АД СУСТРЭЧАЎ З ТВОРЦАМІ ЦЁПЛА НА ДУШЫ…

Общество

Сустрэчы з майстрамі слова — беларускімі паэтамі і пісьменнікамі — заўсёды запамінальныя. Яны дапамагаюць вучням далучацца да скарбніц паэзіі і прозы. А ў нашай Грабёнскай школе такія сустрэчы ўжо сталі традыцыяй. Гэтым разам у госці да вучняў і настаўнікаў завіталі сябры рэдкалегіі дзіцячага часопіса «Вясёлка».

Да іх прыезду залу ўпрыгожылі з густам, у беларускім стылі. А пачалася сустрэча з таго, што вучні ў незвычайнай форме пазнаёмілі прысутных з гісторыяй школы, яе традыцыямі, адметнасцямі сённяшнімі. Госці былі вельмі ўражаны.

Першай узяла слова беларуская пісьменніца Раіса Баравікова. Яна прачытала некалькі сваіх вершаў — пра Радзіму, родную мову, беларускую прыроду. А для вучняў малодшых класаў правяла цікавую літаратурную віктарыну.

Затым слова трымала вядомая беларуская казачніца Алена Масла. З захапленнем слухала зала яе аповед. З вуснаў так і ліліся прыгожыя беларускія казкі. Яна распавяла таксама пра свой творчы шлях і працу ў часопісе «Вясёлка».

Гучнымі апладысментамі сустрэлі прысутныя наступнага госця — дырэктара рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі дзіцячы фонд» Уладзіміра Ліпскага, які захапіў залу з першых слоў свайго выступлення. Успаміны пра ўласнае жыццё і творчасць чаргаваліся з чытаннем вершаў. Пісьменнік паведаміў, што падпісаны ўжо да друку другі нумар часопіса для дзяцей дашкольнага ўзросту і іх бацькоў «Буся», прэзентацыя якога ў хуткім часе чакаецца ў Мінску. Распавёў ён і пра фестываль гумару ў Аўцюках, які ў наступным годзе пройдзе ў восьмы раз. Праца па яго арганізацыі ўжо распачата. Падчас адмысловага выступлення Уладзіміра Ліпскага гучала і шмат жартаў, на якія зала рэагавала гучным смехам.

Вучні школы атрымалі шмат кніг ад аўтараў-гасцей у падарунак. Пасля кожнага выступлення прадстаўляліся нумары мастацкай самадзейнасці. Як вучняў, так і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці з Грабёнскага сельскага Дома культуры — Анатоля Кеды, Віктара Барысёнка і Міхаіла Елісеева. Іх выкананне беларускіх народных песень нікога не пакінула абыякавым.

На заканчэнне сустрэчы прагучалі словы падзякі ад адміністрацыі школы і захопленых гледачоў ды слухачоў з пажаданнямі новых творчых поспехаў і запрашэннем наведаць школу яшчэ не адзін раз.

Мікола БАРБУК,

вядучы мерапрыемства,

в.Грабёнка

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *