Мы спыталі ў чытачоў

Общество

Пад акампанемент дажджу, усхліп лужынаў і завыванні ветру, на фоне рэдкіх сонечных промняў неўпрыкмет прамінулі такія чаканыя навагоднія святы. І хаця яны не былі суцэльнымі выхаднымі, як, прыкладам, у Расіі, але ўсім ахвотным да пачастункаў, забаў і проста вясёлага адпачынку, прыемнага баўлення часу ў кампаніі сяброў, відавочна, ёсць што прыгадаць… Мы сустракалі Нараджэнне Хрыстова па календарах праваслаўнай і каталіцкай канфесій, Новы год, стары Новы год… Вось апошні, дарэчы, парадаваў нарэшце чаканым снегам і марозікам! І пакуль яшчэ ўсё гэта не забылася, мы вырашылі спытаць у чытачоў:

 

«ЧЫМ ВАМ ЗАПОМНІЛІСЯ НАВАГОДНІЯ СВЯТЫ?»

Любоў ГАЎРЫЛОВІЧ, мастацкі кіраўнік Смілавіцкага гарпасялковага Дома культуры:

— Запомніліся найперш іх чаканнем, бо гэта — святы самыя вясёлыя, самыя любімыя. Новы год запомніўся мне тым, што я сустракала яго ўжо ў новым статусе — замужняй дамы, з новым прозвішчам… Безумоўна, запомніліся два ранішнікі, якія мы ладзілі для дзяцей са шматдзетных сем’яў і для выхаванцаў прытулку. А яшчэ гэтыя навагоднія святы запомняцца, відаць, надоўга поўнай адсутнасцю снегу і якімсьці восеньска-вясновым надвор’ем. Гэта пэўным чынам паўплывала на пераднавагодні настрой. Але ўсё роўна мы як работнікі культуры стараліся ствараць яго самі — для сябе і для навакольных, асабліва — для дзяцей, якія ад навагодніх святаў заўсёды чакаюць цудаў. За падрыхтоўкай на працы — да мерапрыемстваў і дома — да святкаванняў час праляцеў непрыкметна! Год гэты ў нас незвычайны — Сіняга Каня. Спадзяюся, што ён прынясе шмат прыемнага…

 

Эма АНЦІПЕНКА, дырэктар СШ №4 г.Чэрвеня:

— Найперш — цудоўным святочным настроем — вучняў, іх бацькоў, настаўнікаў… Ды і сваім уласным — таксама. Навагоднія ранішнікі, дзе дзеці прыходзяць у касцюмах, а ў зале з прыгажуняй-ёлкай іх сустракаюць Дзед Мароз і Снягурка, заўсёды вельмі радуюць. Канешне, шкада, што на Новы год, Раство, зімовыя школьныя вакацыі не было снегу, таму пры школе не працаваў каток і не было магчымасці ездзіць на лыжах… Але надвор’е на стары Новы год паказвае, што гэта ўсё яшчэ наперадзе. Прыемна было ў дні навагодніх святаў прагуляцца па гораду, палюбавацца на ёлку з агеньчыкамі на цэнтральнай плошчы Чэрвеня, на ілюмінацыю ў вокнах… Ну і, канешне, запомніліся гэтыя дні святкаваннем майго юбілею. Вельмі шмат было званкоў — ад родных, знаёмых, сяброў, калег… Віншаванняў, пажаданняў, прыемных слоў… А галоўнае, што побач са мной былі дарагія людзі — муж, дзеці, унукі…

 

Святлана ХАСЯНЕВІЧ, метадыст Цэнтра творчасці

дзяцей і моладзі г.п.Смілавічы:

— Паколькі я працую ў, так бы мовіць, творчай установе, дык, мабыць, мне больш і запомніліся навагоднія святы для нашых выхаванцаў — сваёй падрыхтоўкай. І радасць мне прыносіць тое, калі бачыш шчырыя ўсмешкі і захапленне гледачоў, калі яны дружнымі воплескамі ацэньваюць вынік тваёй працы. Успаміны ад гэтага застаюцца ў мяне надоўга. А што датычыцца асабістага святкавання, дык да душы мне болей Раство, якое нясе штосьці светлае, радаснае. Я заўсёды наведваю святочнае набажэнства ў нашай Смілавіцкай царкве. І яно таксама заўсёды запамінальнае. Тады сапраўды адчуваеш свята ўнутры сябе, а не толькі захапляешся якімісьці яго знешнімі атрыбутамі і праяўленнямі. Хачу зазначыць, што пры нашай працы выхадных практычна не бывае. Вось і напярэдадні Раства, шостага студзеня, я праводзіла ў музеі Хаіма Суціна экскурсію для гасцей з Расіі. І таксама адчувала радасць і захапленне ад таго, як яны слухаюць, як усё ўспрымаюць…

 

Кацярына ШАПУНОВА, аператар аддзялення сувязі «Чэрвень-2»:

— Гэты Новы год мы вырашылі святкаваць не ў сямейным коле, а з самымі блізкімі сябрамі. Пераапрануліся ў касцюмы Дзеда Мароза, Снягуркі ды нечысці. Усім вельмі спадабалася! Мы падаравалі адзін аднаму сувеніры. У мяне нават сабралася калекцыя навагодніх ёлачак, прычым розных — ад вялікіх да маленькіх. А ў сяброўкі атрымаўся набор анёлкаў.

Крыўдна, канешне, што не было снегу. Таму здавалася, што мы святкуем не Новы год, а штосьці накшталт 8 Сакавіка. Хаця настрой усё роўна быў цудоўны! Мы запускалі феерверк, хлопнулі вялікую хлапушку — на «мільярд еўра», каб ва ўсіх вадзіліся грошы ў гэтым годзе.

Яшчэ запомніўся наш удзел у раённым конкурсе Дзядоў Марозаў і Снягурак. Гэта было для нас штосьці новае, незвычайнае. І мы вельмі рады, што дастойна прадставілі сваю арганізацыю — раённы вузел паштовай сувязі, атрымалі падарункі. І не збіраемся на гэтым спыняцца, а марым дасягнуць у наступным годзе чагосьці большага…

Распытвала і занатоўвала Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *