ВЕСЯЛІЛІ НА ПЛОШЧЫ НАРОД, КАБ ХУТЧЭЙ НАДЫШОЎ НОВЫ ГОД!

Общество

А свята сапраўды прыходзіць… Чакай яго — не чакай, сустракай — не сустракай… Нават калі замест снегу на зямлі і асфальце — лужыны, а на тварах замест усмешак — сум… А снег… Ён яшчэ будзе — абавязкова! Няхай і не па нашай замове — хаця б у самую навагоднюю ноч, а крыху пазней… На капрызы прыроды мы паўплываць не можам. А вось настрой — уласны і навакольных — змяніць з самотнага на вясёлы можам лёгка! І ў гэтым маглі ўпэўніцца ўсе ахвотныя жыхары Чэрвеньшчыны і госці раёна (нават, як мне паведамілі, — з Расіі), хто не спужаўся 28 снежня імжы і шэрасці, а завітаў на плошчу Свабоды. Тут адбыліся вясёлая конкурсная шоў-праграма «Навагоднія забавы» і раённы кірмаш.

Напярэдадні праз аб’яву ў «раёнцы» аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама запрасіў паўдзельнічаць у творчым спаборніцтве Дзядоў Марозаў, Снягурак і іх казачных памочнікаў з арганізацый і ўстаноў Чэрвеньскага раёна ўсіх формаў уласнасці. Адгукнуліся дзесяць пар галоўных навагодніх персанажаў.

І ўсё ж арганізатары свята-конкурсу, відавочна, хваляваліся і перажывалі. Ці ўсе заяўленыя ўдзельнікі прыедуць-прыйдуць? Ці збяруцца гледачы? Усё часцей яны пазіралі на гадзіннікі, чакаючы, калі іх стрэлкі паведамяць: 10.20. А на плошчы тым часам разгортваўся перадсвяточны гандаль…

Як заўсёды, найбольшым попытам карысталася прадукцыя рыбгаса «Волма» — рыба свежая і вэнджаная. Не паспела яшчэ фірмовая машына спыніцца, як крыху воддаль выстраілася ладная чарга. Пакупнікоў спрытна абслугоўвала прадавец Галіна Акуліч з памочнікам. Цікавіліся людзі і прадукцыяй крамы «Турэцкі кумпячок». Падыходзілі і прыцэньваліся да валёнак — прадукцыі Смілавіцкай валяльна-лямцавай фабрыкі, прадуктаў і нехарчовых тавараў з гандлёвых кропак райспажыўтаварыства.

Дзеці, як заўсёды, упадабалі салодкую вату і забаўныя цацкі-трансформеры. Гандлявалі на кірмашы рознага віду сувенірнай прадукцыяй ды іншым. А Чэрвеньскі лясгас традыцыйна прапаноўваў жывыя ёлачкі. І ахвотныя набыць іх таксама былі…

Але вось ужо загучалі з мікрафонаў, устаноўленых на плошчы Свабоды, галасы дзвюх вядучых — дзвюх мініяцюрных Снягурак з Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і адпачынку (Кацярыны Малькевіч і Валерыі Цімохінай). Прывітаўшы ўсіх, яны так хораша праспявалі папулярную зімовую песню… А пасля далі старт міні-параду Дзядоў Марозаў, Снягурак і казачных персанажаў.

Пад бой барабана галоўнага Дзеда Мароза (што па асацыяцыі, відаць, павінна было нагадаць пра бой курантаў. А можа, і дапамагчы ўспомніць наша піянерскае дзяцінства?!) іх калона рушыла ад школы мастацтваў напрасткі да плошчы, зрабіла паўкруг ля ёлкі… А далей усе выстраіліся ў шарэнгу. І гледачы адразу ж пачалі іх актыўна здымаць на фотаапараты і камеры мабільных тэлефонаў. А паглядзець сапраўды было на каго… Усе — у адпаведных касцюмах, з патрэбнымі атрыбутамі…

Снягуркі-вядучыя зрабілі кароткі экскурс у гісторыю і адметнасці святкавання Новага года на Русі, у Фінляндыі і Францыі, прыгадаўшы тамтэйшых казачных персанажаў. А затым конкурсна-гульнёвая праграма — пачалася!

Па чарзе да мікрафона выходзілі прадстаўнікі Чэрвеньскага раённага вузла паштовай сувязі Мінскага філіяла «Белпошта», СШ №2 г.Чэрвеня, Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў, прафесійнага будаўнічага ліцэя, дзіцячага сада №2 г.Чэрвеня, райспажыўтаварыства, СШ №3, СШ №4, гімназіі №1 г.Чэрвеня, Чэрвеньскага лясгаса… І каманда «нячыстай сілы» — ізноў з раённага вузла паштовай сувязі. А журы ацэньвала каманду, выступленне ў пары «Дзед Мароз-Снягурка» і навагоднія насценгазеты.

Ой, як цудоўна выступалі абсалютна ўсе ўдзельнікі! Як яны «запальвалі» гледачоў! Колькі тут было гумару, смеху, весялосці, артыстызму, адмысловых творчых знаходак, шчырых віншавальных слоў, умення «трымаць залу» (у нашым выпадку — плошчу)! І вось шкада, што не так ужо і шмат жыхароў горада і раёна асмелілася выбрацца з дому ў такое надвор’е на свята. Бо пра ўсё словамі і нават фотаздымкамі не раскажаш, гэта трэба самім чуць і бачыць! Настрой узнімаўся, без перабольшання, да верхняй адзнакі!

Апрача адмысловых праграм, прадстаўленых уласна парамі «Дзед Мароз-Снягурка», вельмі стараліся іх казачныя памочнікі. Была тут і згаданая ўжо «нячыстая сіла» (у розных варыянтах, адны дык нават «біліся»… на пластыкавых бутэльках!), і Снежная Каралева, і Старая Шапакляк, і вялікія «групы падтрымкі»… Усе спявалі, таньчылі, віншавалі, кідалі «сняжкі» з цукеркамі ўнутры, выцягвалі Дзеда Мароза з заснежанага лесу, гулялі з дзецьмі, загадвалі загадкі, прапаноўвалі хорам працягнуць вершаваныя радкі, запрашалі дзетак пачытаць вершыкі, вадзілі карагоды, «цягнулі» ёлачку (ох, і ўмее СШ №4 рабіць тэатральныя пастаноўкі, яшчэ падчас конкурсу «Настаўнік года» вызначыліся!)… І ўсё гэта — лёгка, весела, задорна, пад апладысменты і захопленыя воклічы гледачоў, якія і падтрымлівалі, і падпявалі, і прытанцоўвалі, стоячы ля галоўнай ёлкі Чэрвеня, якая мігцела гірляндамі.

Асобна хочацца сказаць пра Чэрвеньскі раённы вузел паштовай сувязі, які прадставіў як пару «Дзед Мароз-Снягурка», хто пачынаў шоў-праграму, так і каманду «нечысці», якая яе завяршала. І тут зноў напоўніцу раскрылася творчая натура аператара сувязі Кацярыны Шапуновай, якая паказала сябе і падчас Дня падпісчыка, пра што распавядаў «Раённы веснік». Ну, а на плошчы яна напачатку пераўвасобілася ў Дзеда Мароза, а затым — у Кікімару. І як жа на пару з Марыяй Арыніч яны «запальвалі»! Ды і падчас выступлення іншых канкурсантаў Каця імкнулася разварушыць гледачоў. Таньчыла адна і з дзеткамі, рабіла з імі «паравозік»… І весялосць на плошчы панавала, у многім дзякуючы Кацюшы!

Яшчэ адна песня ад таленавітых Снягурак-вядучых — і журы ў складзе намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аксаны Качановіч ды галоўнага спецыяліста Ларысы Ефіменкі падводзіць вынікі і ўручае прызы.

Лепшымі Дзедам Марозам і Снягуркай названа пара гэтых казачных герояў з Чэрвеньскага дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў. Сапраўды, адно з самых яркіх і задорных выступленняў, аздобленых добрым вакалам, і самая вялікая «група падтрымкі» з ліку выхаванцаў, якая таксама актыўнічала. А ролі Дзеда Мароза і Снягуркі таленавіта згулялі Іван Панкавец і Ілона Карчэўская.

Лепшай навагодняй камандай па праву стала каманда з раённага вузла паштовай сувязі, якую ўзначальвала ў той дзень няўрымслівая Кацярына Шапунова. Ім жа ўручылі і прыз глядацкіх сімпатый.

Прыз за лепшую навагоднюю газету атрымаў калектыў дзіцячага сада №2 г.Чэрвеня. І асобныя прызы за актыўнасць дасталіся Кацярыне Шапуновай і Дзеду Марозу з гімназіі №1 г.Чэрвеня. Апошні нават адгукнуўся на прызыў першай пары выступоўцаў да дзетак-гледачоў — прачытаць навагодні вершык. Маўляў, можна? А то цэлы вечар напярэдадні вучыў… Зазначу: добра ў яго атрымалася. Ну, і на працягу ўсяго конкурсу ён сапраўды актыўнічаў.

Завяршылі свята госці з Беразіно — народны ансамбль песні «Лявоніха», якія хораша спявалі і прытанцоўвалі. А выступаць выйшлі ў адмысловых касцюмах.

І няхай надвор’е ў суботу было зусім не зімовым, адмярзалі рукі-ногі, а ў кагосьці і вушы… І няхай удзельнікаў конкурсу і гледачоў магло б быць і пабольш… Але навагодняе свята ў Чэрвень тым суботнім ранкам сапраўды прыйшло! Дзякуй арганізатарам, аўтарам сцэнару, вядучым, гукааператару, канкурсантам і ўсім, хто спрычыніўся да гэтага!

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 




Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *