ІХ АБ’ЯДНАЛА ТВОРЧАСЦЬ

Общество

На базе музея «Прастора Хаіма Суціна», які размешчаны ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі г.п.Смілавічы, на працягу апошніх чатырох гадоў ладзяцца пленэры юных мастакоў. Яны аб’ядноўваюць дзяцей, якія захапляюцца не толькі выяўленчым мастацтвам, але і творчасцю ў самым шырокім сэнсе гэтага слова.  У сваіх працах школьнікі разважаюць пра дабро, любоў, справядлівасць, спагаду, сатворчасць… І гэта з’яўляецца спосабам фарміравання неабыякавай асобы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

Арганізатарам пленэру з’яўляецца Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў, які ўзначальвае заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь, лаўрэат шматлікіх дзяржаўных прэмій Леанід Левін, а яго ўдзельнікі — самыя таленавітыя дзеці з шасці краін Еўропы: Беларусі, Балгарыі, Эстоніі, Харватыі, Малдовы, Сербіі. І ўсіх іх аб’ядноўвае творчасць.

Для хлопчыкаў і дзяўчынак нашага Цэнтра гэты пленэр — унікальная магчымасць пагутарыць са сваімі замежнымі аднагодкамі, падзяліцца творчымі ідэямі і знаходкамі.  Дзякуючы пленэру, яго ўдзельнікі атрымліваюць магчымасць будаваць сумесны мост дружбы, які злучае розныя краіны свету.

Сёлета для гасцей Цэнтра, а гэта саветнік па культуры Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў Галіна Левіна і 20 дзяцей з розных краін, нашы навучэнцы і педагогі падрыхтавалі пазнавальную экскурсію па творчых майстэрнях, па залах музея мастака з сусветным імем, ураджэнца г.п.Смілавічы Хаіма Суціна, майстар-клас па вырабе беларускай ільняной лялькі-абярэга. А ў дваццатых чыслах снежня нашых выхаванцаў госці запрасілі з візітам у адказ у музей гісторыі г.Мінска — на заключны этап мерапрыемства, а менавіта — на выставу мастацкіх работ усіх удзельнікаў.

Творчасць хвалюе кожнага, хто дакранаецца да яе. А гэта момант, калі адчыняеш футляр скрыпкі і бярэш яе ў рукі… Альбо калі бярэш пэндзаль, аловак, разгортваючы эцюднік ці альбом…. Але ў любым выпадку творца ператвараецца ў чараўніка.

Якое шчасце было мець стасункі з дзецьмі, якія прыехалі на гэты пленэр! Мы бачылі, як загараліся іх вочы ад усяго ўбачанага і пачутага. Яны рабіліся іншымі, калі спрабавалі свае сілы ў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці. Яны з галавой акуналіся ў свет мастацтва і стасункаў са сваімі беларускімі аднагодкамі, хоць і не валодалі рускай мовай. Майстар-клас пазнаёміў нашых гасцей з элементамі беларускай народнай творчасці, даў магчымасць дакрануцца да культуры нашай краіны.

На базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г.п.Смілавічы створана камфортнае асяроддзе і ўмовы для рэалізацыі розных творчых праектаў. Педагогі і навучэнцы заўсёды адкрыты для ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва, а таксама гатовыя падзяліцца сваім майстэрствам і ўменнямі.

 

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ,

дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г.п.Смілавічы

Фота Таццяны ТРЫГУБЯК

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *