НА ВЕРНАСЦЬ АЙЧЫНЕ СЫН ПРЫСЯГНУЎ…

Общество

Здаецца, яшчэ нядаўна Віталік быў маленькім… Вучыўся ў школе… Аднойчы падчас сельгасработ знайшоў на полі бульбіну ў выглядзе сэрца. Пра гэта тады распавяла «раёнка». Скончыў наш ліцэй, атрымаўшы спецыяльнасць «слесар-сантэхнік-зваршчык». Працаваў у МПМК-237, ПМК-8… Атрымаў вадзіцельскае пасведчанне, мае катэгорыі «В» і «С».

Зараз сыну ўжо — дзевятнаццаты год. І ён — вайсковец. Служыць хацеў. Разумее, што войска ёсць войска. Трэба аддаць Радзіме свой воінскі абавязак і жыць пасля з чыстым сумленнем…

Прызвалі Віталя на службу 22 лістапада. Трапіў у 740-ую Мінскую зенітную ракетную брыгаду, якая знаходзіцца ў Барысаве. А 14 снежня ён разам з іншымі саслужыўцамі прысягнуў на вернасць Айчыне…

Паглядзець на прыняцце сынам прысягі, павіншаваць яго паехалі я з жонкай Аксанай, Аксаніны тата і брат. Народу было — не прабіцца! Напачатку нават не бачылі, дзе наш сын, у якой шарэнзе стаіць. Здавалася, усе салдаты — на адзін твар. Ды і разглядаць даводзілася з-за спінаў іншых. Але, у рэшце рэшт, мы яго ўбачылі…

Гэта было вельмі хвалююча, калі сын зачытваў словы прысягі, распісваўся, прымаў віншаванні ад начальства. Пасля заканчэння ўрачыстасцяў нам паказалі сталовую, казармы, ваенную тэхніку… Затым навабранцаў адпусцілі да шасці вечара, і мы атрымалі магчымасць пабыць з сынам.

Дарэчы, мы ўжо і да прысягі ездзілі да яго — паглядзець, як уладкаваўся. Бо ўсё роўна сэрца было не на месцы… Ды і зараз дома адчуваецца, што чагосьці не хапае. Пакуль яшчэ прывыкнем. Жонка вельмі сумуе. Мы цырымонію прысягі здымалі на відэакамеру. І калі цяпер праглядаем, дык Аксана не можа стрымаць слёз… Але гэта — звычайныя справы. Галоўнае, каб сын служыў сумленна, каб усё ў яго атрымлівалася, усё было ў парадку.

Цяпер жа і служба праходзіць па-рознаму. У сына ёсць мабільны тэлефон, і з васьмі да дзевяці гадзін вечара ён можа ім карыстацца. Калі тэлефануе нам, дык цікавіцца, што робіцца дома, пра ўсіх распытаецца… Зусім ужо іншыя размовы… Адно слова — вайсковец…

Галоўнае — ні на што не скардзіцца. Не прыціскаюць, ежы хапае. Думаю, з падрыхтоўкай таксама будзе ўсё ў парадку. Да войска сын спортам займаўся. Штангу падымаў, на турніку ўсё атрымлівалася. Вось толькі, казаў, па першасці ў войску ногі балелі пасля прабежак. Пакуль мышцы прывыкнуць…

Зараз мы чакаем званкоў сына, вельмі перажываем за яго. І спадзяёмся, што ў прызначаны тэрмін ён прыйдзе ў адпачынак, заслужыць яго сваёй стараннасцю…

Валянцін ПЯНЬКОЎСКІ, г.Чэрвень

Фота з сямейнага альбома ПЯНЬКОЎСКІХ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *