Праблемныя пытанні ў будаўнічай галіне і ўдасканаленне работы з кіруючымі кадрамі абмеркаваны 10 снежня на рэспубліканскай нарадзе

Официально

Паводле слоў Прэзідэнта, неапраўдана зацягнутыя тэрміны жыллёвага будаўніцтва і нястрымны рост цэн на пратэрмінаванае жыллё выклікаюць найбольшую незадаволенасць людзей. Раскрыты абуральныя факты падману дольшчыкаў. «Знайшліся дзеячы, якія аб’явілі аб будаўніцтве дома, з дольшчыкаў збіралі грошы, а потым транжырылі іх. У выніку пакідалі людзей і без жылля, і без сродкаў…», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што па яго даручэнню ў чэрвені бягучага года праведзена інвентарызацыя ўсіх праблемных будоўляў. «На сённяшні дзень з 380 дамоў, уключаных у пералік праблемных, ужо ўведзена ў эксплуатацыю 200. Да канца года, па запэўніваннях мясцовых органаў улады, будуць уведзены ў эксплуатацыю амаль 100 дамоў, і 80-85 даўгабудаў будуць уведзены ў 2014 годзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў асаблівую ўвагу ўдзельнікаў нарады на неабходнасць дакладна выканаць названыя тэрміны. «Раней я распарадзіўся да канца гэтага года ўсе праблемныя дамы ўвесці ў строй. Але палічылі — праслязіліся. Добра, калі з 400 дамоў застанецца 80 на першае паўгоддзе бягучага года, гэта людзі яшчэ вытрымаюць. Але на дай Бог хоць паўдома не будзе ўведзена. І не ўздумайце мудраваць са статыстыкай і справаздачнасцю. Кожны дом будзе правераны міжведамаснай групай, якую ўзначальвае кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

 

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад усёй вертыкалі ўлады, асабліва ад старшынь райвыканкамаў, давесці да лагічнага завяршэння ўсе праблемныя будоўлі жылля. «Ёсць графікі, вызначаны адказныя. Кантралюйце выкананне прынятых абавязацельстваў, напружвайце будаўнікоў», — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.

Прэзідэнт перакананы, што з’яўленне новых дамоў са звышнарматыўнымі тэрмінамі будаўніцтва трэба лічыць надзвычайным здарэннем і трэба зрабіць усё, каб такіх выпадкаў не ўзнікала.

Кіраўнік дзяржавы ўказаў на неабходнасць большага кантролю за жыллёвым будаўніцтвам з боку мясцовых органаў улады.  Прэзідэнт запатрабаваў ад кіраўнікоў на месцах удзяляць больш пільную ўвагу жыллёваму будаўніцтву. Паводле яго слоў, міжведамасная рабочая група падрыхтавала па выніках работы цэлы «альбом», каб любы чалавек, нават не спецыяліст, разумеў, з чаго пачынаць будаўніцтва і як яго завяршыць. З аднаго боку, на думку Прэзідэнта, гэты «альбом» будзе дапамагаць мясцовым уладам, паколькі не трэба нічога выдумляць, а проста выконваць напісанае ў ім. «З іншага боку, ніякіх нікому альбомаў не трэба. Старшыні рай-, гар-, аблвыканкамаў будуюць у сярэднім адзін дом у год. Ці не могуць яны разабрацца з гэтым домам? — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. — А мы ім тут альбомы распісваем і вучым, як трэба будаваць».

 

Ураду Беларусі даручана ўвесці абавязковае рэзерваванне сродкаў падрадчыкаў для ўстаранення магчымых дэфектаў пры будаўніцтве.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што недастатковы кантроль на ўсіх стадыях будаўнічага працэсу выклікае ў спажыўцоў шматлікія нараканні да якасці будаўнічай прадукцыі. «У будаўніцтве павінна працаваць цэласная сістэма кантролю, а не асобныя мерапрыемствы ад выпадку да выпадку. Як ніколі важна зладжаная работа ўсіх удзельнікаў», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад падраздзяленняў Дзяржстандарта пры правядзенні экспертызы праектнай дакументацыі не прапускаць ніякага адступлення ад патрабаванняў заканадаўства: «Ніякіх паблажак, ніякай двухсэнсоўнасці. Строга вызначаць: праект адпавядае або не адпавядае патрабаванням».

Паводле слоў Прэзідэнта, галоўная задача гэтай службы — не дапускаць у праектаванні неэфектыўных тэхнічных рашэнняў,архітэктурнай празмернасці, завышэння каштарыснай вартасці. «У той жа час нельга забываць, што вы — першы фарпост на варце бяспекі  і надзейнасці ўводзімых аб’ектаў», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўным дзяржаўным кантралёрам на ўсіх этапах вытворчасці будаўніча-мантажных работ павінен стаць Дзяржаўны будаўнічы нагляд.

«Адначасова з усім гэтым трэба істотна павысіць і адказнасць інспектараў. За недагляд будзем патрабаваць па поўнай!», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

 

Паводле яго слоў, карупцыя з’яўляецца адной з вострых праблем будаўнічай галіны. «Не адзінкавымі з’яўляюцца факты, калі службовыя асобы бяруць хабар за паспяховае вырашэнне пытанняў заключэння дагавораў падраду, падпісання актаў выкананых, а дакладней нявыкананых, работ», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка і прывёў некалькі такіх прыкладаў.

Паводле яго слоў, хабарніцтва, злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі былі выяўлены  ва ўсіх рэгіёнах краіны. «Абураюць як самі гэтыя з’явы, так і тое, што прыцягненне да адказнасці вінаватых і ўстанаўленне справядлівасці часта запазняюцца.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб няўхільна выконваўся прынцып: калі ўзяў грошы ў людзей і не пабудаваў дом, павінен адказаць па поўнай. «У кола адказных павінны быць уключаны не толькі непасрэдна выканаўцы, але і тыя, хто ствараў умовы для крадзяжу. Прыцягваць да адказнасці трэба, нягледзячы на асобы, аж да самых высокіх чыноўнікаў», — перакананы Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад МУС, КДБ, пракуратуры, КДК самастойна прымаць рашэнні, не чакаючы чарговага ўмяшання з боку кіраўніка дзяржавы.

 

Аляксандр Лукашэнка патрабуе навесці парадак з размеркаваннем і выкарыстаннем зямельных участкаў у Мінску і Мінскай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нярэдка ўчасткі атрымліваюць грамадзяне і суб’екты гаспадарання, няхай і законна, але не для будаўніцтва, а для спекуляцыі — прамога або скрытага перапродажу. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу перад старшынямі райвыканкамаў і губернатарамі забараніць любое адчужэнне ўчастка да таго часу, пакуль уласнік або арандатар не зробіць тое, для чаго зямля была прадастаўлена, будзе гэта будаўніцтва дома ці кафэ, аўтастаянкі або арганізацыя вытворчасці.

Прэзідэнт запатрабаваў навесці парадак з размеркаваннем і выкарыстаннем зямельных участкаў. «Механізм павінен працаваць як гадзіннік», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 

У Беларусі будзе распрацаваны і зацверджаны тыпавы дагавор, які павінен заключацца паміж грамадзянамі і забудоўшчыкамі пры будаўніцтве жылля. Адпаведнае даручэнне ўраду і Вярхоўнаму суду даў Прэзідэнт Беларусі.  Паводле яго слоў, у гэтым дагаворы ў абавязковым парадку трэба прадугледзець строгія абавязацельствы бакоў па фінансаванню, тэрмінах і якасці будаўніцтва.

«Толькі тыя арганізацыі, якія пабудавалі не менш як 15 працэнтаў аб’екта (мінімум — цокаль, першы, другі паверхі), маюць права прыцягваць сродкі фізічных асоб для далейшага будаўніцтва жылля», — сказаў Прэзідэнт і запатрабаваў забяспечыць строгае выкананне гэтага правіла. Акрамя таго, Нацыянальны банк павінен забяспечыць асаблівы рэжым рахункаў, на якіх накопліваюцца такія сродкі, і абавязкова кантраляваць іх мэтавае выкарыстанне. «Каб усе грошы ішлі менавіта туды, куды яны прызначаліся, — на будаўніцтва жылля. І бралася грошай з грамадзян менавіта столькі, колькі трэба для рытмічнага будаўніцтва», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ўвесці ў Беларусі кантроль допуску арганізацый і спецыялістаў на рынак будаўнічых паслуг.

У гэтым годзе Дзяржбуднагляд праверыў 10,5 тыс. будуемых аб’ектаў, з якіх дэфекты, брак і парушэнні выяўлены на 6,5 тыс., або 62 працэнтах. У гэтым плане Прэзідэнт згадаў міжнародную практыку, дзе існуе жорсткі кантроль за допускам арганізацый на будаўнічы рынак. У аснову пакладзены прынцып пацвярджэння арганізацыяй наяўнасці ў яе кампетэнтнага персаналу, сістэм кантролю і кіравання якасцю.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходны больш строгі і больш адрасны інструмент стымулявання павышэння кваліфікацыі, навучання персаналу, удасканалення тэхнічнага забеспячэння. «Гэта таксама дапаможа нам узбуйніць праектныя і падрадныя арганізацыі. Відавочна, што зусім дробныя арганізацыі не змогуць адпавядаць узросшым патрабаванням і замахвацца на тое, што ім не па зубах», — лічыць беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што функцыя заказчыка з’яўляецца ключавой у будаўніцтве. «Але, як аказалася, і тут шмат разгільдзяйства. Часта бяруцца будаваць тыя, хто па сутнасці нічога не разумее ў будаўніцтве. Таму даручаю ўраду фармалізаваць патрабаванні да заказчыка, пашырыць яго функцыі, і асабліва тыя, што датычацца тэхнічнага нагляду», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

 

Што датычыцца спецыялістаў, якія ажыццяўляюць тэхнічны нагляд, то ім, паводле слоў Прэзідэнта, трэба правяраць усё — ад наяўнасці належным чынам аформленай дакументацыі да якасці і колькасці выкананых работ. «Гэта павінны быць лепшыя спецыялісты. Значыць, трэба вырашыць задачы і па аплаце іх працы, і па прафесійнай падрыхтоўцы, і па падборы людзей па адпаведных маральных якасцях», — сказаў ён.

«Яшчэ больш абуральна, калі спецыяльна створаныя арганізацыя праяўляюць некампетэнтнасць», — прадоўжыў беларускі лідар. «Такія непарадкі неабходна спыняць. Заказчыкамі павінны быць прафесійна атэставаныя арганізацыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 

Прэзідэнт Беларусі не зусім задаволены існуючай сістэмай работы з кіруючымі кадрамі.

«Усё часцей на дзяржслужбу трапляюць не тыя, якія павінны там быць, якія баяцца або не хочуць праяўляць ініцыятыву, самастойна прымаць рашэнні і несці адказнасць за вынік. Трэба прынцыпова разабрацца, у чым корань праблемы. Ці не прыйдзем мы да закасцянелага, забюракратызаванага дзяржапарата, які будзе перашкаджаць нашаму развіццю?» — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў прысутных, якія ў іх прапановы, як прыцягнуць на дзяржслужбу найбольш аўтарытэтных, таленавітых, творчых людзей. Ён падкрэсліў, што даручаў ураду, Адміністрацыі Прэзідэнта вызначыць механізм стымулявання кіраўнікоў у залежнасці ад выканання прагнозных паказчыкаў. «Ці гатовы вы сёння далажыць свае прапановы на гэты конт», — спытаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў далажыць, як паўплывала праведзеная аптымізацыя дзяржапарату на яго работу, ці стала лепш і, калі не, то па якіх прычынах.

 

Разам з тым Прэзідэнт лічыць, што выбудаваная ў Беларусі сістэма работы з кадрамі сябе апраўдала, сярод кіраўнікоў усіх узроўняў нямала сапраўдных кіраўнікоў, прафесіяналаў сваёй справы, якія шчыра любяць Радзіму і імкнуцца зрабіць яе лепшай.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *