба ці разносіць пошту самой, ці аператара адпускаць, а самой, зноў-такі, садзіцца на касу…

Зрэшты, і гэта за 25 гадоў працы Людміле Яўгенаўне даводзілася рабіць не аднойчы — і пошту разносіць, і аператараў падмяняць. Бо людзей жа, па вялікім рахунку, не цікавіць, якія складанасці ўзніклі ў паштавікоў. Яны чакаюць свае падпісныя выданні, паштовыя адпраўленні, пенсію ў прызначаны час…

Ну, а абслугоўванне непасрэдна ў самім аддзяленні сувязі забяспечваюць чатыры аператары, адзін з якіх працуе ў пункце МТС. Профільную адукацыю з ССНУ мае толькі адна дзяўчына. Астатнія, як калісьці і сама Людміла Ільясевіч, навучаліся на месцах.

Самае складанае ў працы паштавікоў — гэта, зразумела, правядзенне падпісных кампаній. І з кожным месяцам агітаваць за традыцыйныя папяровыя выданні, зазначае Людміла Яўгенаўна, робіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Моладзь і людзі сярэдняга ўзросту аддаюць перавагу інтэрнэт-прасторы. Пенсіянеры часцяком арыентуюцца на кошты. Але, тым не менш, зазначае начальнік аддзялення сувязі, «раёнку» ў Смілавічах любяць і, у асноўным, ад падпіскі на яе не адмаўляюцца. Зараз тут выпісалі 248 асобнікаў. Яшчэ пэўную колькасць ахвотныя набываюць у кіёску «Мінаблсаюздруку». А калі ўлічыць, што чытаюць нашу газету звычайна не па аднаму, а цэлымі сем’ямі… Можна смела множыць, у сярэднім, на тры…

Што ж датычыцца вось такіх адносінаў Людмілы Яўгенаўны Ільясевіч да працы, дык іх цэняць не толькі калегі і наведвальнікі, але і начальства. Мінулай восенню да дзявятага кастрычніка — свята паштавікоў — яна атрымала адзнаку «Ветэран працы».  І вельмі ўсцешана гэтым. Сапраўды, заслужана…

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *