ХРАМ, ДЗЕ ЗАЎСЁДЫ БУДУЦЬ АДЧЫНЕНЫ ДЗВЕРЫ

Духовность

Пярэдадзень Навагодніх і Калядных святаў сёлета пазначаны адметнай падзеяй у гісторыі Чэрвеньскага дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё першай на тэрыторыі падобных устаноў у Беларусі праваслаўнай царквы.

Невялікі, але па-хатняму ўтульны, з багатым унутраным убранствам божы храм, атрымаў назву ў гонар прападобнага Амфілохія Пачаеўскага. І гэта — глыбока сімвалічна. Народжаны ў 1894 годзе ва Украіне, айцец Амфілохій пражыў шматпакутнае жыццё. Служачы ў вайсковым лазарэце, ён бачыў хваробы і смерць салдат. Падчас першай сусветнай вайны трапіў у палон, з якога праз тры гады здолеў уцячы. У 1925 годзе сышоў паслушнікам у Пачаеўскі манастыр. У той час зачыняліся храмы, і прападобны стаў на іх абарону. З-за гэтага зведаў ганенні. Яго змяшчалі ў псіхіятрычную бальніцу, некалькі разоў спрабавалі атруціць. А аднойчы ўзімку моцна пабілі і пакінулі паміраць у ледзяной вадзе. Аднак з ласкі божай айцец Амфілохій выжыў. Пасля выздараўлення ён з яшчэ большай апантанасцю пачаў служыць Госпаду і, дзякуючы дару лячыць фізічныя і душэўныя хваробы, дапамагаць людзям…

— Ідэя пабудаваць царкву з’явілася каля чатырох гадоў таму ў нашых работнікаў, — распавядае дырэктар дома-інтэрната Уладзімір Семіжон. — Першапачаткова меркавалі паставіць пры ўваходзе і асвяціць крыж. Пазней думалі пра невялікую каплічку. Але потым у раёне прайшоў ураган і ў ваколіцах інтэрната з’явілася шмат будаўнічай драўніны. З яе, дзякуючы чэрвеньскаму прыватнаму прадпрымальніку Валерыю Белакапытаву, зладзілі зруб. У маі 2010 года фундамент і першыя вянцы будучай царквы асвяціў епіскап Барысаўскі Веніямін, вікарый Мінскай епархіі. Узводзілі храм усёй грамадой. Да штодзённых шчыраванняў нашых работнікаў і насельнікаў, якія працавалі на будоўлі, далучылі свой пасільны ўклад жыхары навакольных вёсак, вернікі з Чэрвеня і Смілавічаў, прыватны прадпрымальнік Уладзімір Манулік, дабрачынны фонд «Добра тут» і многія іншыя. Купалы і ўнутранае ўбранства забяспечыла Мінская  епархія. Усцешна, што задуманае спраўдзілася, і сёння мы маем цудоўны храм…

У дзень адкрыцця царквы вернікі пачалі збірацца ля яе задоўга да прызначанага часу ўрачыстасці. Усе з хваляваннем чакалі прыезду епіскапа Веніяміна, які меўся ўзначаліць святочную цырымонію. Уладыку сустрэлі пры ўваходзе ў храм караваем і кветкамі. Разам са святарамі нашага раёна ён правёў асвячэнне царквы і першую боскую літургію, падчас якой маліліся за здароў’е і спачын, за дабрабыт свету і Айчыны. Вянцом урачыстасці стаў Хросны ход вакол храма.

Віншуючы ўсіх з адкрыццём царквы, епіскап Веніямін зазначыў, што ў доме-інтэрнаце жывуць людзі, якія маюць асаблівую патрэбу ў дапамозе прападобнага Амфілохія. Гэта жа, як і работнікі ўстановы, бо ім неабходна вялікая цярплівасць і любоў, каб старанна выконваць свой высакародны абавязак.

Уладыка падараваў храму ікону «Усецарыца», а дырэктару інтэрната Уладзіміру Семіжону з удзячнасцю ўручыў складзень для малітвы з адмысловым надпісам. Кожны ўдзельнік урачыстасці атрымаў на памяць іконку з выявай вялікай беларускай святой, ігуменні Ефрасінні Полацкай.

Як распавёў Уладзімір Семіжон, мяркуецца, што служба ў царкве будзе праводзіцца не менш за тры разы на тыдзень. Але яе дзверы заўсёды адчынены для вернікаў. Каб кожны, хто мае патрэбу, у любы час мог зайсці ў храм, пастаяць у цішыні, памаліцца, падумаць аб вечным.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



1 комментарий по теме “ХРАМ, ДЗЕ ЗАЎСЁДЫ БУДУЦЬ АДЧЫНЕНЫ ДЗВЕРЫ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *