«Для мяне гэта і асабістае свята»

Общество

Іван Ярашэвіч, г.п. Смілавічы:

Пастаянным жыхаром Смілавічаў  я  з’яўляюся з 1969 года. З гэтага часу і супрацоўнічаю з любай майму сэрцу раённай газетай. Дзякуючы ёй, адбыўся як чалавек пішучы. На старонках «раёнкі» пабачылі свет мае паэтычныя і празаічныя творы, краязнаўчыя росшукі. На падставе іх пасля выдаў некалькі кніжак.

З прыемнасцю падтрымліваю сяброўскія стасункі і зараз. Шчыра ўдзячны Аляксандру Бушэнку, Эме Мікульскай, Людміле Рабецкай, усім супрацоўнікам рэдакцыі за ўвагу да мяне. 95-гадовы юбілей «раёнкі» сустракаю як сваё асабістае свята.

Маю магчымасць параўноўваць наш «Раённы веснік» з трыма выданнямі такога ж кшталту, у тым ліку і прыватнымі. Як краязнаўца, сачу за іх зместам, звяртаю ўвагу і на афармленне. На мой погляд, яны саступаюць нашай «раёнцы», асабліва гэта датычыць фотаздымкаў Эмы Мікульскай і арыгінальных рубрык.

«Раённы веснік» вельмі дасведчана інфармуе жыхароў Чэрвеньшчыны аб мясцовых  падзеях, узнімае праблемы па пісьмах чытачоў, садзейнічае іх вырашэнню. Падборам аўтарытэтных аўтараў яна засяроджвае ўвагу на такіх важных аспектах, як добрасумленнасць, грамадзянскасць, патрыятызм, натхняе на працоўныя і творчыя здабыткі.  Паспяхова выконвае і такую функцыю, як  далучэнне да слынных традыцый Чэрвеньшчыны,  адданасці абранай прафесіі, ушанаванне людзей старэйшага пакалення, праслаўленне знакамітых землякоў, выхаванне моладзі. Газета адкрывае новыя імёны, паведамляе аб дзейнасці працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый. Вельмі цікава і шматбакова асвятляецца гісторыя Чэрвеньшчыны. Увогуле, кожнаму, хто сябруе з нашай «раёнкай», тут ёсць што пачытаць. Таму  чакаюць кожны яе нумар.

На мой погляд, поспех «Раённага весніка» грунтуецца  не толькі на высокім прафесіяналізме і творчым запале штатных супрацоўнікаў рэдакцыі, а і на шырокім далучэнні чытачоў, няштатных аўтараў да асвятлення жыцця Чэрвеньшчыны.

Прыемна, што гэта заўважана і адзначана ганаровымі ўзнагародамі.

Ад шчырага сэрца віншую калектыў рэдакцыі з 95-гадовым юбілеем газеты і зычу ўсім здароўя, творчых здабыткаў у працы, дабрабыту, асабістага шчасця і ўдзячных чытачоў.

Няхай і далей паспяхова выдаецца наша любімая газета, крочыць смела і вольна на задавальненне людзям!

Выказаныя мною думкі і пажаданні не толькі асабістыя, але і многіх жыхароў пасёлка Смілавічы.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *