Блізкія людзі

Общество

Святлана РУДАМЁТКІНА, сацыяльны работнік:

Працую ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Васямнаццаць гадоў я ў сваёй прафесіі. Бабулькі і дзядулькі — мае падапечныя — жывуць у сямі вёсках: Замасточча, Барсукі, Кутузаўка, Бярозаўка, Вішанька, Гарадзішча, Праўда. Старыя розных узростаў, самай сталай споўнілася 88 гадоў, жыве ў Кутузаўцы. Ім прыношу ў хату дровы і ваду, купляю  прадукты і лекі. Вось і зараз: прыехала ў Чэрвень за лекамі, а ў аптэцы, так выйшла, пералік. Калі што здараецца са здароўем, першы нумар, на які тэлефануюць, мой: «Прыдзі, нешта дрэнна сябе адчуваю». Ціск памераю, урача выклікаю. Сёння прыйшлося на Гарадзішча выклікаць лекара: адной з падапечных стала дрэнна. Хвалюешся за ўсіх, бо блізкія людзі.

Дадому не спяшаюся, бо свае дзеці дарослыя: дачка і сын працуюць у Чэрвені і Валевачах. Падаравалі мне шасцёра ўнукаў. Таму магу і ў сем, і ў восем гадзін вечара вярнуцца з працы.

У мяне 14 падапечных, да кожнага неабходна аднесціся з належнай увагай. Яны гэтага заслугоўваюць. Завітваю да іх двойчы на тыдзень, працую па графіку, каб ні пра каго не забыць, усім аказаць патрэбную ў іх узросце дапамогу. Магчыма аформіць і трэцяе наведванне. Бабулькі з Гарадзішча ўсё просяць: «Можа, ты будзеш заходзіць да нас тройчы на тыдзень?». Неабходна будзе вырашыць гэта пытанне.

Бабулькі і дзядулькі вельмі харошыя (у Замасточчы адна доўгі час сябравала з маёй маці). Пра ўсё сваё жыццё мне расказваюць: завіхаюся, а яны распавядаюць, як час бавяць, якія навіны па вёсцы ходзяць. Любяць раіцца са мной.  Пытанні ад іх розныя паступаюць. Пенсіяй цікавяцца, просяць: «Света, патэлефануй  куды трэба — даведайся, ці ёсць мне надбаўка, бо 75 гадоў усё ж такі споўнілася».

Сваякі да іх завітваюць па выхадных, а калі — і цераз. Летам прыязджаюць часта, а вось зімой старым кепска: дарогі замятае, да вёсак сваякам цяжка дабрацца, не пераадолець высокія сумёты. Тады я дапамагаю бабулькам і дзядулькам снег прыбіраць з двароў.

Калі просяць у выхадныя (у чаканні дзяцей, якія павінны са дня на дзень завітаць) пыл выцерці, падлогу падмесці, вокнамі заняцца — як ім адмовіць?

Сярод вёсак, якія я абслугоўваю, Гарадзішча раней не было. Прыехала туды першы раз — так мне бабулькі тыя спадабаліся. Такія гаваркія. Дабірацца да Гарадзішча зручна, аўтобус ходзіць. А з Замасточча (я там жыву) да Вішанькі — толькі пешшу альбо на веласіпедзе, кіламетры чатыры будзе. Нават узімку (калі зімы цёплыя, не вельмі снежныя — добрыя) не кідаю веласіпеда. Мне лёгка, нават калі дарога нячышчаная. У мінулым годзе дык думала на лыжы станавіцца, каб дабрацца да падапечных.

Перад тым, як пайсці сацыяльным работнікам, працавала ў гандлі, у магазіне Райспажыўтаварыства. Бабулькі прыходзяць па хлеб-малако (памятаю адну з Барсукоў, на кіёчак абапіралася), да хаты цяжка данесці прадукты, просіш каго: «Дапамажы ёй, у цябе ж машына, завязі торбы».

Пайшоўшы з гандлю, надумала стаць сацыяльным работнікам. Мне падабаецца дапамагаць людзям, і старых я шкадую. Раней у вёсцы Вішанька бабулька жыла. Я ёй гліны накапаю і печ рабіць дапамагаю (я скончыла будаўнічае вучылішча). Шкада мне яе было: сядзіць — распальвае буржуйку. Як так ёй было пражыць? Такія адносіны да старых — мая маральная норма.

Дапаможаш чалавеку — і жыць становіцца цікавей.  Іншы раз якая скажа: «Ты мне толькі вады прынясі, лепш раскажы ты мне вось пра што…». Да клубаў далёка, вёска становіцца пустой, 5-6 хат застаецца на зямлі. Адна забава ў жыхароў — шчырая размова. У маіх бабулек галасы добрыя, пеўчыя, аднак далёка ад клубаў жывуць. А раней, калі клуб яшчэ быў і мая сястра была яго загадчыцай, ездзілі выступаць па вёсках — у Рудню, Раванічы…

Усе яны мне сталі сябрамі і сваякамі. І я ганаруся тым, что маім старым яшчэ магу чым дапамагчы.

 

Занатавала Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *