НАВАГОДНЯЯ КАЗКА Ў ГІМНАЗІІ

Общество

Ну вось і прыйшоў Новы год… Як жа ўсе чакалі гэтага свята! Прыбіралі ў хатах і кватэрах, бегалі  ў крамы, накрывалі на стол… І цяпер  паўсюдна мігцяць рознакаляровыя лямпачкі, амаль у кожнага стаіць навагодняя ёлка… У хатах светла і ўтульна. Усе радуюцца, віншуюць адзін аднаго.

Новы год — гэта заўсёды чаканне цуду, чараўніцтва. У Новы год мы верым у лепшае, у самае добрае… Новы год прыйшоў і ў маю родную гімназію.

Вучэбны камітэт, старшынёй якога я з’яўляюся, на чале з педагогам-арганізатарам Анастасіяй Аляксандраўнай Рунцо і настаўніцай рускай мовы і літаратуры Наталляй Уладзіміраўнай  Камінскай зладзілі сапраўднае навагодняе свята ў апошні дзень другой чвэрці.

Рыхтавалі мы ўсё за некалькі дзён. Збіраліся разам, прыдумвалі, планавалі… І,нарэшце, напярэдадні свята, увечары, пачалі дзейнічаць.

Першае, што мы зрабілі, гэта крыху ўпрыгожылі вестыбюль і другі паверх.  Потым напяклі смачнага мядовага пячэння, раздрукавалі віншаванні для дарослых, а таксама запрашэнні на навагоднія ранішнікі. Паставілі мультымедыя на першым паверсе, іншую апаратуру — на другім.

Раніцаю ўсе, хто змог, прыйшлі зараней, каб хутчэй раскласці віншаванні, стаць на свае «пасты».  У восем гадзін усе пачалі працаваць. Я ўключала навагоднія відэа на мультымедыя кожны перапынак. Маленькія дзеці стаялі ля сценкі і глядзелі, смяяліся, хтосьці нават танцаваў. Побач працавала пошта: усе жадаючыя маглі павіншаваць адзін аднаго, настаўнікаў. Два алені, два эльфы і заяц хутка дастаўлялі ўсе лісты.

На другім паверсе працавала радыё. Дзяўчынкі расказвалі пра Новы год, пра традыцыі, па просьбах віншавалі ўсіх ці пэўных людзей, уключалі музыку.  Дзеці вадзілі карагоды з другога на першы паверх, з першага — на другі…

А яшчэ ў гімназіі быў невялікі флэшмоб! Мы папрасілі  тых, хто зможа, апрануць навагоднія шапачкі ці ўпрыгожыць сябе «дожджыкам». А які ж Новы год без Дзеда Мароза і Снягуркі?! Яны таксама меліся. Хадзілі па класах і віншавалі, чыталі вершы.

Было надта шумна, але весела. Я лічу, што кожны адчуў: свята ўжо блізка. Ну, а мы стараліся падараваць усім сапраўдны навагодні настрой.

Што нам абяцае сіні конік? Ніхто не ведае. Я спадзяюся, што толькі шчасце і вясёлы настрой, удачу і дабрабыт, любоў да бліжніх, надзею і веру ў лепшае!

 

Юлія АДАМОВІЧ,

вучаніца 10 класа гімназіі №1 г.Чэрвеня



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *