СПРАВАЗДАЧУ ТРЫМАЛА РАЁННАЯ ПАРТЫЙНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ

Официально

На мінулым тыдні  адбыўся справаздачна-выбарчы сход Чэрвеньскай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, на парадак дня якога было вынесена некалькі пытанняў.

Напачатку яго сакратар раённай партыйнай арганізацыі Генадзь Завадскі (на здымку) распавёў пра  семінар у Слуцку, на які былі запрошаны сакратары пярвічных і раённых партыйных арганізацый, каб пераняць вопыт работы гэтай гарадской партыйнай арганізацыі — адной з самых шматлікіх у вобласці — па наладжванню  сувязей з моладдзю, органамі ўлады, на свае вочы пабачыць дзейнасць пярвічнай партарганізацыі аднаго з сельскіх Саветаў. Затым Генадзь Анатольевіч перайшоў на размову аб рабоце і стане спраў Чэрвеньскай раённай  партарганізацыі за  два гады. У сваёй прамове ён прааналізаваў  усё, што ўдалося  зрабіць за справаздачны перыяд на працягу двух гадоў,  спыніўся  на недахопах. У прыватнасці, было адзначана, што рэгулярна  праводзіліся партыйныя сходы, на  якіх абмяркоўваліся і розныя жыццёвыя пытанні: сацыяльна-эканамічная сітуцыя ў раёне, узнімаліся пытанні культуры, патрыятычнага і духоўнага выхавання моладзі, узаемадзеяння з іншымі грамадскімі арганізацыямі, мясцовай выканаўчай уладай, з сельскімі Саветамі. На жаль, з апошнімі, па словах Генадзя Анатольевіча, не заўсёды ёсць ўзаемапаразуменне, таксама як  і з раённай арганізацыяй БРСМ. У якасці станоўчага прыкладу прывёў  актыўную работу членаў партыі падчас Прэзідэнцкіх  выбараў,   у мясцовыя  Саветы дэпутатаў, Парламент краіны,  з ветэранскімі арганізацыямі горада і раёна.

Між тым, па словах сакратара партарганізацыі, не на належным ўзроўні праводзілася на працягу апошніх гадоў работа па павелічэнню партыйных радоў, падпісцы на партыйныя выданні, зборы членскіх узносаў. Іншы раз былі праблемы і з дысцыплінай, выкананнем патрабаванняў Статута.  Дыскусія, якая разгарнулася  пасля выступлення дакладчыка і доўжылася на працягу амаль  двух гадзін, засведчыла аб актыўнасці ўсіх партыйцаў, іх неабыякавым падыходзе да важных праблем раёна. Яны тычыліся  матэрыяльнага дабрабыту жыхароў,  адносін з прадстаўнікамі мясцовай улады,  сітуацыі ў сельскай гаспадарцы, сацыяльнай сферы. Кожны выступаючы, акрамя ацэнкі работы партыйнай арганізацыі за справаздачны перыяд, уносіў свае прапановы, меркаванні  па ўдасканальванню і эфектыўнасці партыйнай работы. Напрыклад, Анатоль Кулік прапанаваў у мэтах павелічэння  партыйных радоў пашырыць сферу ўплыву  сярод дэпутацкага корпусу,  актывізаваць работу з моладдзю. «Сення трэба далучаць маладых людзей да партыйнай работы, выяўляць сярод іх лідэраў, — сказаў ён. — Упэўнены, яны ёсць. І наша задача іх знайсці». Таксама ён прапанаваў больш актыўна працаваць у калектывах, праводзіць прапагандысцкую работу сярод людзей па падтрымцы палітыкі Прэзідэнта і ўрада.

А.І.Лапатка, былы старшыня райвыканкама, абмяркоўваючы работу раённай партыйнай арганізацыі за мінулыя гады, падзякваў усім членам партыі за іх вытрымку, цярпенне,  актыўную жыццёвую пазіцыю, за тое, што, нягледзячы на цяжкія моманты, непаразуменні ў грамадстве, усе засталіся ў радах партыі і сумеснымі намаганнямі  вырашалі праблемы раёна.

Словы ўдзячнасці за работу ў справаздачным перыядзе сакратару партарганізацыі Генадзю Завадскаму і яго намесніку Івану Ладуцьку выказалі  Іван Макейчык, Яўген Мшар, сакратар пярвічнай партарганізацыі Мікалай Яфімчык,  член бюро Мінскага абкома КПБ Аляксандр Балоцін, які прыняў  удзел у рабоце схода і ўручыў  ад абласной партыйнай арганізацыі за добрасумленную работу  Генадзю Завадскаму  фірменны сувенір, а Івану Ладуцьку — медаль. Ён  згадзіўся з усімі выступаючымі прызнаць  работу партыйнага актыву Чэрвеньскай раённай партарганізацыі станоўчай і выказаў сваё меркаванне пашырыць кіруючы орган, выбраўшы бюро. У выніку ў  склад бюро ўвайшлі 5 чалавек — Генадзь Завадскі, Іван Ладуцька, Мікалай Яфімчык, Анатоль Кулік, Іван Цішкевіч. Узначаліў яго і Чэрвеньскую раённую арганізацыю Камуністычнай партыі Беларусі зноў  па аднагалоснай згодзе ўдзельнікаў сходу Генадзь Анатольевіч Завадскі. Яго намеснікам каторы раз абралі Івана  Фёдаравіча Ладуцьку. Таксама была створана кантрольна-рэвізійная камісія ў  складзе Анатоля Куліка, Таісіі Батраковай і Валянціна Шашэрына.

Людміла Рабецкая.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *