НЯХАЙ ПАРАЗУМЕЮЦЦА ЖАДАННІ І МАГЧЫМАСЦІ…

Общество

Як заўсёды, снежань праляцеў імгненна! Здаецца, яшчэ толькі быў самы яго пачатак, а вось ужо і 31-га на календары. Дзень турботны, клопатны, мітуслівы, напружаны… І ўсё ж такі жаданы і чаканы… Калі ўсё робіцца з настроем і прыемнасцю, у сэрцы пануе дабрыня… А душы так хочацца чагосьці незвычайнага, чароўнага…

А яшчэ вельмі хочацца СВЯТА! Вось такога, каб усё — вялікімі літарамі! Стаміўшыся ад шэрых — у прамым і пераносным сэнсе — будняў, хочацца рознакаляровасці, іскрыстасці, яркай хвойнай зеляніны, чароўных водараў-пахаў… І агеньчыкаў на ёлцы, і феерверкаў рознакаляровых… А самае галоўнае — святочнага настрою! Каб хаця б на суткі забыцца на ўсё, што азмрочвае думкі-адчуванні ў дні звычайныя… І каб ніхто-ніхто не здолеў яго сапсаваць, як бы ні стараўся!

Таму найперш, паважаныя сябры, мы шчыра зычым вам вось гэтага — цудоўнага навагодняга настрою! Калі весела і хораша на душы, тады і справы ўсе робяцца хутчэй ды якасней. Яшчэ жадаем вам, каб у навагоднюю ноч вашыя жаданні паразумеліся з магчымасцямі і каб кожны змог сустрэць свята, як кажуць, у лепшых традыцыях, ні ў чым сабе не адмаўляючы. Калі хтосьці не ўяўляе яго без кілаграма-другога мандарынаў, няхай яны — сакавітыя, салодкія, смачныя, самыя-самыя лепшыя! — будуць на вашым стале. Аматарам вытанчанасці пажадаем адмысловых келіхаў ды ўпрыгажэнняў, прыхільнікам класікі — навагодняга набору прадуктаў, страў і прадметаў у лепшых савецкіх традыцыях (аліўе і заліўная рыба толькі вітаюцца!)…

Жадаць можна многа…

Жадаць трэба доўга…

Галоўнае — шчыра, сардэчна і добра!

Таму з надыходзячым святам вас, шаноўныя чытачы! Няхай у кожнага навагодняя ноч пройдзе так, як задумвалася. Каб на ўсё хапіла і часу, і сіл, і жаданняў, і магчымасцяў, і натхнення. Няхай у новым, 2014-ым годзе здароўе робіцца мацнейшым, настрой — лепшым, а дабрабыт — трывалым. Усім — бадзёрасці, аптымізму, пабольш нагод для радасці і веры ў самы сапраўдны навагодні ЦУД!

Святлана АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *