АД МЯНЕ ДОБРЫМ ЛЮДЗЯМ — УДЗЯЧНЫЯ СЛОВЫ…

Общество

Як мне здаецца, дзякаваць за добрыя справы трэба заўсёды. А напярэдадні святаў, асабліва такіх шматлікіх, як навагоднія, — абавязкова! Вось я і хачу падзякаваць добрым людзям, якія жывуць побач са мной.

І найперш — усім жыхарам вёскі Чарнаградзь за пастаянную дапамогу па добраўпарадкаванні населенага пункта. Разам з вамі мы робім добрую справу, шаноўныя! Ад усіх нас — падзяка і работнікам Валевачоўскага сельвыканкама, якія пачалі ставіць вакол чарнаградскіх могілак добрую агароджу. Гэта таксама боская справа — клопат пра спачылых.

Многім маім аднавяскоўцам на працягу года даводзілася звяртацца па медыцынскую дапамогу. І заўсёды яе аказваюць своечасова і прафесійна загадчыца Грабёнскай урачэбнай амбулаторыі  Людміла Віктараўна Грыбко, урач з Валевачоў Ірына Пятроўна Шубнікава… А што датычыцца нашага мясцовага ФАПа, дык яго нязменны фельчар Галіна Сцяпанаўна Пагірніцкая дапамагае людзям не толькі ўдзень, але і ўначы, калі патрэбна. Дзякуй вам, дарагія нашы медыцынскія работнікі!

Шчыра віншую з навагоднімі святамі гэтых добрых людзей, а таксама ўсіх жыхароў вёскі Чарнаградзь. Моцнага вам здароўя, шаноўныя, і ўсіх даброт у новым годзе!

З павагай — Валянціна ЗЕНЧЫК,

стараста вёскі Чарнаградзь



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *