Віншуем вас, шаноўныя чытачы, са святамі!

Общество

Імклівасць заканчэння старога года пераймае ўжо і пачатак года новага. Здаецца, толькі-толькі мы рыхтаваліся да навагодняй ночы, а вось наперадзе ўжо і светлае свята Раства. І думкі радасныя, і пералівісты царкоўны звон, і трымценне лёгкіх крыльцаў нябачных анёлаў — усё гэта дорыць душы патрэбны супакой, настройвае на ўзнёсласць, дабрыню, чуллівасць, на жаданне стаць лепшымі… А яшчэ ж да нас спяшаюцца Каляды з іх забавамі, пераапрананнямі, весялосцю, смехам, жартамі… Напярэдадні гэтых святаў мы спыталі ў чытачоў:

«З ЯКІМІ ПАЧУЦЦЯМІ ВЫ СУСТРАКАЕЦЕ РАСТВО ХРЫСТОВА І КАЛЯДЫ?»

 

Алена ЛАДУЦЬКА, загадчыца крамы «Усё для дома»:

— Адчуваю і радасць, і хваляванне.  Ад свята Раства заўсёды чакаю чагосьці светлага, чыстага… Дарэчы, калі на дварэ снег, сонца, мароз, тады гэта спрыяе добраму настрою. Таму хочацца спадзявацца, што мы прычакаем снегу хаця б на Раство. Мая мама жыве ў Дзяржынску. Яна ўвесь час ходзіць у царкву, якая размешчана насупраць нашага дома. Мама заўсёды мне тэлефануе, віншуе са святамі, у тым ліку і з Раством, кажа, што і за мяне там свечку паставіць, усё зробіць, як належна… З дзяцінства памятаю, як  да гэтага дня мама абавязкова пякла булачкі, пірагі з капустай, з павідлам…

А калядаваць мы любім і ходзім! Вось, мабыць, толькі два апошнія гады неяк не хадзілі, а так — стараемся, касцюмы робім. Самі ў цыганоў пераапранемся, дзетак зайчыкамі апранем, на шыю — баранкаў вязку… Весела! Звычайна ходзім да сяброў і знаёмых — у пасёлку Мірны, дзе жывём, у Чэрвені, у Натальеўску.

 

Тамара ЗІМІНА, бібліятэкар Чэрвеньскай цэнтральнай бібліятэкі:

— Пачуцці святочныя, на душы радасна. Свята ёсць свята, асабліва — такое вялікае царкоўнае, сапраўды адметнае. На Раство ў царкве бываем, праўда, не штогод, а калі атрымліваецца. Але калі туды трапляем — з сынам старэйшым, з сястрой, дык адчуваем сябе ўзнёсла так, урачыста… Прыходзіш у царкву — і душа святкуе. А ідзеш туды сапраўды па поклічу сэрца, а не таму, што ўсе ходзяць ці што гэта модна… Там забываешся на праблемы, на будзённыя турботы, проста захапляешся святочнымі адчуваннямі. Дзеці ў агульных рысах таксама ведаюць, што гэта за свята. Старэйшаму сыну я чытаю дзіцячую Біблію, таму што ў яго перыядычна ўзнікаюць пытанні рэлігійнага зместу.

Я сама — родам з Гомельшчыны. І мы пастаянна ездзілі на Раство, на Каляды да бабулі ў вёску. У іх вялікая была сям’я. Мы збіраліся ўсе разам і святкавалі. Яшчэ з маёй сям’і захоўваецца традыцыя абменьвацца ў гэты святочны дзень падарункамі. І найперш хочацца зладзіць свята для дзяцей…

 

Ірына ГНЕДЧЫК, пенсіянерка:

— З Ражством у мяне звязаны добрыя сямейныя ўспаміны. Бацька з маці — Станіслаў Іванавіч і Вольга Данілаўна — яго паважалі.  Адметна тое, што маці мая нарадзілася на гэта свята.

Куццю рыхтавалі ўвечары. Столькі было мне, малой, радасці: бацька браў сена, клаў яго на стол, белым абрусам пакрываў і тады ўжо ставіў куццю. Гэтую традыцыю — як мае быць — не заўжды ў мяне выходзіць падтрымліваць. А вось Калядны пост стараюся выконваць.  Пасля яго адчуваеш сябе лёгка, нібыта на крылах лётаеш.

Раней царквы ў нас не было, ездзіла на праваслаўныя святы ў кафедральны сабор у Мінск. Дзяцей пакладу спаць і апошнім аўтобусам дабіраюся да сталіцы. Пасля ўсяночнай дадому вярталася на раннім аўтобусе (квіток тады 90 капеек каштаваў). Здаўна ў мяне гэта жаданне — наведваць царкву. Бацька і маці праваслаўныя, хацелася ва ўсім ім адпавядаць.

На Ражство абавязкова іду ў храм. Дома куццю прыгатую, сядзем сям’ёй за святочны стол. На ім усё лепшае павінна быць. Маленькія падаруначкі родным падрыхтую. У свята хочацца пажадаць усім добрага здароўя, і бацюшку з матушкай асабліва: яны шмат робяць, каб быў мір у нашых сям’ях і прыходзе.

Калісьці знайшла верш-пажаданне на Ражство. Вось некалькі радкоў з яго:

Светлая ноч на зямлю апусцілася, дабро і радасць напаўняюць дом.

Душа надзеяй светлай асвяцілася, поспеху, міру, шчасця — з Ражством!

 

Алена ХАРЫТОНАВА, муляр:

— Я вельмі сур’ёзна стаўлюся да пытання веры ў Бога, часта хаджу ў царкву, пашчуся, ведаю малітвы, вучу ім свайго пяцігадовага сынка Сямёна. У нас дома шмат іконаў, кніг пра праваслаўе. З-за таго, што Новы Год прыпадае на Калядны пост, нават і асаблівага свята 31-га снежня мы не ладзім. Новы Год для мяне не такі важны, як Ражство. Гатую вячэру, канешне, бо муж і дзіця хочуць чаго-небудзь смачненькага. Затое ж ужо 7 студзеня стол ломіцца ад смакаты і ласункаў!

Раней мы заўжды святкавалі ў бацькоўскай хаце. Калі не стала мамы, усё змянілася… Але ўсё ж такі адзначаем, хоць і з адчуваннем, што нечага вельмі важнага не хапае…

Сёлета я таксама пашчуся, малюся падчас паста, шмат разважаю пра Бога, пра сваю сям’ю, пра жыццё… Шостага студзеня ўсяго нагатую і пайду вечарам з Сямёнам на святочную Калядную службу ў Свята-Нікольскую царкву. Там будуць і мае сроднікі, пляменнікі, сябры. Калі пабудзеш у царкве, так хораша, спакойна на душы!.. Тым больш на Ражство. Яно і Вялікдзень, на мой погляд, два самых светлых і прыгожых святы.

Пасля службы сядзем з сям’ёй, роднымі за святочны стол, будзем віншавать одно аднаго, радавацца нараджэнню Хрыста. Днём з’ездзім на Астраўскія могілкі праведаць маму. Усім сяброўкам і радні патэлефаную, павіншую, пажадаю, каб Бог даваў здароўя і шчасця. Калі будзе снег, будзем катаць дзяцей на санках, у снежкі гуляць. Калі снега не будзе — нічога, таксама добра. Абы ў сэрцах радасць была, каб людзі злога не рабілі адзін аднаму, дрэннага не жадалі і Бога любілі ўсёй душою…

 

Арцём МУРАЎСКІ, інкасатар:

— Для мяне гэта будзе звычайны дзень. Магчыма нават, што буду сустракаць яго і на працы, калі прыпадзе на маё дзяжурства. Калі атрымаецца, што выхадны, то адпачну, як звычайна: смачна паем, пагляджу якое кіно, мо, з сябрамі сустрэнуся. У мяне бабуля набажная, яна ў царкву часта ходзіць, усе парадкі рэлігійныя ведае, і калі як што святкаваць, таксама. Яна бацькамі пакамандуе, як што зрабіць, як адзначыць. Мама, мабыць, будзе гатаваць традыцыйныя стравы, пойдуць у царкву. Ну, а я не вельмі рэлігійны чалавек, таму не ведаю, што вам яшчэ расказаць.

 

Іванна ПРЫСТУПА, вядучы тэхнолаг Чэрвеньскай друкарні:

— З самымі светлымі! Адразу прыгадваецца, як у нас дома, на Львоўшчыне (Украіна) святкавалі Раство і Каляды. Мы былі дзецьмі, але ўжо і тады ўсведамлялі, што гэта — вялікае свята. Вельмі чакалі яго, бо ведалі, што пад ёлкай знойдзем падарункі. А ёлку ставілі менавіта да Раства. Дарэчы, дома ў нас і да гэтага часу захоўваюцца ўсе традыцыі. І я толькі гады два не езджу да мамы на Раство, а так заўсёды старалася сустрэць яго менавіта ў родным сяле.

Стол у нас накрываецца па ўсіх правілах. Пад абрус кладзецца сена — як сімвал таго, што Хрыстос нарадзіўся ў сене. Усе стравы напярэдадні свята, шостага студзеня, толькі посныя, лікам — дванаццаць. І вось як на Вялікдзень пякуцца булкі, так на Раство — адмысловыя пляцёнкі з дражжавога цеста. Абавязкова варыцца куцця, прычым не з пярлоўкі, як тут, а з пшаніцы. Туды дадаюцца мёд, мак, арэхі… Памятаю, што ў гэты час у нас заўсёды хадзіла Каляда. Ды яна і зараз на Украіне ходзіць! І не толькі ў вёсках і сёлах, а і ў гарадах, у тым ліку — у вялікіх. Я таксама ведаю шмат калядных песень на ўкраінскай мове. І калі тут, у Чэрвені, мы ідзём да родзічаў мужа на Каляды, іх спяваю…

 

Алена САРОКА, індывідуальны прадпрымальнік:

— Увогуле, так атрымалася, што ў нашай сям’і мы адзначаем два святы — каталіцкае і праваслаўнае Раство. Але няма такога дзялення, дзе чыё свята. Сустракаем і тое, і тое — радасна, урачыста, з настроем. Так атрымалася, што ў мяне муж — каталік, а я — праваслаўная. І дзеці таксама падзяліліся: дачка — каталічка, сын — праваслаўны. Ёлку ставім да 25 снежня, рыхтуем невялікія сувеніры-падарункі сямейнікам. Кабанчыка закалолі (у нас свой дом), таму з гатаваннем страў праблем няма.

Калі ёсць магчымасць, на Раство іду на службу ў нашу чэрвеньскую царкву. Заходзіць туды са мной і муж. А калі мы едзем на Гродзеншчыну, адкуль ён родам, дык ужо я з ім заходжу ў касцёл. У пытаннях веры мы ніколі не спрачаемся, бо, як кажуць, Бог — адзін для ўсіх, правільна?

 

Любоў ШАХРАЙ, тэхнолаг:

— У вёсцы нашай — Буда, дзе прайшло маё дзяцінства — Ражство святкавалі ўсе. Ужо не ўспомню, што гатавалі, аднак добра памятаю, як за сталом збіраліся сям’ёй.

Для мяне адно з галоўных у свяце — служба ў царкве. Дзесяць гадоў наведваю храм, намагаюся на кожнае свята сюды прыйсці. Сама вера з гэтага пачынаецца: Хрыстос нарадзіўся. У храме адчуваецца дух урачыстасці, благадаці, дачынення да свята. Тут асаблівая атмасфера — цеплыні, яднання. Да Ражства дзеці з нядзельнай школы спектакль рыхтуюць, пераапранаюцца ў анёлаў. Многія не разумеюць, што жыць становіцца лягчэй, калі заходзіш у храм. Любая цяжкая сітуацыя, калі пачынаеш маліцца, вырашаецца. У першы момант  можаш засмучацца, што абставіны склаліся не так, як хацелася. Але мінае час, і бачыш, што ўсё вырашылася самым найлепшым чынам. Гэта маё асабістае жыццёвае назіранне.

На Ражство ўсім хачу пажадаць дабра і любві. Каб прасілі прабачэня і самі даравалі, падтрымлівалі адзін аднаго…

 

Зінаіда САДЧАНКА, пенсіянерка:

— Я пераехала на Чэрвеньшчыну з Брагінскага раёна. І вось якія там былі традыцыі. Мая маці заўсёды доўга гатавалася да гэтага свята. Менавіта яна прывіла мне любоў да Бога. Раней жылі вельмі бедна, але заўсёды чакалі ад гэтага свята цуда. Памятаю, як маці чытала малітвы, а мы паўтаралі ўслед. На стол сцяліла бялюткі абрус, клала сена, ставіла гаршчочак з поснай кашай, кампот з сухафруктаў, сушаных уюноў. Вось і ўся вячэра.

Пасля 7-га студзеня, калі была магчымасць, запякалі парасё, елі самае смачнае, что захавалі. А ў «шчодры вечар», 13-га студзеня, разам з матуляй вывучвалі песні. Цікава, што тыя песні прызначаліся да розных катэгорый. Напрыклад, для хлопца, для дзяўчыны, для жанатай пары. Так, прыпеў быў амаль аднолькавы: «Рождество пришло, радость принесло. Василля пришло, взвеселило. Иван-креститель воду окрестил, воду окрестил, на весь свет пустил, на всех рождённых, на нас крещённых.» Хлопцы майстравалі зорку з паперы, а ўнутры была свечка. Прыгожа было назіраць за такім «феерверкам».

Калі выйшла замуж, прыйшлося цяжка. Муж працаваў у райкаме партыі, у час СССР пра Бога ўсе забыліся, за гэта каралі. А цяпер раблю ўсё тое, што рабіла мая маці. Я памятаю і захоўваю абрады, перадаю іншым пакаленням. На наступны дзень прыязджаюць дзеці, унукі, праўнукі. Шчодра накрываем стол і адзначаем свята. Болей за дваццаць чалавек збіраецца ў хаце!

 

Ірына МАНУЛІК, пенсіянерка:

—Так атрымалася, што мы з мужам розных канфесій. Я каталічка, а ён праваслаўны. Таму мы спачатку адзначаем Ражство 25-га снежня. Вытрымліваем пост. Ужываем у ежу толькі посныя прадукты, асабліва строга накрываем святочны стол увечары 24-га снежня. А пасля ўжо крыху паслабляем пост, і так да 7-га студзеня. Якое ж свята без елкі? Традыцыяй ужо стала тое, што да нас прыязджаюць дзеці з унукамі, збіраемся за поснай вячэрай. Таксама ўжо каторы год я абавязкова выпякаю ў печы пірагі, але іх ядзім толькі назаўтра. Муж у калядны вечар абавязкова рыхтуе лазню. У царкву на службу не заўсёды атрымоўваецца патрапіць, але па тэлевізары заўсёды сочым за гэтым.

Пытанне задавалі і фатаграфавалі Святлана Адамовіч,

Сняжана Каўгарэня, Кацярына ШУМКО і Наталля Каралькевіч



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *