У ПАСЛЯВАЕННЫЯ ЧАСЫ НОВЫ ГОД ДЛЯ НАС БЫЎ АСАБЛІВЫМ…

Общество

Кожны раз перад надыходам Новага года мяне ўзрушваюць настальгічныя ўспаміны пра маё далёкае незабыўнае пасляваеннае дзяцінства… Пра родную Горкаўскую школу, дзе я скончыла сем класаў, пра настаўнікаў, пра святкаванне Новага года ў школе…

То было цяжкае, але і вясёлае дзяцінства. Пасля летніх вакацый мы з нецярплівасцю чакалі сустрэчы са школай, з любімымі настаўнікамі. Пахла свежай фарбай. Сцены заўсёды былі аздоблены новымі шпалерамі, вокны ззялі чысцінёй, а на падаконніках стаялі кветкі. І гэта надавала нашай сустрэчы са школай асаблівы, святочны настрой. Хацелася, каб хутчэй пачаліся ўрокі, каб з прагай пачаць здабываць веды.

З удзячнасцю  прыгадваю сваю першую настаўніцу Марыю Кузьмінічну Ганчарык. Яе голас, яе добразычлівыя адносіны да вучняў мне запомніліся на ўсё жыццё. А галоўнае, што яна па аднаму на ўвесь клас (а гэта каля 30 вучняў) чорна-беламу буквару навучыла чытаць, пісаць, складаць словы і сказы… Буквар гэты і цяпер паўстае перад маімі вачыма — з вялікімі чорнымі малюнкамі і такімі ж вялікімі чорнымі літарамі. Дзякуй вам, дарагія настаўнікі, родная школа, што вы далі кожнаму вучню пуцёўку ў далейшае жыццё!

Прыгадваецца і тое, як мы, вучні, святкавалі Новы год, як рыхтаваліся да яго разам з настаўнікамі. Цацкі выраблялі, у асноўным, з рознакаляровай паперы. З-пад нашых рук выходзілі гірлянды, буслікі, караблікі, а з саломкі — павучкі ды іншае. І калі надыходзіла доўгачаканая пара ўпрыгожвання навагодняй ёлкі, радасці нашай не было мяжы!

Здавалася, што прыгажэйшага дрэўца няма нідзе! Вакол ёлкі мы вадзілі карагоды, спявалі песні, танцавалі, чыталі вершы і з нецярплівасцю чакалі сустрэчы з Дзедам Марозам.  Яго са школьнага двара ўвозілі на санках разам з гарманістам! І свята — доўжылася…

Асаблівы рытуал, якога мы вельмі чакалі — гэта ўручэнне навагодніх падарункаў. Да ёлкі ставіўся стол, на якім былі каробкі з расфасаванымі ў кулькі цукеркамі — гарошкам і рознакаляровымі падушачкамі. Дзед Мароз, у якога звычайна пераапранаўся дырэктар школы Мікалай Ільіч Ладуцька, падыходзіў да стала, і мы па чарзе атрымлівалі з яго рук доўгачаканую смакату…

З прыемнасцю ўспамінаюцца і іншыя мерапрыемствы ў нашай школе, але Новы год — па-асабліваму. Дзякуй вам, дарагія настаўнікі, што вы ў цяжкія пасляваенныя гады стараліся не толькі даць веды кожнаму вучню, але і падараваць радасць… Нізкі вам паклон!

Рэгіна ШАЛУПЕНКА, в.Рэчкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *