ЧАЛАВЕК, ЯКІ НАПІСАЎ ГІМН, І ЯГО РАСПОВЕД ПРА НЯПРОШАНЫХ СУСЕД

Общество

Анатоль Сасноўскі ў 70-х гадах мінулага стагоддзя праславіўся сярод маракоў, калі напісаў гімн, прысвечаны маракам-севастопальцам. Ад яго, былога кока Чарнаморскага флоту, а цяпер смілавіцкага пенсіянера (які працягвае працаваць у «Мінскводаканале»), можна пачуць не толькі яго лірычныя вершы, але шмат цікавых жыццёвых гісторый.

Неяк, глянуўшы ўверх на столь, падшытую вагонкай у хаце Сасноўскіх,  я спытыў, ці двайная у іх столь і ці водзяцца там мышы. Нагадаў, як нашаму добраму знаёмцу- смілавічаніну Аляксандру Халадзінскаму прыйшлося узрываць дошкі, якімі былі падшыты бэлькі двайной столі, з-за піску і валтузні мышэй і пацукоў на гарышчы. Яны адчувалі сябе гаспадарамі ў свабоднай прасторы паміж верхнім і ніжнім радамі дошак, бо каты залезці туды не маглі.

Анатоль распавёў, што ў іх таксама тварылася нешта падобнае, калі бацька падшыў бэлькі столі вагонкай. Асабліва дапякалі ноччу, бо мышы і пацукі бегалі і валтузіліся над галавой, «як коні». А кот, як ужо казаў, залезці туды не мог ніяк. Каб пазбавіцца ад гэтай напасці, раскладалі атруту.  Наеўшыся яе, хвастатыя падыхалі. Але пасля гэтага ў хаце стаяў невыносны смурод. Пакуты ад мышэй і пацукоў сям’я цярпела даволі доўга.

Калі Толік падрос, ён з малодшым братам Валікам (цяпер дацэнтам Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта), пракапалі ў бок рэчкі канаву, каб спускаць лішнюю ваду з занадта вільготнага агарода. Трэба сказаць, што агарод Сасноўскіх знаходзіцца на вельмі нізкім месцы — зусім блізка ад Волмы, таму бульба на агародзе вымакала.

На дзіва, праз які месяц пасля гэтага, мышы і пацукі перасталі дакучаць. Прычына збаўлення ад няпрошаных  хвастатых суседзяў выявілася выпадкова. Аднойчы, сонечнай раніцай, на Вялікдзень, маці пераступіла парог з кухні ў залу і ўбачыла вялікую змяю, якая грэлася ў пакоі пад сонечнымі промнямі.

— Як жа мы награшылі перад такім вялікім святам!» — ад жаху закрычала яна.

Бацька Толіка лепш разбіраўся ў змеях.

— Не пужайся, Таня. Бачыш, жоўценькія вушкі на галаве? Гэта вуж. — Пасунуў яго на шуфель венікам, затым  у кошык і занёс на рэчку.

Дык вось чаму з хаты зніклі мышы і пацукі! Як аказалася, па канаве да хаты прыплывалі вужакі. Яны праз расшчэліны запаўзалі нават на гарышча і з задавальненнем глыталі парушальнікаў спакою Сасноўскіх. Астатнія, што выратаваліся, уцяклі хто куды. Так было ліквідавана мышына — пацучынае царства на гарышчы ў хаце…

Ад заядлага рыбака, грыбніка і самадзейнага паэта са Смілавічаў Анатоля Сасноўскага можна пачуць і шмат іншых жыццёвых гісторый.

 

Уладзімір Шулякоўскі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *