«З ЯКІМ НАСТРОЕМ ВЫ СУСТРАКАЕЦЕ ГЭТУЮ ЗІМУ?»

Общество

Сёлетняя зіма абазначыла свой прыход напрыканцы лістапада даволі-такі далікатна. Мокры сняжок, затым сухі і — зноў мокры, ды яшчэ ўперамешку з дажджом… Лёгкі марозік, а тады зноў вада… Моцны вецер і павольныя хвалі паветра… І мы нават не ведалі, як успрымаць гэтае надвор’е, — ці то восеньскім, ці ўсё ж зімовым. Па ўсім бачна, крыху разгубілася і Прырода… З-пад танюсенькага слою снегу з цікаўнасцю вызіраюць апошнія не змерзлыя яшчэ кветкі і — ярка-зялёная траўка. Але  заўтра да нас з першым снежня завітае зіма каляндарная. А гэта — добрая нагода, каб спытацца ў нашых чытачоў: «З ЯКІМ НАСТРОЕМ ВЫ СУСТРАКАЕЦЕ ГЭТУЮ ЗІМУ?»

Валянціна КРАСОЎСКАЯ, паштарка:

— Памятаеце, як спяваецца ў вядомай песні? «У природы нет плохой погоды, каждая погода — благодать…» І я па роду сваёй прафесіі і складу характару гэтак жа стаўлюся да ўсіх пораў года, у тым ліку і да зімы. Сустракаю яе з аптымізмам і спадзяваннем на лепшае. Узімку імкнуся гэтак жа добра абслугоўваць падпісчыкаў. Пенсіянерам прыношу пенсіі, газеты. Многія з задавальненнем выпісваюць «раёнку», любяць яе, замаўляюць падпісныя квіткі. Паколькі я жыву на Мірным, дык на працу хаджу праз лесапарк. Звычайна нават пасля снегападу людзі пратоптваюць там сцежкі, так што праблем у гэтым плане няма. Толькі калі дужа ўжо занясе, тады даводзіцца ісці ў абход, уздоўж шашы. А яшчэ ж і Наталля Жданок прыбірае лесапарк, у тым ліку і ўзімку наводзіць парадак. Звычайна іду на працу і бачу, як яна шчыруе. З душой да сваёй справы ставіцца. А яшчэ я спадзяюся, што гэтая зіма будзе лягчэйшай і што ніякіх «хаўераў» да нас не прыляціць. Але як будзе, так будзе. Галоўнае — не губляць аптымізму ў любой сітуацыі…

Жанна КРУК, бібліятэкар:

— Увогуле, для мяне ўсе поры года цудоўныя па-свойму, у кожнай ёсць свая прывабнасць, свае плюсы і мінусы. І неяк так складваецца па жыцці, што перавагі я не аддаю ніводнай. Ну, а сёлетнюю зіму сустракаю з пазітыўным настроем. І спадзяюся, што яна будзе цудоўнай! Гэтая пара года для мяне — якоесьці чараўніцтва, маленькі цуд. Недарэмна на яе прыпадае і любімае ўсімі свята — Новы год. Магчыма, менавіта гэтай зімой спраўдзіцца тое, чаго я не чакаю. Калі ж і змены адбудуцца, дык няхай толькі добрыя! А настрою мне ўзімку дадаюць вялікія снегапады. Вельмі падабаюцца! Прычым люблю не толькі назіраць за імі з-за шкла, знаходзячыся ў памяшканні, але і прайсціся, думаючы пра штосьці прыемнае. Гэта так рамантычна…

Юлія ШЧЭРБА, прадавец:

— Асабіста ў мяне асацыяцыя са словам «зіма» толькі адна — «холад». Які тут настрой, калі ўвесь гандаль, лічы, на вуліцы?! Але, тым не менш, у любое надвор’е працую, і ўзімку, вядома, таксама. Ужо восем гадоў!  Галоўнае — цёпла апранацца і абуваць валёнкі. Ну, а зіма ёсць зіма, нікуды ад яе не дзенешся. Не намі ж поры года прыдуманыя… І хаця зараз надвор’е не прадкажаш і яго не закажаш, усё ж хочацца, каб не было вялікіх маразоў і снежных заносаў гэтай зімой. А мая любімая пара года — восень! Толькі не дажджлівая, а мяккая і цёплая. Зрэшты, узімку таксама бываюць прыгожыя дні, якія неяк міраць нават з холадам… Як і цудоўныя святы, калі на прылаўку ў мяне — шмат прыгожых рэчаў. І людзі ахвотна іх купляюць, каб парадаваць сябе, дзяцей, родных… Ну, а святочны настрой пакупнікоў перадаецца і прадаўцу…

Зінаіда РАЧЫЦКАЯ, аператар электроннага набору і вёрсткі:

— Любую зіму я сустракаю з добрым настроем. Зрэшты, як і любую пару года. У адну больш працуем, у тым ліку і на сваіх падворках, участках, агародах ды кветніках, у другую — больш адпачываем… Відаць, калі б не было іх змены, дык мы б сумавалі, не ведалі, чым заняцца… Думаю, не я першая заўважыла, што кожны сезон добры па-свойму. Але калі нават штосьці і адбываецца, скажам так, незапланаванае ў прыродзе, асабліва на настрой яно не ўздзейнічае. Хаця добрае надвор’е, канешне ж, прыемнае для душы і сэрца ўдвая.  Хацелася б толькі, каб на працы было цяплей, асабліва ўзімку. Зрэшты, грэемся тут жартамі і смехам… А зіма гэтая няхай бы выпала добрая, прыгожая і… сухая. З сухім снегам і не дужа моцнымі маразамі. Але ў любым выпадку адносіны да яе з майго боку толькі станоўчыя…

Распытвала і занатоўвала

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *