«ЯК ВЫ РАЗМЯРКОЎВАЕЦЕ СЯМЕЙНЫ БЮДЖЭТ?»

Общество

Алена АБРАМОВІЧ,

санітарка псіханеўралагічнага дома-інтэрната:

— Стараемся планаваць свае выдаткі на месяц. З мужам не дзелім грошы — маем агульны сямейны бюджэт. Калі атрымліваю грошы, адразу купляю самае неабходнае. Наш сын яшчэ ў школе вучыцца, а дачка ўжо ў мінскім каледжы на платным аддзяленні. Таму шмат грошай ідзе на тое, каб аплаціць вучобу, дарогу, харчаванне дачкі. Яшчэ значная частка заробку выдаткоўваецца на камунальныя і іншыя плацяжы.

Добра, што жывём у вёсцы — вялікую падмогу дае ўласная гаспадарка. Яйкі, мяса амаль не даводзіцца набываць у краме.

 

Уладзімір ПРЫСМЫЦКІ,

пенсіянер:

— Мы з жонкай ужо даўно на пенсіі. «Агульнай касай» распараджаецца жонка, выдае мне пэўную суму, і я іду за патрэбнымі прадуктамі.  «Закупляюся» па меры неабходнасці.

Асноўная частка пенсіі ідзе на прадукты харчавання.  На адзенне шмат грошай не выдаткоўваем. Многа нам нічога і не патрэбна… Стан здароўя і ўзрост такі, што нікуды не ходзім. Яшчэ нам патрэбны грошы на лекі.

Нягледзячы на тое, што жывём у цэнтры горада, маем некалькі невялікіх градак. Агародніны, праўда, вырошчваем няшмат, але нам з жонкай хапае — усё меней купляць…

У нас ёсць і дзеці, і ўнукі. Яны самастойныя, працуюць. Калі мы ім дапаможам, калі яны нам. Увогуле, хачу зазначыць, што хоць жывём мы і сціпла, без празмернай раскошы, але не сумуем. Ёсць і хлеб, і мяса, і каўбаса, і малочныя прадукты.

 

Наталля УСЦІНЧЫК,

знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку:

— …Усе пакупкі планую. Як толькі атрымоўваю грошы, размяркоўваю на дзіцячае харчаванне, адзенне і прадукты гігіены.

Закупляю прадукты, у асноўным, на месяц. Мяса замарожваю, каб прадоўжыць тэрмін захоўвання, і часта не бегаць у краму ці на рынак. Тое ж тычыцца і іншых прадуктаў, якія  доўга захоўваюцца.

Таксама абдумваю пакупку бытавой тэхнікі, адкладваю кожны месяц пэўную суму. Няма такога, каб убачыла ў краме і вырашыла, што і мне трэба гэта купіць. Заўсёды разважаю, ці так мне гэтая рэч патрэбна, каб набыць яе. Эканомлю часцей на сабе, а  дзіцяці стараюся ні ў чым не адмаўляць.

 

Пытанне задавала

Кацярына ШУМКО

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *