«ЯКІХ ЦУДАЎ ВЫ ХАЦЕЛІ Б ПРЫЧАКАЦЬ У НАВАГОДНЮЮ НОЧ?»

Общество

А вось цікава… З якога года, з якога стагоддзя прыйшла да нас традыцыя чакаць ад навагодніх святаў… менавіта цудаў? І не толькі ў дзяцінстве, але і ў дарослым жыцці? І няхай сабе спраўджваюцца гэтыя чаканні далёка не ўсе, не ва ўсіх і не заўсёды, але сам працэс так сагравае душу… Бо, як вядома, марыць не шкодна, а нават карысна!

І сёння, напярэдадні чароўнага, таямнічага, загадкавага свята, мы спыталі ў чытачоў:

«ЯКІХ ЦУДАЎ ВЫ ХАЦЕЛІ Б ПРЫЧАКАЦЬ У НАВАГОДНЮЮ НОЧ?»

 

 

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ, дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г.п.Смілавічы:

— Мабыць, як і ў дзяцінстве, прыгожая мара, вера ў цуды на Новы год сапраўды захоўваецца і ў дарослым жыцці. І ў навагоднюю ноч хочацца чагосьці нечаканага, незвычайнага… Таго, што ў ночы і дні іншыя проста не можа адбыцца. Прыгадваючы маленства, магу сказаць, што мары пра цуды… спраўджваюцца! Асабліва, калі доўга чакаеш і спадзяешся. І няхай гэта будзе ў выглядзе якогасьці маленькага падаруначка ад добрага чалавека… Вось ты нічога ад яго не чакаеш, а тут — сюрпрыз, цуд…

Для сваіх выхаванцаў Цэнтра мы таксама імкнёмся ў дні навагодніх святаў зрабіць цуды. Вось ніхто з іх не чакае, а мы ўручаем вялікія салодкія падарункі… Не чакаюць яны сюрпрызу, а мы для іх ладзім цікавую выязную экскурсію… Элемент нечаканасці — ён, напэўна, самы галоўны. І тады любое дзеянне можа  ўспрымацца, як цуд — і ў дзяцінстве, і ў дарослым жыцці. І гэты элемент абавязкова павінен прысутнічаць у навагоднюю ноч. Бо мы так стаміліся ад жыццёвых рэалій, ад пастулатаў, ад якіх нікуды не дзецца… І так хочацца, каб хаця б у адну ноч у годзе насамрэч адбыўся цуд!

Ды хочацца нават проста добрых стасункаў  з прыемнымі людзьмі! Сустрэчы з сябрамі, з якімі ў будзённасці не знаходзіцца часу на гэта. З-за вялікай занятасці на працы мы мала ўвагі надаём адносінам асабістым, нават з сям’ёй, бацькамі… А тут такая магчымасць арганізаваць свята стасункаў і ўзаемінаў…

Ну, а калі размаўляць ужо больш прадметна, дык для мяне цуд у навагоднюю ноч — гэта магчымасць сустрэць свята… на якімсьці экзатычным востраве, у поўным спакоі. Прыгожая прырода, шмат фруктаў, мора, сонца… Я б вельмі хацела! І калі б мне раптам падаравалі такую пуцёўку… Больш, як кажуць, няма чаго і жадаць.

Зрэшты, у Дзеда Мароза я, вядома, верыла ў дзяцінстве. Ды я і зараз у яго веру! І ён сапраўды можа завітаць зусім нечакана. З маленства ў мяне засталася вось такая вера ў дабро, якое, лічу, перамагае заўсёды. І хочацца яго заўсёды, а ў навагоднюю ноч — у вялікай колькасці…

 

Святлана САПРОНАВА, пенсіянерка, г.Чэрвень:

— А можна, я спачатку ўсё ж скажу не пра сябе, а пра дзяцей? Як колішняя настаўніца пачатковых класаў? Дзеткі-пачаткоўцы абавязкова павінны верыць у цуды! І калі я працавала з імі, дык у класе гаварыла, што ёсць на свеце сапраўдны Дзед Мароз. Канешне, былі і недаверлівыя позіркі… Але, у рэшце рэшт, не без дапамогі бацькоў, з якімі я таксама праводзіла адпаведную работу, дзеці верылі. І ўпэўніваліся ў праўдзівасці маіх слоў.

Дарослых на бацькоўскіх сходах я папярэджвала, што дзеці чакаюць навагодніх цудаў. Прапаноўвала звязаць вялізную шкарпэтку, якая, напоўненая цукеркамі, прысмакамі і ласункамі, у пэўны час павінна з’явіцца пад ёлкай альбо ў іншым месцы. А каб Дзед Мароз змог прынесці падарункі, дзецям трэба было пакінуць адчыненым комін, калі ў хаце ёсць печка, альбо фортку, калі гэта кватэра… І вось да чацвёртага класа школьнікі, з якімі я працавала, верылі ў навагоднія цуды!

Адкуль гэта ўзялося ў мяне? Канешне, з уласнага дзяцінства. Памятаю, як адзін час мы жылі ў вёсцы. Да Новага года мама шыла дзецям такія палатняныя мяшочкі, якія запаўняліся цукеркамі. І засаўку на коміне ў печы мы абавязкова пакідалі адчыненай! І вось аднойчы тата ў ролі Дзеда Мароза сапраўды змог зрабіць цуд! Не ведаю, як у яго атрымалася гэтыя палатняныя мяшэчкі насамрэч праз комін апусціць… Але ўявіце сабе… Першы дзень новага года. Мама завіхаецца па гаспадарцы і раптам заве нас. Маўляў, паглядзіце, а што гэта тут??? І мы ўбачылі, што палатняныя мяшочкі з цукеркамі… звісаюць з коміна прама ў печцы!!!

Дарэчы, у такіх жа мяшэчках нам уручалі цукеркі і ў школе. А ў вёсцы выбіралі аднаго з мужчын  і апраналі яго Дзедам Марозам. І вось ён хадзіў па хатах, дзе былі дзеці, і ўручаў падарункі. Гэтыя ўспаміны пра навагоднія цуды са мною — на ўсё жыццё.

Ну, а зараз, у маім узросце, я ўжо больш чакаю не цуду, а стабільнасці, павышэння дабрабыту, узаемапаразумення паміж людзьмі. Каб усе мы зрабіліся больш добрымі і ўважлівымі адзін да аднаго ў новым годзе. Каб нялёгкую настаўніцкую працу ацанілі так, як належыць. Каб душы нашы пацяплелі, а сучасныя дзеці шчыра радаваліся не камп’ютарным «стралялкам» ды монстрам, а вось такім добрым немудрагелістым цудам…

 

Юлія АДАМОВІЧ, вучаніца 10 класа гімназіі №1 г.Чэрвеня:

— О, у цуды я веру! У тое, што існуюць якіясьці чароўныя істоты, што ёсць якаясьці чароўная атмасфера — дзесьці паралельна з нашай рэальнасцю. А што датычыцца цудаў у навагоднюю ноч… Мабыць, я хацела б убачыць Дзеда Мароза, толькі самага сапраўднага — вось з гэтай казачнай рэальнасці! А яшчэ — знайсці на Новы год пад ёлкай асаблівы падарунак. Няхай сабе маленькі, але не ад бацькоў, як заўсёды, а сапраўды ад Дзеда Мароза. Каб убачыць пакуначак — і адразу ж здагадацца, што гэта і ёсць мой цуд, якога я прычакала…

Зрэшты, цудаў і так хапае вакол нас. Толькі трэба ў іх верыць і ўмець успрымаць, усведамляць менавіта цудамі. Напрыклад, 31-га снежня я любуюся рознакаляровымі агеньчыкамі на ёлках, дрэвах, у вітрынах… Дыхаю свежым хваёвым паветрам… Гляджу на іскрысты снег — калі ён ёсць, вядома… І гэта ўсё для мяне — цуды!

Лічу, што ў маім жыцці ўжо быў і самы сапраўдны навагодні цуд — два гады таму. Снегу тады не было зусім. І раптоўна ён пасыпаў… акурат 31-га снежня! Ды такі вялікі, ды столькі… Ён такім слоем укрыў зямлю, што здавалася — снег ляжыць ужо месяцы два!

Снегу сёлета, канешне, таксама хочацца, але нават калі і будзе паўтарэнне таго цуду, яно мяне так ужо не здзівіць і не захопіць. Але ўсё ж няхай снегу будзе многа-многа… Каб з прыемнасцю гуляць па ім у навагоднюю ноч і ляпіць снегавікоў!

Распытвала і занатоўвала

Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *