«УСЕ ПЯЦЬ ДЗЁН НА ТЫДЗЕНЬ ХАДЖУ НА ПРАЦУ З ЗАДАВАЛЬНЕННЕМ…»

Люди и судьбы

Алена МЯЛЕШЧЫК,

загадчыца крамы «Глобус», прадавец:

— Пачну з таго, што ў дзяцінстве мяне бацькі прывучылі чытаць. Я з кнігай засынала і прачыналася. Нават калі дарослыя сварыліся, што дзіця  дужа шмат чытае, я хавала кнігу пад падушку і чытала пад коўдрай! А яшчэ мне падабалася наведваць дзіцячую бібліятэку. Прыйду туды, сяджу-сяджу… Пакуль мяне ні выганяць…

Натуральна, што напачатку я хацела паступаць у бібліятэчны тэхнікум. Але мяне адгаварылі. У выніку па мэтавым накіраванні паступіла ў Мінскі кааператыўны тэхнікум, але — на кніжнае аддзяленне. Адразу пасля размеркавання я і працавала ў чэрвеньскай краме «Кнігі». Думаю, многія памятаюць такую.

Напачатку яна сапраўды была цалкам кніжнай. Там мая мара спраўдзілася — я ўвесь час была з кнігай!

Затым, калі на кнігі знізіўся попыт, у краму пачалі дадаваць рознае — гаспадарчыя тавары, парфуму… Зрабілі такі ўніверсам. Пасля крама атрымала назву «Бярозка». Пэўны час размяшчаўся  і «Дзіцячы свет», у якім кнігі і канцтавары займалі адзін невялікі аддзел. У «Бярозцы» я з прадаўца дарасла да загадчыцы. Загадчыцай жа і прыйшла ў «Глобус» — у будынак, дзе калісьці размяшчалася крама «Хлеб».

Працую прадаўцом ужо 25 гадоў. Люблю мець стасункі з людзьмі. І ўсе пяць дзён на тыдзень на працу хаджу з задавальненнем! Мне падабаецца мая прафесія. Я задаволена, што калісьці яе абрала і што па жыцці сапраўды — з кнігамі. На іх мы самі перадаём заяўкі, прымаем і папярэднія заказы ад наведвальнікаў. Прывозім, у асноўным, тое, пра што пытаюцца, тое, што карыстаецца попытам, каб яно не залежвалася на паліцах.

Увогуле, калі мы атрымліваем кнігі, у мяне такая радасць! Вось мая напарніца, таксама Лена, радуецца, калі прывозяць канцтавары, любіць іх выкладваць. А я — кнігі. У мяне тады — свята на душы і на сэрцы!

Канешне, не ўсё так бязвоблачна ў жыцці і на працы, як можа здавацца на першы погляд. Бываюць розныя сітуацыі, калі ў самой дрэнна на душы. Але я стараюся гэтага не паказваць. Бывае, што пакупнікі злуюцца, выказваюць незадавальненне, асабліва, калі тавару якога няма. Прэтэнзіі выказваюць прадаўцам. Хаця, у большай ступені, гэта не ад нас залежыць. Але ж не будзеш кожнаму тлумачыць… Стараемся з людзьмі абыходзіцца, як належыць.

Мая мара — працаваць у краме, якая прадае толькі кнігі. Але я разумею, што зараз гэта зрабіць нерэальна. Яна не будзе карыстацца належнай папулярнасцю, бо ёсць бібліятэкі, кнігі па перасылцы… У рэшце рэшт, электронныя ў інтэрнэце…

Калі еду ў Мінску ў метро і бачу, што людзі чытаюць кнігі, мне так прыемна… Вельмі паважаю такіх! А яшчэ падабаецца, калі ў нашу краму «Глобус» прыходзяць дарослыя з дзеткамі, выбіраюць кнігі з імі і для іх. У мяне ўжо ёсць унучка. Я яе таксама буду прыахвочваць да чытання, калі падрасце. Цяпер яна яшчэ зусім маленькая, але кніжак ёй я накупляла ўжо…

Дарэчы, дачка Насця — таксама прадавец, заканчвала тую ж навучальную ўстанову. Толькі пры мне гэта быў тэхнікум, а зараз — каледж. Праўда, Насця мала папрацавала да дэкрэтнага, гандлявала сувенірамі.

Так атрымалася, што ў нас — дынастыя. Мая мама, Капанец Жанна Ягораўна, працавала ў краме №2. Думаю, яе памятаюць многія ў Чэрвені. На жаль, мамы ўжо няма… Як і крамы ў тым выглядзе. А мама як прыйшла на працу ў Чэрвеньскае райспажыўтаварыства, так да самай пенсіі і рабіла.

Бывала, іду са школы — і заходжу да мамы на працу. Яна кажа: «Мы там не спраўляемся… Выставі, Лена, ліманад!» Зраблю, што скажуць, мяне пахваляць — і я пабегла дахаты. Так што з прафесіяй прадаўца таксама знаёма з дзяцінства. І гонар у мяне не толькі за яе, але і за нашу дынастыю!

Прыемныя моманты — гэта калі людзі дзякуюць. Вось прыйшла заказаная кніга, тэлефануем чалавеку: «Прыходзьце, калі ласка…» — «Ой, дзякуй вялікі!» Нам прыемна, калі людзям прыемна. Ну, і калі выручка атрымліваецца большай, таксама радасна — гэта ж наш заробак…

Дарэчы, настрой пакупніка, лічу, у многім залежыць ад прадаўца, ад таго, як ён абслугоўвае. Для нас дзякаваць людзям за пакупку — таксама добры тон. І наведвальнікі тады пачынаюць ставіцца па-іншаму. Я, калі заходжу ў Мінску ў крамы, часта чую ад прадаўцоў: «Дзякуй за пакупку!» Сапраўды, мне як пакупніку прыемна, настрой паляпшаецца. Я таксама стараюся адпавядаць…

Думаю, што прадавец, як настаўнік альбо ўрач, гэтаксама павінен прыходзіць у сваю прафесію па прызванні. І ў гэтым — залог паспяховай працы, задавальнення ад яе. Яшчэ прадавец абавязкова павінен быць ветлівым, ні ў якім разе не адказваць грубасцю на грубасць, які б пакупнік ні быў і як бы сябе ні паводзіў…

Занатавала Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *