«БУДАЎНІК»: ДЗВЕ ПЕРАМОГІ І НІЧЫЯ НА СТАРЦЕ

Спорт

Каманда «Будаўнік» (Чэрвень) паспяхова стартавала ў чэмпіянаце Мінска па футзале.

У першым матчы яна ўпэўнена перайграла «Дынас» з Докшыцаў — 6:2. Чэрвеньцы адкрылі лік у сустрэчы на 8-й хвіліне пасля дакладнага ўдару Антона Галая. Праз дзевяць хвілін Андрэй Вашкевіч падвоіў яго. «Дынас» здолеў хутка забіць мяч у адказ, аднак яшчэ да перапынку нашы правялі прыгожую камбінацыю, якую зноў вынікова завяршыў Андрэй Вашкевіч.

У другім тайме «Будаўнік» надзейна згуляў у абароне і паспяхова — у контратацы. На трапныя «стрэлы» Антона Галая, Дзмітрыя Чыстага і Ігара Шчэрбіча сапернікі адказалі адным голам пад заслону гульні.

У наступным матчы «Будаўнік» не пакінуў шанцаў сталічнаму «Кайрасу».

Першы тайм сустрэчы прайшоў у цяжкай пазіцыйнай барацьбе і скончыўся з лікам 1:0 на карысць нашых спартсменаў: на 12-й хвіліне вызначыўся Андрэй Вашкевіч.

У пачатку другой паловы гульні дасягнуў мэты удар дэбютанта чэрвеньцаў Сяргея Качановіча — 2:0.  Неўзабаве сапернікі адквіталі адзін гол, але першая ж атака «Будаўніка» пасля разводу мяча з цэнтра поля завяршылася ўзяццем варот «Кайраса». Гол на рахунку Яўгена Шчарбакова.

У далейшым чэрвеньцы дамінавалі на пляцоўцы і ўчынілі мінчанам сапраўдны разгром. Яшчэ два галы забіў Яўген Шчарбакоў, столькі ж — Дзмітрый Чысты, па аднаму — Андрэй Вашкевіч і Мікалай Свірыдовіч. Бліскучая перамога нашай каманды  — 9:1.

У мінулую суботу сапернікам «Будаўніка» быў уздзенскі «Лайтнінгс».

У першы тайм пры роўнасці сіл на пляцоўцы чэрвеньцы здолелі двойчы забіць і пры гэтым захаваць свае вароты ў недатыкальнасці. Спачатку Дзмітрый Чысты дакладна выкінуў мяч з-за бакавой на галаву Дзянісу Трапашку, і той у адзін дотык скіраваў яго ў вароты. Затым Мікалай Свірыдовіч да канца пазмагаўся з варатаром уздзенцаў, а Вячаслаў Целяціцкі дабіў мяч, які адскочыў да яго ў выніку гэтай барацьбы — 2:0.

Пачатак другога тайма склаўся для «Будаўніка» горш не прыдумаеш: за першыя пяць яго хвілін «Лайнтінгс» здолеў параўнаць лік. Развязка гульні атрымалася нервовай. Андрэй Вашкевіч з перадачы Ігара Шчэрбіча вывеў чэрвеньцаў наперад, аднак неўзабаве суддзя прызначыў у нашы вароты пенальці за «перабор» фалоў, дзякуючы чаму каманда з Узды пазбегла паражэння — 3:3.

Такім чынам, пасля трох гульняў у актыве «Будаўніка» — сем ачкоў. Гэтымі выхаднымі чэрвеньцаў чакае матч са сталічным «ЛМЛ-ультра».

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара.

На здымку: Дзмітрый Чысты забівае гол у вароты «Кайраса».

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *