ДЗЕСЯЦІГАДОВЫ ЮБІЛЕЙ АДЗНАЧЫЛІ РАЗАМ!

Общество

На мінулым тыдні ў Чэрвеньскім раённым цэнтры культуры і адпачынку было мнагалюдна і весела. З нагоды дзесяцігоддзя з дня нараджэння ДУ «Чэрвеньскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» ладзілі ўрачыстасць.

У файе цэнтра культуры і адпачынку можна было пабачыць выстаўку работ тых, хто наведвае пункты тэрытарыяльнага Цэнтра ў Чэрвені, і вёсцы Рудня. Тут былі прадстаўлены арыгінальныя, дзівоснай прыгажосці ручныя вырабы з самых розных матэрыялаў.

Прывітальнымі словамі канцэрт адкрыла дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла ШАРКОВА. У яе словах пра работу гэтага калектыву было шмат цеплыні, любві да людзей. Людміла Генадзьеўна павіншавала сваіх калег і падзякавала ім за самаадданую, старанную працу. Таксама не абмінула словамі падзякі і мецэнатаў, якія шмат дапамаглі ў развіцці Цэнтра.

Віншавалі таксама старшыня Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна ТАРАСІК, кіраўнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Чэрвеньскага райвыканкама Алена КАЛТОВІЧ, дырэктар Чэрвеньскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для дарослых Уладзімір СЕМІЖОН і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства. Таксама выступалі ветэраны ў гэтай галіне — Міхаіл САМЕЦ, Яніна СІДАРЭНКА.

Атрымаць граматы і лісты падзякі на сцэну запрашаліся тыя, хто адзначыўся поспехамі і стараннямі ў працы. Сярод іх: Анатоль КРАЎЧАНКА, Нэлі ГАНЧАРОВА, Людміла КУРЫЛЕНКА, Галіна КАРБУК, Святлана ЖУК, Лізавета МЯШКОВА, Алена АЛЕКСАНДРОВІЧ, Галіна МАРКОЎСКАЯ, Вольга ХУРС, Ірына ЮДО, Надзея ГУРЫНОВІЧ, Таццяна ЗЫЛЬ, Таццяна МАКСІМЕНКА, Ірына Мірановіч і іншыя. Акрамя гэтага, яны атрымалі грашовыя прэміі.

На мерапрыемстве з дапамогай відэапрэзентацыі і агучвання расказалі пра тое, з чаго пачыналася праца Цэнтра, якія перажывалі цяжкасці за гэтыя дзесяць год, якія мелі поспехі, пра асаблівасці і адметнасці працы сацыяльных работнікаў… Дарэчы, у Чэрвеньскім раёне на сённяшні дзень існуе і функцыянуе такі від сацыяльнага абслугоўвання, як гасцявая сям’я. Яго сэнс заключаецца ў тым, што адзінокага пажылога чалавека бяруць у сям’ю і даглядаюць. Наталля МАНУЛІК з вёскі Велікаполле мае дачыненне да гэтага віда паслугі. Не ва ўсіх яе ўчынак атрымаў адабрэнне, але сама Наталля лічыць гэта сваім чалавечым абявязкам.

Мерапрыемства завяршылася змястоўнай канцэртнай праграмай з удзелам мясцовых артыстаў.

 

Кацярына ШУМКО.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *