Двор, дзе жыве сімвал будучага года

Люди и судьбы

Ужо заўтра наступіць Новы Год, які па ўсходняму календару стане годам Каня. Раней гэтая жывёліна была ледзь не ў кожным вясковым двары як верны памочнік па гаспадарцы. Зараз яе можна сустрэць у адзінак: ёсць іншыя спосабы ўзараць глебу і перавесці мяхі з гароднінай. Ды і патрабуе яна шмат увагі: належнага догляду і ўмоў утрымання.

Такія клопаты сям’ю Тумусаў — Таццяну Сцяпанаўну і Васіля Іванавіча з вёскі Горкаўская Слабада — не палохаюць. У іх гаспадарцы ёсць конь па мянушцы Рыжык.

Колькі яму гадоў — сказаць цяжка. Калі набывалі ў саўгасе за Смілавічамі, ужо тады ён быў самым старым у гаспадарцы. Падчас раённага «Уладара сяла», які праходзіў у мінулым годзе ў Лядах, з яго ўдзелам прайшоў адзін з іспытаў. Кожны гаспадар-канкурсант запрагаў Рыжыка, садзіў гаспадыню з дзецьмі ў фурманку, і павозка рабіла круг па стадыёне. У агульнай колькасці — 8 кругоў. Нягледзячы на ўзрост, Рыжык са сваёй задачай справіўся.

Бульбу вывезці на пасеў, зямлю забаранаваць, звезці мяхі з ураджаем — у гаспадарцы Тумасаў гэта робяць з яго дапамогай.

— Конь працавіты, рахманы, — заўважае гаспадыня. — Восенню яго запрагаем, дабіраемся да Забор’я, да лесу за вёскай, які ведаем, як свой. Абыдзем з дзедам зямлянкі, што з вайны там засталіся, агледзімся, пад канец падарожжа назбіраем у лесе грыбоў, каб з пустымі рукамі дадому не вяртацца.

Родам Валянціна Сцяпанаўна з вёскі Забор’е, пасля замужжа пераехала ў Аляксандраўку. З Васілём Іванавічам 52 гады жывуць разам, з’ядналі свае лёсы ў адзін. Залатое вяселле спраўлялі ў Горкаўскім сельскім Доме фальклору.

У іх нарадзілася 5 дзяцей, якія падаравалі сваім бацькам Васілю і Таццяне Тумусам 6 унукаў, а тыя — 4 праўнукаў. Родныя завітваюць у хату праз тыдзень-два. Дзеці ім раюць не трымаць вялікую гаспадарку… Ды не працаваць ні Таццяна Сцяпанаўна, ні Васіль Іванавіч не могуць: першым раніцай запальваецца святло ў іх хаце.

— Прачынаемся зацемна, — гаворыць гаспадыня. — Гэта ў маладосці сну не хапае. Калі працавала на ферме, прачыналася ноччу, а 3-й гадзіне, бо а 5-й — кароў у поле выганяць. Вечарам — да 11-й гадзіны яны заставаліся на лузе. Маці мне гаварыла: «Працуй так, каб людзі не смяяліся і прыклад з цябе бралі». Так і мы з Васілём дзяцей сваіх гадавалі. Жылі, каб не сорамна было дзецям за нас, і нам — за дзяцей.

Васіль і Таццяна Тумусы — вядомыя народныя ўмельцы, удзельнікі клуба рамёстваў «Майстры Іуменшчыны». У Вілейцы, на абласным конкурсе-аглядзе, іх працу адзначылі дыпломам. Калі засядуць кожны за сваё рамёства — ад працы не адарваць. У маладосці на гэта не хапала часу: дзяцей гадавалі.

Васіль Іванавіч займаецца лозапляценнем. Вучыць школьнікаў свайму рамяству, ды ў малых не хапае стараннасці і ўседлівасці. Таццяна Сцяпанаўна таксама вучыць маладое пакаленне — даўнім танцам. «Падыспан», «На рэчаньку», «Сямёнаўка», «Горкаўская полька»… Быў час, разам з 18 гаспадынямі з Горак і Горкаўскай Слабады спявала і танцавала ў калектыве «Сударушкі». Цяпер, у вольны час, вышывае ручнікі. У куце вісіць ручнік, якому гадоў каля 180. Атрымала яго Таццяна Сцяпанаўна ў спадчыну ад маці, а тая — ад сваёй цёткі. Некалі пачатковыя класы разам с настаўнікамі прыходзілі да іх у хату, нібыта ў музей.

Колькі разоў іх саміх запрашалі з Лядзенскай школы на экскурсіі па Чэрвеню, Смілавічам, Лагойску і г.д. І тое, что бачылі сярод музейных экспанатаў (кошыкі, ступы і інш.), — усё гэта было ў жыцці Таццяны і Васіля, складала вясковы быт.

— Лён у маладосці сеялі, рвалі, малацілі… Потым пралі, і цяпер калаўрот у хаце ёсць, — прыгадвае гаспадыня. — Багацця вялікага няма: што зрабілі сваімі рукамі — тое і маем.

Аднак ёсць у іх тое, чаго не ў кожнага сустрэнеш, — вялікая сям’я, дружная.

— Што чакаеце ад Новага года?

У адказ — пажаданне ад Таццяны Сцяпанаўны:

— Адно гавару — толькі б здаровілася, усё астатняе — не бяда.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *