У краіне ішоў паволі перыяд застою. Дзяржавай кіраваў Л.І.Брэжнеў. Паказчыкамі плённай працы ў праваахоўнікаў лічылася паніжэнне крыміналу. Вялася барацьба за гонар і годнасць грамадзян, за іх добрапрыстойнасць. Дробныя злачынцы ды п’яныя дэбашыры, вядома, вадзіліся. Іх выяўлялі і выпраўлялі на прымусовае лячэнне. Не дапускалася і тунеядства. Праводзіліся рэйды па выяўленню злосных самагоншчыкаў. Канкурэнцыя з дзяржавай абыходзілася аматарам гандлю самагонам у разы. Лепшым участкам лічыўся той, дзе менш усяго мелася правапарушэнняў. Таму, калі праводзіліся прафілактычныя рэйды, многія ўчастковыя папярэджвалі сваіх вясковых сяброў, а тыя ўжо — сваіх блізкіх. Гэтак кума куме — і па ўсім сяле. І ўжо да прыезду міліцыі ў вёсцы была ціш, гладзь ды божая благадаць.
У гэты выезд начальнік памяняў уклад: не папярэдзіў куды запланавана наведацца. Накірунак атрымалі на ўчастак Шашуты пры ад’ездзе. Гэты немалады ўчастковы, у меры патрабавальны да людзей, нікому не шкодзіў. Але быў аматар выпіць і балабол. Мо таму і трапляў у камедыйныя гісторыі і сярод чэрвеньцаў быў на слыху. Кампанію яму саставілі шафёр-сяржант міліцыі і опер ужо са стажам.
У гэты ж дзень Тэкля гнала самагон. Яшчэ зранку яна адчула сябе кепска — ні то сэрца ціснула, а мо душа адчувала нешта нядобрае, адным словам, бабулі было пагана. Ды ўсё ж пачатую справу яна давяла да канца. Вынесла і прыхавала ўсе прычындалы. Знесла і брагу ў канец агарода ды прысыпала зямелькай. Заставалася разліць “зелле” па ёмкасцях і прыхаваць. У гэты час у хату ўскочыў суседскі хлапчук:
— Цётка Тэкля, мяне мамка прыслала папярэдзіць, міліцыя самагон шукае, яны ўжо ў нас.
А на стале — паўнюткае вядро самагону. Перапалоханая бабуля замяталася па хаце. Перад печчу, калі прыпадняць дзве палавіцы, выкапана ямка — успомніла яна раптам і, прыхапіўшы вядро з “зеллем”, кінулася туды. Але са двара ўжо чуліся галасы — відаць, ужо не паспее. Збянтэжаная ўшчэнт, зачапіла вядро з вадой, якое вісела на ланцугу (у тыя часы ў вясковых хатах перад печчу да столі прыбівалі ланцуг з крукам на канцы, дзе падвешвалі вядро з вадой). А вось пранясе, мільганула думка. Вядро з вадой ужо стаяла на падлозе, а з самагонам вісела на ланцугу, як і належыць, прыкрытае накрыўкай, і тут жа на круку — кубак.
Зайшоўшым у хату міліцыянерам шыбанула ў нос сівушным перагарам, і яны не тлумачылі, чаго прыйшлі, а збялелая ў твары бабуля, прыціснуўшыся спіной да печы, трымалася за сэрца. Каб неяк разрадзіць атмасферу, опер пажартаваў:
— Ну, налівай, бабуля! Вунь які водар у хаце, дэгуставаць будзем.
На стале заставалася бутэлька з зёлкамі, напалову залітая першаком. Мо, гэта і выратавала вынаходлівую бабулю, калі ўбачыла ў руках опера бутэльку:
— Хворая я, дзеткі, а гэтымі зёлкамі ад “рамацізны” ратуюся. Прасмярдзела ўжо ўся.
Не зважаючы на бабулю, вобыск усё ж распачалі. Рыючыся ў яе няхітрых пажытках, заглянулі ва ўсе закуткі, узнялі і палавіцы перад печчу, дзе мелася ямка.
…Перад рэйдам Шашута ёмка паснедаў бульбы з асяледцам, і цяпер яго дужа смажыла. Ён амаль адразу па прыходу падаўся да вядра з вадой, зачарпнуў. Ад некалькіх глыткоў перакрыла дыханне. Глянуўшы на Тэклю, яму падалося, што тую зараз душа пакіне. Перадыхнуўшы, дапіў “святую вадзіцу” і павесіў кубак. А вось пранясе, калі саратнікаў не пацягне да вады. Яму было шкада бабулю. Ціхая, адзінокая, хто ёй дапаможа? Вось яна і падрупілася, бо без гэтых “зёлак” дапамогі не чакай.
А хлопцы ўжо ізноў каля стала, пабоўталі бутэльку з зёлкамі, панюхалі і, параіўшы бабулі праветрыць памяшканне, падаліся да дзвярэй. Шашута ж на адыход апаражніў яшчэ адзін кубак, падміргнуў бабулі і выйшаў следам.
Невыносны пах сівухі суправаджаў аператыўнікаў і ў машыне. Шашута, распалажыўшыся на заднім сядзенні, адказаў на заўвагу так:
— Гэта вы жадаемае ўспрымаеце за наяўнае. Псіхалогія, братцы…
Расшалопалі толькі па прыбыцці ў міліцыю. Шашута беспрабудна спаў. Дзе і калі паспеў глынуць, ні на крок не адыходзячы ад іх, не маглі ўцяміць. Каб не падстаўляцца, адвезлі яго дамоў. Пройдзе нямала часу, і той не вытрымае, адкрые тайну.