ЦІКАЎНЫ, АКТЫЎНЫ, НЯЎРЫМСЛІВЫ…

Общество

Чалавек, пра якога пойдзе гаворка ў гэтым аповедзе, у сваім жыцці імкнецца як мага больш павандраваць па Беларусі, штосьці карыснае там пабачыць і сфатаграфаваць. А яшчэ — наведаць цікавыя выставы, паглядзець тэатральныя пастаноўкі, паслухаць выступленні гуртоў, калектываў і асобных спевакоў. Ён цікавіцца жыццём Чэрвеньшчыны, піша краязнаўчыя артыкулы і караценькія жыццёвыя гісторыі, якія друкуюцца ў «Раённым весніку». Гэта — шаноўны чытач «раёнкі» і бібліятэкі Уладзімір Георгіевіч Дарагуж.

Яго любімыя літаратурныя героі — Міколка Юродзівы (драма Пушкіна «Барыс Гадуноў») і рыцар Ланцэлот (п’еса Я.Шварца «Дракон»). Калі б яму давялося жыць на бязлюдным востраве, дык узяў бы з сабою анталогію беларускай паэзіі 20 стагоддзя «Краса і сіла». У сваіх сябрах Уладзімір Дарагуж цэніць сумленнасць. Самае найвялікшае яго дасягненне (па ўласным прызнанні) — двое дзяцей. Для поўнага шчасця не хапае здароўя і маладосці. А галоўны яго жыццёвы дэвіз гучыць так: «Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца» (Каверын «Два капітаны»).

Уявіце сабе, што Уладзімір Георгіевіч — чытач нашай бібліятэкі з 1944-га года! А яшчэ ён шмат гадоў з’яўляецца нязменным старшынёй літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь». У яго багатая асабістая бібліятэка і цудоўная фанатэка. Ён знаёмы з многімі пісьменнікамі і кампазітарамі, можа напець ці праспяваць вядомыя песні, на памяць прачытаць вершы…

Трэба сказаць, што чалавек ён няпросты. Заўсёды эмацыянальна адстойвае свой погляд на тую ці іншую жыццёвую справу альбо падзею. Да яго меркавання ўсе абавязкова павінны прыслухоўвацца. Вельмі настойлівы! Але, нягледзячы на гэта, Уладзімір Георгіевіч Дарагуж — чалавек цікавы і цікаўны, многа ведае і многім можа падзяліцца з іншымі.

Заканчэнне гэтага года для яго выдалася юбілейным. Шчыра віншуем шаноўнага Уладзіміра Георгіевіча з адметнай датай, ад усёй душы зычым яму моцнага здароўя, даўгалецця, цярпення, бадзёрасці, аптымізму і творчых поспехаў.

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Чэрвеньскай ЦРБ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *