«ТЫДЗЕНЬ МІЛАСЭРНАСЦІ»

Общество

Так называўся шэраг мерапрыемстваў, у якім актыўны ўдзел браў чэрвеньскі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Тут падрыхтавалі спецыяльную праграму «Дзень дабра» для дзетак з асаблівасцямі фізічнага альбо псіхічнага развіцця, выхаванцаў спецыяльных устаноў — Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, інтэрната для дзяцей-інвалідаў і інтэграваных груп дзіцячага садка №1.

Адна сустрэча адбылася ў самім ЦДТ. Сюды завіталі з карэкцыйнага цэнтра. Гэта былі хлопцы і дзяўчаты ад 8 да 18 гадоў і адно чатырохгадовае дзіця. Прыйшлі яны разам з бацькамі і выхавацелямі. Удзельнікі гурткоў, што працуюць у ЦДТ, спецыяльна да гэтага дня зрабілі невялічкія сувеніры — вясёлых асьміножкаў з тканіны, якіх падарылі гасцям. Акрамя гэтага, падрыхтаваная імі забаўляльная праграма была адаптаванай да асаблівых дзетак і інклюзіўнай — ўтрымлівала гульні, забавы, у якіх удзельнічалі не толькі гаспадары, але і госці.

Дзве такія ж праграмы навучэнцы Цэнтра дзіцячай творчасці правялі ў інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў і дзіцячым садку №1, у якім ёсць інтэграваныя групы для выхаванцаў з асаблівасцямі развіцця. Сюды завіталі два клоуны, Бім і Бом. Гэтыя вясёлыя гарэзы больш за гадзіну забаўлялі дзетак, спявалі, ладзілі гульні. Дзеці з захапленнем разглядалі незвычайных гасцей, імкнуліся быць да іх бліжэй, каб атрымаць часцінку вясёлага сонечнага цяпла, што дарылі пераапранутыя дзяўчаты з ЦДТ. Сувеніры ад гурткоўцаў прынесены былі і сюды. Іх атрымалі ўсе маленькія ўдзельнікі мерапрыемства.

З яскравым і яркім канцэртам выхаванцы ЦДТ выступілі і ў дзіцячым інтэрнаце. Яго выхаванцы — самыя непасрэдныя і добразычлівыя гледачы і слухачы. Кожны нумар, кожны выхад гасцей на сцэну яны суправаджалі апладысментамі і шчырымі ўсмешкамі.

Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Мая БЯЛЕВІЧ адзначыла: «ЦДТ не першы раз рыхтуе для нашых падапечных такія праграмы. Мы супрацоўнічаем ужо некалькі гадоў. Прыемна, што іх забаўляльныя праграмы інклюзіўныя, інакш кажучы — сумесныя са звычайнымі дзецьмі, бацькамі, выхавацелямі. Гульні, забавы заўжды прадуманыя, адаптаваны спецыяльна для дзетак з асаблівасцямі развіцця. Нават тое, што нас запрашаюць менавіта на тэрыторыю ЦДТ, ужо шмат значыць: для нашых выхаванцаў гэта — цэлая падзея! Вось і зараз, пабываўшы ў ЦДТ на «Дні дабра», нашы дзеці атрымалі шмат прыемных уражанняў, былі радыя стасункам са сваімі равеснікамі».

Дырэктар Цэнтра дзіцячай творчасці Людміла ДУЖАВА падзякавала ўсім сваім маленькім артыстам, вядучым, масавікам-забаўляльнікам, якія падрыхтавалі і праводзілі праграмы «Тыдня міласэрнасці»: «Вельмі пастараліся Анастасія ЛОЙКА, Ірына КАЛОША і Кацярына АСАДУЛАЕВА, Анечка КОСАРАВА і Дзіма МІХНЮК, добра выступілі Наташа ГРАШАВІКОВА, Даша БАТОРШЫНА, танцавальныя калектывы «Нэкст» і «Аднаклашкі», Аліна ЛАБКО, Паліна ЯЎСЕЕНКА. Такія мерапрыемствы патрэбны не толькі хворым дзеткам, якім крыху не хапае стасункаў і шматквецця вялікага і цікавага знешняга свету. Такія сустрэчы патрэбны і звычайным дзецям, каб навучыцца паразуменню і міласэрнасці».

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Ірыны КАЛОША

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *