У КОНКУРСЕ «НАСТАЎНІК ГОДА» — СЯМЁРА ПЕРАМОЖЦАЎ

Общество

Тры дні хваляванняў і перажыванняў, творчасці і прадстаўлення адметнасцяў уласнай педагагічнай дзейнасці… Тры дні, калі ўдзельнікі сёлетняга раённага конкурсу педагагічнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» у пэўным сэнсе адчулі сябе… дзецьмі. Бо гэтак жа, як і іх выхаванцы, атрымлівалі ад кампетэнтнага журы адзнакі-балы. Для кагосьці гэтыя дні цягнуліся доўга-доўга, а для кагосьці — прамільгнулі з рэактыўнай хуткасцю. І вось ужо ўсё скончылася, але сэрцы, душы і думкі яшчэ поўняцца ўспамінамі. І самы час прыгадаць, як усё адбывалася…

… Пасля заканчэння арганізацыйных момантаў (праверкі падключэння ноўтбукаў з прэзентацыямі, перакід прэзентацый з флэшак і г.д.) старт конкурсу дала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Анжэла Мікалаеўна РЫМАШЭЎСКАЯ. Прывітаўшы ўдзельнікаў, гасцей, групы падтрымкі, калег з журы, яна зазначыла:

— Кажуць, што добры будаўнік ніколі не эканоміць на падмурку. І сёння мы можам гаварыць, што падмуркам сістэмы адукацыі нашага раёна з’яўляюцца вопытныя і творчыя педагогі. Іх, удзельнікаў конкурсу, я і хачу запрасіць на гэтую сцэну. Атмасфера мерапрыемства ў нас творчая, гэта ўжо адчуваецца па рэакцыі залы. Усім вам, шаноўныя настаўнікі, я жадаю творчасці, крэатыўных знаходак, прафесіяналізму, моцнага здароўя. Няхай заўсёды будуць з вамі Вера, Надзея, Любоў!

Цярпення, мудрасці, удачы шчыра пажадала ўсім і загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Аляксандраўна ЛОСІК. Яна ж распавяла і пра парадак конкурсу.

Перад яго пачаткам кожны ўдзельнік атрымаў папку. А там сярод іншага знаходзіліся жэтончыкі з лічбамі — парадкавым нумарам выступлення. Захоўваючы яго і выходзілі на сцэну канкурсанты. Адны альбо з групамі падтрымкі, з рэквізітам, дэкарацыямі і без… І чаго тут толькі ні было!

Кранальныя і ўзнёслыя аповеды пра сябе ў вершах вядомых, уласнага сачынення і прозе на фоне шчымлівых мелодый, выкананне песень вядомых і таленавіта пераробленых… Нават рэп! Танцы такія, што і гледачам хацелася кінуцца ў скокі пад яркія рытмы! Прыгожая прытча пра садоўніка і кветкі з інсцэніроўкай (на здымку), спецыяльныя выпускі тэлеперадач і нават расследаванне з допытам… Прытча з ілюстрацыяй выцінанкамі на экране, шыкоўная інсцэніроўка казкі — з печчу, «конікам» і цмокам трохгаловым (на новы лад), прадстаўленне канкурсантаў калегамі, дзецьмі, бацькамі… Словам, такая разнастайнасць талентаў, што заставалася толькі гучна ім апладзіраваць.

Нялёгка падчас гэтага этапу конкурсу даводзілася журы. Зрэшты, як і падчас іншых… А гэта — прэзентацыя сістэмы ўласнай педагагічнай дзейнасці — са сцэны і здадзеная ў пісьмовым выглядзе, дзе ацэньвалася яшчэ і арыгінальнасць афармлення. А самае галоўнае, канешне, — гэта адкрытыя ўрокі ў незнаёмым класе незнаёмай школы, дзе трэба было паспець наладзіць кантакт з дзецьмі, навучыць іх чамусьці новаму, выклікаць на супрацоўніцтва і актыўнасць, напоўніцу раскрыцца як таленавітаму педагогу…

Між іншым, паралельна з настаўніцкім у рамках конкурсу ішло і творчае спаборніцтва работнікаў дашкольных устаноў, у якім узялі ўдзел  кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада №2 г.Чэрвеня Іна Віктараўна Драбеня, выхавальнікі Кацярына Уладзіміраўна Шкурко (яслі-сад №1 г.п.Смілавічы), Людміла Мікалаеўна Корзун (яслі-сад №2 г.п.Смілавічы), Алёна Мікалаеўна Гаўрук (Запольскія яслі-сад) і Вера Генадзьеўна Цыбульская (яслі-сад №3 г.Чэрвеня). Этапы конкурсу для іх былі такімі ж, толькі яны давалі замест адкрытых урокаў адкрытыя заняткі — у незнаёмай групе незнаёмай дашкольнай установы.

Такім чынам, у раённым конкурсе педагагічнага майстэрства ўдзельнічалі 22 педагогі. Лепшых вызначалі ў сямі намінацыях. І вось прозвішчы сёлетніх пераможцаў.

У намінацыі «Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка» лепшай названа настаўніца матэматыкі СШ №1 г.п.Смілавічы Ніна Віктараўна ПЯТКЕВІЧ,  у намінацыі «Замежная мова» — настаўніца англійскай мовы гімназіі №1 г.Чэрвеня Вольга Анатольеўна ЧАРНАВЕЦ, у намінацыі «Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура» — настаўніца роднай мовы і літаратуры СШ №4 г.Чэрвеня Алена Пятроўна ШАПЯЛЕВІЧ, у намінацыі «Пачатковыя класы» — настаўніца СШ №4 г.Чэрвеня Вольга Уладзіміраўна ПАДГАЙНАЯ, у намінацыі «Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка» — выкладчыца выяўленчага мастацтва Запольскай СШ Людміла Рышардаўна ЦІТОВА, у намінацыі «Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія» — настаўнік геаграфіі, біялогіі і хіміі Раваніцкага дзіцячага сада-СШ Мікалай Мікалаевіч ТАЛКАЧОЎ і ў намінацыі «Выхавальнік дашкольнай адукацыі» — выхавальніца ясляў-сада №2 г.п.Смілавічы Людміла Мікалаеўна КОРЗУН.

Паколькі па новым палажэнні ўсе этапы рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года» праходзяць з гэтага года па намінацыях, дык і на вобласці наш раён прадставяць сямёра названых пераможцаў. Плануецца, што абласны конкурс пройдзе з 17 па 21 сакавіка 2014 года на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. А ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага этапу пройдзе на бліжэйшым савеце аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *