У ЧАЦВЁРТЫ РАЗ — ХУТАР У ГОСЦІ ДА НАС

Общество

Ужо стала добрай традыцыяй, што падчас навагодніх святаў у госці да выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва са святочнай праграмай прыязджаюць дзеці і дарослыя з Хутарскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Гэтая сустрэча сталася ўжо чацвёртай. Адбылася яна ў рамках навагодняй і каляднай акцыі «Нашы дзеці» і прайшла пад дэвізам «Падзяліся цеплынёй свайго сэрца».

Казачныя героі віншавалі дзяцей і дарослых са святам, ладзілі гульні, загадвалі загадкі. Усе разам вадзілі карагоды, спявалі песні, расказвалі вершы Дзеду Марозу і Снягурцы… А дзейства адбывалася ва ўпрыгожанай зале, што, канешне, дадавала святочнага настрою. Паколькі такая сустрэча ладзіцца не ў першы раз, нашы выхаванцы шчыра радаваліся, калі бачылі сярод гасцей ужо добра знаёмых.

У ролі Дзеда Мароза выступіў вучань 8 класа Антон Пархомчык, у ролі Снягуркі — сямікласніца Дыяна Савіч. Снегавіком быў вучань сёмага класа Сяргей Сікірыцкі, Бабай Ягой — яго аднакласніца Ліка Ісаёнак, Зайцам — шасцікласніца Ліза Мазепа. А прадстаўленне яны падрыхтавалі пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара, музычнага кіраўніка Людмілы Уладзіміраўны Кульман і бібліятэкара Любові Мікалаеўны Міцкевіч. Мы шчыра ўдзячны гасцям за такое сяброўства!

Валянціна КАЦЬКО,

загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *