У адзін з самых кароткіх светлавых дзён года, 22 снежня, энергетыкі адзначаюць сваё прафесійнае свята

Общество

На здымку: у дыспетчарскай службе Чэрвеньскага РЭС галоўны інжынер Сяргей Валер’евіч ТУКАЙ і дыспетчар Сяргей Аляксандравіч Аўсяннікаў (злева направа).  Менавіта ад іх крапатлівай, бездакорнай працы, а таксама яшчэ 83  супрацоўнікаў, у тым ліку і 13 электраманцёраў, залежыць у многім работа прамысловых прадпрыемстваў, дзяржаўных устаноў, школ, бальніц, сельскіх гаспадарак, камфорт у дамах і кватэрах  жыхароў нашага раёна.

Працягласць усіх абслугоўваемых электраліній дасягае 1787 кіламетраў, а яшчэ пад пільным кантролем 626 трансфарматарных падстанцый. Калектыў паспяхова спраўляецца са сваёй асноўнай задачай — бесперабойным, якасным і надзейным электразабеспячэннем спажыўцоў. Большасць спецыялістаў РЭС — вопытныя прафесіяналы сваёй справы. Так, дыспетчар Сяргей Аляксандравіч Аўсяннікаў працуе 13 гадоў. Ён мае сярэдне-спецяльную адукацыю. І хоць службовыя абавязкі афіцыйна прапісаны яму ажно на трох аркушах паперы, работу сваю любіць. Распавядае, што з калектывам, у якім ёсць узаемапаразуменне і падтрымка, а менавіта такі ў Чэрвеньскім РЭС, працаваць добра, з самымі непрадказальнымі альбо экстрэмальнымі сітуацыямі спраўляюцца заўжды. А яны, гэтыя сітуацыі, здараюцца. І хоць, на шчасце, абмінае наш раён знішчальна сіла Хаўера ці якога-небудзь іншага ўрагана, аднак моцныя мяцеліцы і наледзі таксама дастаўляюць нямала клопатаў энергетыкам.

У галоўнага інжынера Сяргея Валер’евіча Тукая — дзесяцігадовы працоўны стаж.  Ён закончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію, працаваў напачатку майстрам, потым начальнікам дыспетчарскай службы, так што на практыцы зведаў многае і вопыту яму не займаць. Зрэшты, як і многім іншым, хто выбраў няпростую справу энергетыка і аддана ёй служыць.

Эма МІКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *